Пілігрымка ў Ліхень

Серада, 11 Лістапад 2015 20:54 Аўтар  Вікторыя Колесава і Іна Грыб. Фота Андрэя Яроцкага

Пілігрымка парафіян касцёла Фацімскай Божай Маці ў Ліхень адбылася ў сярэдзіне кастрычніка. Многія ўжо наведвалі гэтае святое месца, а некаторые ўбачылі яго ўпершыню. Суправаджаў нас у гэтай вандроўцы кс. Канстанцін Анашка MIC, які апекаваўся намі ва ўсіх момантах: і ў пабытовых рэчах, і ў духоўных… У час пілігрымкі мы пабывалі ў цікавых месцах Польшчы, кожны дзень быў напоўнены малітвамі, падзеямі і ўражаннямі.

 Ліхень. Месца аб’яўлення Маці Божай

ДЗЕНЬ ПЕРШЫ

Ранішняя імша ў нашым касцёле, блаславенне пробашча кс. Міхаіла Цвячкоўскага MIC, і мы рушылі ў пілігрымку. З малітвай пераадолелі пуць у 826 кіламетраў і аказаліся ў вельмі цудоўным месцы... ў Ліхені. Яго мы ўбачылі ўжо ў вячэрняй цемры, але гэта не перашкодзіла нам адзначыць і адчуць яго таямнічую прыгажосць…

ДЗЕНЬ ДРУГІ

Раніцай  15 кастрычніка мы ўбачылі велічны санктуарый – месца яднання Божай волі,  руплівай чалавечай працы і сапраўднай, глыбокай веры.

Даведка: Базыліка Найсвяцейшай Панны Марыі – Балеснай Каралевы Ліхеня – самая вялікая святыня ў Польшчы, 8-я ў  Еўропе і 12-я ў свеце. Яна была цалкам пабудаваная на працягу амаль 10 годаў дзякуючы ахвяраванням палякаў са ўсяго свету. У ёй могуць знаходзіцца адразу 3000 чалавек, седзячы на лаўках, і 7 000 – стоячы. Перад касцёлам вялізарны пляц, на якім могуць знаходзіцца 250 000 вернікаў. У базыліцы – 23 000 кубаметраў паверхні, нефаў, 52 дзвярэй і 365 вокнаў з прыгожымі вітражамі. Храм мае самую высокую ў Польшчы вежу – 141,5 метраў. Гонарам Ліхеньскай святыні з’яўляецца 151-галосны арган, які складаецца з 5-ці размешчаных у базыліцы блокаў, і самы вялікі ў Польшчы амаль 15-тонны звон «Багародзіца». У 1999 годзе храм пасвяціў  Папа Рымскі Ян Павел II. У 2006 годзе абраз маці Божай Ліхеньскай быў урачыста перанесены з касцёла Св. Дороты ў новую базыліку. Штогод комплекс у Ліхені наведваюць амаль 2 млн. пілігрымаў, каб пакланіцца цудадзейнаму абразу Ліхеньскай Божай Маці.

У Ліхень мы прыехалі памаліцца перад цудадзейным абразом Маці Божай

Гісторыя цудадзейнага абраза Маці Божай Ліхеньскай  

Жыў напачатку ХІХ ст. ў Польшчы збяднелы шляхціч Томаш Класоўскі. У Ізабеліне, вёсцы за 6 км ад Ліхеня, ён быў кавалём. 16-19 кастрычніка 1813 г. у складзе арміі Наполеона прымаў удзел у бітве народаў пад Лейпцыгам і быў цяжка паранены. У пакутах прасіў ён Бога даць яму магчымасць памерці не на чужыне, а на радзіме. Яму явілася Божая Маці з каронай на галаве і белым арлом на грудзях. Марыя паабяцала Томашу ацаленне і вяртанне на родную зямлю, а таксама папрасіла яго знайсці абраз з такім выглядам, як Яна ў час з’яўлення, і размесціць яго такім чынам, каб яго бачылі людзі. Томаш вярнуўся ў Ізабелін, зноў працаваў кавалём і, каб выканаць просьбу Божай Маці, штогод наведваў шматлікія касцёлы ў надзеі знайсці Яе абраз. Пасля шматгадовых пошукаў ён знайшоў яго ў 1836 г. у Льгоці, пад Чэнстаховай. Спачатку Томаш трымаў абраз дома, а за некалькі год да смерці павесіў яго на сасне ў Громблінскім лесе.

