Пачаўся новы навучальны год

Панядзелак, 31 Жнівень 2015 09:30 Аўтар 

На якія галоўныя моманты трэба звярнуць увагу ў новым навучальным годзе? Вядома, што Касцёл таксама бярэ на сябе адказнасць за выхаванне маладога пакалення. Гэтай тэме было прысвечана пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на пачатак катэхетычнага года 2015/2016, з якім звярнуўся да вернікаў пробашч парафіі кс. Міхаіл Цвячкоўскі МІС. Паколькі тэма вельмі важная, то, напэўна, трэба самастойна яшчэ раз не спяшаючыся прачытаць зварот Мітрапаліта, які цалкам друкуецца ніжэй.

Традыцыйна, кожны год у апошнюю нядзелю жніўня асвячаюцца падручнікі і школьныя прылады. Пасля Святой Імшы кожны вучань і настаўнік змог атрымаць персанальнае благаслаўленне святара.

 

 

Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на распачацце катэхетычнага года 2015/2016

Катэхеза – наша супольная адказнасць

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, катэхеты і вучні!

1. Праз два дні пачынаецца новы навучальны год. Вучні пойдуць у школу, каб набываць веды і выхоўвацца да дарослага жыцця. Аднак чалавек, як Божае стварэнне, складаецца не толькі з цела, але і душы, а таму павінен клапаціцца не толькі аб сваім фізічным і інтэлектуальным развіцці, але і аб духоўным. Святы Ян Павел II кажа, што навука і рэлігія – гэта два крылы, на якіх чалавек уздымаецца да пазнання праўды (пар. FR, Уступ).

Менавіта таму Касцёл клапоціцца аб шматбаковым выхаванні маладога пакалення. Касцёл заснаваў першыя ўніверсітэты, і ў наш час пад яго эгідай знаходзіцца ў свеце шмат вышэйшых навучальных установаў, дзе вывучаюцца не толькі рэлігійныя дысцыпліны, але і свецкія: фізіка, матэматыка, геаграфія, філасофія, гісторыя, мовы, сацыяльныя навукі і г.д. У нашай краіне таксама ўжо зарэгістравана каталіцкая духоўная навучальная ўстанова «Мінская тэалагічная акадэмія імя св. Яна Паўла II». Так што ў будучыні існуе магчымасць для маладых людзей вучыцца ў вышэйшай каталіцкай навучальнай установе на радзіме.

2. Распачынаючы новы навучальны год, Касцёл звяртае ўвагу бацькоў, катэхетаў і саміх вучняў на неабходнасць рэлігійнага выхавання на ўзроўні катэхізацыі. 

У наш час катэхізацыя неабходна ўсім – і маладым, і дарослым. Няведанне праўдаў хрысціянскай веры і адсутнасць зацікаўленасці хрысціянскім жыццём адлучае чалавека ад збаўчай веры і пакідае яго ў няясных і неканкрэтных уяўленнях аб жыцці, якія часта засноўваюцца на сумніўных рэлігійных перакананнях, што з’яўляецца вельмі небяспечным і можа прывесці да непрадказальных негатыўных наступстваў. Аднак, калі чалавек жыве паводле вучэння Касцёла з надзеяй на вечнае жыццё, тады вобраз яго жыцця змяняецца кардынальна і ён ведае, што ў Хрысце зможа перамагчы ўсе цяжкасці і дасягнуць вечнага шчасця.

Чалавек, які добра ведае чалавечы арганізм, інакш глядзіць на сябе. Таксама і хрысціянін, які добра ведае хрысціянскае вучэнне і хрысціянскі вобраз жыцця, інакш падыходзіць да духоўных спраў і імкнецца іх захаваць і памнажаць, каб стаць дасканалым на падабенства Хрыста (пар. Эф 4, 13) і навучыцца адрозніваць дабро ад зла (пар. Гбр 5, 14).

3. Пакуль што ў школах у нашай краіне няма магчымасці выкладаць рэлігію, каб ахапіць ёю як мага больш вучняў. Таму місію навучання дзяцей рэлігіі Касцёл выконвае праз арганізацыю катэхетычных заняткаў пры парафіях у так званых нядзельных школах.

Дваццаць пяць гадоў свабоды веравызнання і адраджэння Касцёла ў Беларусі былі паспяхова выкарыстаны для апрацавання катэхетычных матэрыялаў для вучняў усіх класаў, а таксама дапаможных матэрыялаў для катехетаў. «Мінскі тэалагічны каледж імя св. Яна Хрысціцеля» рыхтуе катэхетаў і іншых спецыялістаў для рэлігійнай дзейнасці. Падобныя касцёльныя навучальныя ўстановы існуюць таксама ў Гродзенскай і Пінскай дыяцэзіях. 

