Браслаў

Пятніца, 14 Жнівень 2015 19:01 Аўтар  Паліна Грыб

Бог жыве ў кожным з нас, без выключэнняў. Менавіта Ён – галоўны сябра нашага жыцця, Які ніколі не пакіне, зразумее, падтрымае. Але нягледзячы на гэта, Бог не заклікае нас да самотнасці, да адданасці толькі Яму, да сяброўства выключна з Ім. Бог таксама асаблівым чынам благаслаўляе супольнасці: “Дзе двое ці трое збяруцца ў імя Маё, там і Я сярод іх буду”, - кажа Пан.

Нас сабралося аж дваццаць чатыры…  І паехалі мы такой кампаніяй у кірунку Браслава, і пасяліліся ў турыстычным доміку за сем кіламетраў ад горада, амаль што на беразе вельмі чыстага і цёплага возера. Здавалася б, усё вельмі добра: нехта гатуе абед, нехта гуляе ў футбол, а астатнія купаюцца ды плаваюць на лодцы. Але ж, на шчасце, надвор’е не паспрыяла такому раскладу  - тыдзень выдаўся дажджлівым. І калі ў першы дзень заезду гэта здавалася злым жартам Бога, то ў апошні мы прынялі гэта за благаслаўленне. Кожны дождж збіраў нас разам пад адным дахам і, дзякуючы гэтаму, нашы адносіны рабіліся мацней і мацней з кожным днём.

Асаблівымі момантамі яднання сталі моманты малітвы. Кожны дзень абавязковым чынам у раскладзе прысутнічала Святая Імша, а таксама канферэнцыя, дзе айцец Канстанцін разглядаў розныя біблійныя асобы, тым самым прыбліжаючы нас да людзей са Святога Пісання. Спытаеце, які гэта адпачынак, калі кожны дзень канферэнцыя? Цудоўны.

Акрамя Імшы і канферэнцыі, нашы дні былі зусім непадобныя адзін да другога: мы паспелі адведаць Браслаў, заехаць у Слабодку, правесці паўдня ў цудоўнай Друі, аглядзець краявіды браслаўскага краю з гары Маяк, а таксама ўбачыць сапраўдных мядзведзя, воўка, дзікага кабана і аленяў у нацыянальным запаведніку Браслаўскага району.

Пасля абеду, часта крыху стомленыя ад падарожжаў, мы ўсаджваліся за вялікі драўляны стол і маглі гадзінамі гуляць у Мафію (трэба сказаць, гэта справа нам настолькі спадабалася, што традыцыя жыла яшчэ напрацягу некалькіх дзён пасля нашага вяртання дадому), плавалі на лодках, пілі гарбату на тэрасе і размаўлялі адзін з адным на розныя тэмы.

Сярод гэтага ўсяго можна вылучыць яшчэ некалькі момантаў з  разраду “ніколі не забудзецца”: як плялі ружанцы а другой гадзіне ночы, як слухалі аповеды брата Іллі пра армію, як тры гадзіны глядзелі “Гладзіятара”,  як танцавалі на мокрай траве, як запускалі нябесныя ліхтарыкі на дзень нараджэння Мальвіны і Веранікі, як у пледах сустракалі світанне на гары Маяк…

Невыразную ўдзячнасць ад усёй моладзі хочацца выразіць Юлі Станчык, якая была нашай галоўнай гаспадыняй, гатавала ежу і была, так скажам, дзежурным доктарам, а таксама адным з лепшым ігракоў у Мафію і проста добрым сябрам. Вялікі дзякуй брату Іллі Саўчанку, за тое, што правёў гэты тыдзень з намі, вучыў нас плясці ружанцы, танцаваць, катаў на лодцы і проста быў тут. Без Сяргея Зелянкевіча, які амаль увесь адпачынак правёў за рулём, цяжка было б уявіць такую разнастайную праграму. І, канешне, у апошні дзень амаль усе нашы падзякі да Бога былі за айца Канстанціна, які сабраў нас разам, аб’яднаў нас, нёс нам Божае Слова і проста напрацягу сваёй службы ў нашай парафіі зрабіўся нам сапраўдным сябрам, што стала найбольш заўважна і зразумела менавіта падчас гэтага супольнага адпачынку.  

У адзін з вечароў, калі мы разам сабраліся вакол стала (нехта глядзеў тэлевізар, нехта гуляў у настольныя гульні, нехта піў гарбату, а іншыя проста размаўлялі адзін з адным), Оля Кулік павярнулася да мяне і сказала: “Глядзі, мы зараз як адна вялікая сям’я: кожны заняты сваёй справай, але ж усё роўна ніхто не ідзе па пакоях, а сядзім усе разам!”

…Зусім хутка будзе рыхтавацца да друку другі выпуск моладзевага часопіса “Разам”, толькі вось цяпер гэта “разам” будзе мець для нас зусім іншы сэнс.

Прачытана 1820 раз Апошняе змяненне Субота, 10 Кастрычнік 2015 23:18
Іншыя матэрыялы ў гэтай катэгорыі: « Росіца... Пачаўся новы навучальны год »