На выяве абраза – поўная смутку Прачыстая Панна Марыя, з лёгка наклоненай галавой, якая глядзіць на белага арла, пяшчотна прыціскаючы яго да грудзей. Абраз выкананы алеем, часткова з выкарыстаннем пазалоты, на тонкой ліственічнай дошцы, пакрытай крэйдай, памерам 9,5 см і 15,5 см. Абраз выкананы ў другой палове XVIII века як копія Абраза Божай Маці з Рокітна, на якім Марыя прадстаўлена як Каралева Польскай Кароны, а на Яе строях знаходзяцца прылады Мукі Пана.

У пачатку мая 1850 г. Мікалаю Сікатку, які пасвіў скаціну ў Громблінскім лесе і маліўся перад павешаным на сасне абразом, пачала яўляцца Панна Марыя. Балесная Каралева Польшчы прасіла людзей аб пакаянні і навяртанні, а таксама казала перанесці абраз у больш вартае месца. Марыя папярэджвала аб наступленіі эпідэміі халеры і паабяцала сваё заступніцтва перад Богам для ўсіх тых, хто будзе прасіць Яе дапамогі. Толькі пасля таго, як пачалася эпідэмія халеры ў 1852 г.,  людзі паверылі словам пастуха.

Ацаленні пасля малітваў людзей перад абразом Марыі сталі прычынай того, што ў лес ішлі ўсё больш і больш паломнікаў. Людзі зрабілі ў Громблінскім лесе ля дарогі каменную капліцу, куды і перанеслі абраз. Ахопленыя жахам перад эпідэміяй халеры, збіраліся яны перад абразом на малітву. Недзе ў той час было прынятае рашэнне перанесці абраз з леса ў Ліхень. Урачыстасць з нагоды гэтага адбылася  29 верасня 1852 г.

Аповед кс. Канстанціна пра санктуарый  у  першы дзень пілігрымкі быў поўны гістарычных фактаў і цікавых рэчаў, але простым і зразумелым. Аб санктуарыі, яго капліцах і іншых цікавостках мы даведаліся шмат... Але, напэўна, каб ўсё абысці і ахапіць сваёй увагай, не хапіла б і тыдня

У капліцы бласлаўлёных  108 мучанікаў – святароў, манахаў і свецкіх людзей, якія загінулі ў час Другой сусветнай вайны і былі беатыфікаваныя Янам Паўлам II падчас візіту ў Варшаву ў 1999 годзе

Рабіць здымкі Ліхеня з вышыні птушынага палёту, з самай высокай вежы  Польшчы, – вялізарная асалода. Прыгажосць тут ва ўсім

На тэрыторыі санктуарыя – яго гісторыя і знакі самых трагічных старонак гісторыі Польшчы

У 1999 годзе Ліхень наведаў Папа Ян Павел II. Тут ён правёў два дні і дзве ночы. У пакоі, дзе ён жыў, цяпер  прыходзяць турысты і пілігрымы. 

Тут маліўся Папа Ян Павел II

У кабінеце Папы Яна Паўла II усё надзіва проста, без раскошы. У асабістах фотаархівах пілігрымаў з Жодзіна застанецца шмат здымкаў з яго пакояў.

Громблінскі лес

Менавіта ў Громблінскім лесе Томаш Класоўскі павесіў на сасне абраз. Напэўна, сёння лес выглядае зусім інакш, чым 150 год таму. Тэрыторыя агароджана, тут шмат капліц у памяць тых падзей: Белая Капліца, Капліца Сасны, Юбілейная Капліца і інш. Вернікі ідуць тут Крыжовым Шляхам, падчас малітвы разважаючы аб пакутах і смерці Хрыста.