Усё гэта нагадвае аб тым, што Касцёл падрыхтаваны да вядзення катэхізацыі на ўсіх узроўнях. Справа толькі за самімі бацькамі, каб яны паклапаціліся пасылаць дзяцей на ўрокі катэхізацыі і прыкладам свайго хрысціянскага жыцця замацоўвалі ў дзецях атрыманыя веды і духоўную фармацыю. Справа эфектыўнай катэхізацыі залежыць таксама і ад руплівасці, веры і прыкладу катэхетаў. І нарэшце, яна залежыць ад саміх вучняў і іх старанняў.

4. У часы ганенняў на веру Касцёл быў абмежаваны ў сваёй дзейнасцйі. Ён не быў глухім на духоўныя патрэбы вернікаў, але не мог катэхізаваць, гэта азначае – не мог прамаўляць паўнатой свайго голасу, бо афіцыйная катэхізацыя і выкладанне рэлігіі былі забаронены. Дзякуй Богу, часы змяніліся, і сёння, як гэта было падкрэслена вышэй, ён адкрыта катэхізуе. 

Гэта вялікі дар і адначасова заданне для Касцёла, асабліва для катэхетаў, і яго неабходна выконваць належным чынам. Недастаткова атрымаць дыплом катэхета і недастакова быць ім. Неабходна так выконваць сваё заданне, каб у ім ажыццяўлялася пакліканне і місія абвяшчэння Хрыста. Таму вельмі важнае месца ў працэсе катэхізацыі займае сведчанне веры катэхета. Дар і ласка веры з’яўляюцца найважнейшым і найбольш каштоўным яго талентам. Ён не можа яго захаваць толькі для сябе ці закапаць у зямлю, але павіненн выкарыстоўваць і дзяліцца ім з вучнямі, памятаючы аб тым, што вера перадаецца ад асобы да асобы, так, як полымя запальваецца ад іншага агню, – як вучыць Папа Францішак (пар. LF 37).

Справа катэхізацыі ў сучасным свеце не з’яўляецца лёгкай, падобна як і справа агульнага навучання і выхавання ў школе, што вельмі моцна падкрэсліваюць настаўнікі і што выклікана перадусім зменамі ў культуры нашага жыцця. Таму, распачынаючы новы катэхетычны год, многія катэхеты з трывогай глядзяць у будучыню. Гэта звязана з усведамленнем імі сваіх слабасці і абмежаванняў, а таксама з тым, ці будзе сведчанне іх веры пераконваючым. 

Аднак гэты страх не можа паралізаваць. Перакананне, што мы дзелімся з іншымі тым, што маем, і тым, што мы самыя атрымалі, павінна нас адкрываць на іншых і надаваць смеласці. Без катэхізацыі вучні не атрымаюць так неабходнага для іх гарманічнага развіцця духоўнага элементу.

Эфектыўнай катэхізацыі павінна спрыяць асабістая фармацыя катэхетаў, каб атрыманыя раней веды і духоўны патэнцыял не памяншаліся, але пастаянна павялічваліся. У наш час неабходна заўсёды памятаць аб тым, чым ёсць катэхеза і якія заданні стаяць перад ёй. А менавіта – што яна з’яўляецца перадачай веры, што ажыццяўляецца праз навучанне, выхаванне і ўваход у таямніцы хрысціянскага жыцця, а таксама давядзеннем вучня да жывой сустрэчы з Хрыстом.

Выкананне гэтых галоўных заданняў катэхета павінна адпавядаць патрабаванням часу. Для гэтага ён сам павінен удасканальвацца духоўна і інтэлектуальна, і таксама пазнаваць новыя метады катэхізацыі. Таму асоба добра падрыхтаванага катэхета з’яўляецца вельмі важнай і ад яе залежыць эфектыўнасць працэсу катэхізацыі. 

Служэнне катэхетаў павінна адзначацца хрыстацэнтрызмам і эклезіяцэнтрызмам. Гэта азначае, што на першым месцы павінен знаходзіцца Хрыстус і Касцёл. Для гэтага неабходна іх пастаянная біблійная і тэалагічная фармацыя, а таксама веданне сацыяльнага кантэксту, у якім яны служаць і ў якім жывуць вучні. 