У Громблінскім лесе знаходзіцца кляштар сясцёр анунцыятак. Сёстры прыехалі ў Ліхень з Францыі 25 сакавіка 2009 г., каб сваёй малітвай падтрымаць апостальскую дзейнасць айцоў марыянаў і прасіць у Пана аб патрэбных ласках для пілігрымаў

У Громблінскім лесе вернікі ідуць Крыжовым Шляхам, падчас малітвы разважаючы аб пакутах і смерці Хрыста

У  Громблінскім лесе ўсё гаворыць аб падзеях, што адбываліся тут больш за 200 год таму…

Першы дзень пілігрымкі ў Ліхень скончыўся Святой Імшой… 


ДЗЕНЬ ТРЭЦІ

За 76 км ад Ліхеня знаходзіцца горад Гнезна, які лічыцца калыскай польскай нацыі. Менавіта тут легендарны Лех з польскіх паданняў убачыў таго самага белага арла, які цяпер упрыгожвае дзяржаўны герб Польшчы

Архікатэдральная базыліка ў Гнезне – адзін з самых каштоўных гістарычных помнікаў Польшчы. Першы касцёл на гэтым месцы быў пабудаваны ў 970 г. і ў канцы стагоддзя сюды перанеслі рэліквіі св. Войцеха. У 1000 г. сабор сталі называць катэдральным. Потым яго перабудавалі ў раманскім стылі, пазней – у гатычным, а цяпер, пасля рэстаўрацыі, храм выглядае так, як у XV ст.

Двухстворкавыя дзверы, адлітыя з бронзы ў XII ст., знаходзяцца ў Гнезненскай архікатэдральнай базыліцы. Яны створаныя паміж  1160 і 1180 гг. і адлюстроўваюць на 18-ці рэльефах сцэны з жыцця святого Войцеха з Прагі, патрона базылікі. Левая створка памерам 328 x 84 x 1,5 см змайстраваная як адзіны кусок, правая зманціравана з 24 асобных частак

Святы Войцех, які прысвяціў сваё жыццё распаўсюджванню веры сярод язычнікаў, пасля смерці быў пахаваны ў гэтай базыліцы. Да перанясення біскупскай сталіцы ў Кракаў польскія каралі каранаваліся ў катэдральным саборы Гнезна.

Усё, што знаходзіцца ў храме, зроблена лепшымі майстрамі Польшчы, Чэхіі, Германіі 

Велічныя статуі, барэльефы, карціны і шмат іншага ў архікатэдры – усё гэта з’яўляецца найвялікшай культурнай спадчынай Польшчы, якую палякі шануюць і якой вельмі ганарацца

Мы наведалі музей Гнезненскага арцыбіскупства – сапраўдную скарбніцу, у якой  не толькі зберагаюць, але і даюць ўбачыць іншым каштоўныя рэчы

Келіх св. Войцеха X ст. – самая каштоўная рэч калекцыі музея Гнезненскага арцыбіскупства. Апошні раз келіхам карыстаўся Папа Ян Павел II падчас Імшы з нагоды 1000-годдзя з дня смерці св. Войцэха

З Гнезна мы паехалі на Біскупінскае гарадзішча. У 1933 г. археолагі знайшлі на адной з выспаў Біскупінскага возера сляды старажытнага паселішча. Мясцовасць там была багністая, у торфе, але знаходка вучоных выдатна захавалася. Драўляныя пабудовы, якія адносяцца прыкладна да 550 г. да н.э., у добрым стане, прычым да такой ступені, што археолагі змаглі ўзнавіць аблічча дамоў, агароджаў, тэхналогію іх пабудовы.

Цяпер Біскупінскае гарадзішча — музей пад адкрытым небам

У Біскупіне дэталёва адноўленыя вуліцы і дамы гарадзішча, свабодна можна агледзець археалагічныя скарбы.

Пасля экскурсіі ў Біскупін мы вяртаемся ў Ліхень.