5. Для лепшай эфектыўнасці катэхізацыі дзяцей неабходна думаць і аб парафіяльнай катэхізацыі. Вучні з’яўляюцца часткай парафіі, і якой ёсць парафія, такімі будуць і яны. Таму ў пастырскіх праграмах парафій неабходна звярнуць большую ўвагу на агульную катэхізацыю ўсіх вернікаў. У некаторых краінах перад нядзельнай святой Імшой або пасля яе адбываецца дзесяці-пятнаццаціхвілінная катэхізацыя, што вельмі добра ўплывае на рэлігійную фармацыю вернікаў.

Ахілесавай пятой нашага пастырства з’яўляецца катэхізацыя сям’і. Касцёл вельмі моцна занепакоены яе рэлігійна-маральным станам. Удзел бацькоў у рэлігійным выхаванні дзяцей памяншаецца з кожным годам. Яны задаволены тым, што святары, законныя сёстры ці катэхеты падрыхтуюць дзяцей да першай споведзі і Камуніі і ім не трэба ні аб чым клапаціцца. Гэта вялікая памылка. Яблык не падае далёка ад яблыні. Бацькі для дзяцей з’яўляюцца найбольшым аўтарытэтам. І калі дзеці не бачаць, як іх бацькі моляцца, спяшаюцца ў нядзелю ў касцёл, прыступаюць да споведзі і Камуніі, то грош цана ўсім старанням Касцёла. 

Таму паўстае лагічнае пытанне: ці з’яўляецца яшчэ сям’я галоўным выхавацелем дзяцей і моладзі, а Касцёл ёй дапамагае? Касцёл усё больш заўважае недахоп гэтага такога важнага партнёра ў справе фармацыі дзяцей і моладзі, якім павінны быць бацькі. Таму таксама патрэбна і іх катэхізацыя.

6. Трэба памятаць і аб тым, што катэхізацыя – гэта не толькі вучэнне малітве «Ойча наш», Сімвалу веры, галоўным праўдам веры, але таксама і вельмі адказная праца ў галіне маральнага выхавання маладога пакалення. Ці ёсць у тым штосьці кепскае, што на ўроках катэхезы дзеці і моладзь вучацца адказнасці, працавітасці, праўдамоўнасці, пашане да старэйшых, любові да бліжняга і г.д.?

Так, сапраўды, падчас катэхізацыі дзеці вучацца малітве «Ойча наш», Дэкалогу, Святому Пісанню і г.д. Але без гэтага не магчыма выхаваць сумленнага чалавека, які будзе думаць катэгорыямі супольнага дабра ў духу адказнасці перад гісторыяй і Богам. У сферы базавых каштоўнасцяў, якія перадаюцца маладому пакаленню, таксама павінны быць маральныя, бо яны спрыяюць яго выхаванню да поўні чалавецтва.

7. Дарагія браты і сёстры!

Катэхізацыя – гэта шанец выхаваць новае пакаленне тых, якія будуць добрымі вернікамі і сумленнымі грамадзянамі нашай краіны. Мы ўсе, святары, кансэкраваныя асобы, катэхеты, бацькі і вучні, не ўпусцім яго і выкарыстаем як найлепш; выкарыстаем для таго, каб маладое пакаленне будавала сваю будучыню і будучыню нашай Бацькаўшчыны на хрысціянскіх каштоўнасцях. 

Напачатку слова «катэхеза» азначала «клікаць зверху» і таксама «выклікаць рэха». Пазней яно прыняло значэнне «павучаць», калі голас настаўніка з’яўляецца свядомым рэхам пытання вучня, а адказ вучня – рэхам настаўніка. Гэтае апошняе значэнне з’яўляецца вельмі важным, бо ўказвае на тое, што павучэнне, якім з’яўляецца катэхеза, ажыццяўляецца не толькі аднабакова, як лекцыя, але таксама шляхам размовы, праз пытанні і адказы, – вучыць св. Ян Павел II (пар. http://www.kerygma.pl/katecheza).

Няхай жа ў новым 2015/2016 катэхетычным годзе гэтае рэха гучыць як мага мацней і няхай вядзе да такога пазнання праўдаў нашай веры, каб яна стала вядучай сілай нашага грамадства. 

На гэты шлях, давяраючы ўсіх вас апецы Марыі, ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, +і Сына, і Духа Святога. Амэн. 

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Прачытана 1268 раз Апошняе змяненне Пятніца, 09 Кастрычнік 2015 21:20