Кожны  вечар у базыліцы перад цудадзейным абразом  Маці Божай Ліхеньскай праходзіць Апэль марыйны – вячэрняя малітва да Панны Марыі. Групы пілігрымаў з Польшчы і іншых краінаў збіраюцца на ружанец

Важным момантам для паломнікаў у Ліхені  яўляецца працэсія са свечкамі, што адбываецца ў пятніцу і суботу падчас апэлю. Барэльеф з выявай Маці Божай Ліхеньскай і крыж нясуць пілігрымы 

У працэсіі са свечкамі разам з сотнямі каталікоў Польшчы прынялі ўдзел і пілігрымы з Жодзіна

Пасля заканчэння працэсіі пад фанфары аўтарства польскага кампазітара Кшыштафа Пендзерэцкага цудадзейны абраз закрываецца на некалькі начных гадзін… 

У касцёле гасяць святлоЛямпы гараць толькі ля абраза.


ДЗЕНЬ ЧАЦВЁРТЫ

За 120 км ад Ліхеня знаходзіцца Познань – адзін з самых старых польскіх гарадоў, самы старажытны горад Вялікай Польшчы. Сюды мы завіталі ў чацвёрты дзень нашай пілігрымкі. 

Архікатэдра Святых Пятра і Паўла ў Познані адзін са старэйшых польскіх сабораў, які быў заснаваны у X ст.

Касцёл Панны Марыі  Нястомнай  Дапамогі і св. Марыі Магдаліны.  У наш час штотыдзень у храме праходзяць канцэрты арганнай музыкі

На працягу ўсіх дзён пілігрымкі у касцёлах і капліцах мы маліліся ў сваіх інтэнцыях 

Дакладна ў цэнтры Познані, ля падножжа гары Пшэмысла, побач з  мастацкай  галереяй, якая ўваходзіць у склад Нацыянальнага музея города, знаходзіцца кляштарны комплекс францішканаў і касцёл святого Антонія Падуанскага.

На вежы гарадской  ратушы ў Познані ёсць гадзіннік, і кожны дзень апоўдні над ім зяўляюцца два казляняты і бадаюцца 12 разоў. На гэты момант часу на плошчы збіраюцца людзі, каб паглядзець на казлянят, якія сталі сімвалам Познані.

На галоўнай плошчы Познані  ёсць гандлёвыя рады з сувенірамі і шмат самых розных забаў для гараджан і турыстаў. У некаторых забавах ўдзельнічалі і мы…

На плошчы Адама Міцкевіча ля  помніка паэту і манумента ў гонар польскіх паўстанняў мы зрабілі адзін са здымкаў нашай групы.

Не толькі гістарычныя цікавосткі, але і сучаснае мастацтва Познані ўбачылі мы ў час экскурсіі

Вечарам чацвёртага дня пілігрымкі мы вярнуліся з Познані ў Ліхень. Вячэрняя Святая Імша адпраўлялася ў інтэнцыі сямей. 

Аб ролі сям’і ў сучасным свеце ішла гаворка падчас казання. Аб сем’ях сённяшніх і будучых маліліся ўсе прысутныя

з Жодзіна атрымалі ў той дзень памятныя пасведчанні аб сваёй прысутнасці ў Ліхені 

У той дзень пілігрымкі мы атрымалі шмат уражанняў. Гістарычныя звесткі, велічныя старадаўнія і сучасныя будынкі Познані, населеныя пункты, праз якія мы праязджалі, маляўнічыя краявіды Польшчы – усё гэта вельмі ўразіла і пакінула след у нашых душах. Але самым хвалюючым момантам для тых, хто быў на Святой Імшы, стала ўшанаванне сем’яў.


ДЗЕНЬ ПЯТЫ, АПОШНІ Ў ЛІХЕНІ

Самая першая штодзённая Імша ў базыліцы пачынаецца а 6 гадзіне раніцы. Пасля ранішняй Імшы ў нядзелю мы пайшлі ў сваю апошнюю ў гэтай пілігрымцы вандроўку па тэрыторыі санктуарыя. 

на Галгофу – асноўная мэта нашай ранішняй праграмы. Усё, што мы бачым, выканана настолькі якасна і рэалістычна , што немагчыма не перажываць эмоцыі

Гара, што сімвалізуе Галгофу ў Ліхені, складзеная з камянёў з многіх святых месцаў свету, а таксама з камянёў, якія прыносілі шматлікія пілігрымы.

З малітвай падымаліся мы па лабірынце сцежак да вяршыні

Ішлі, заглядваючы ў келлі і гроты…

З Галгофы куды ні паглядзіш – цудоўныя краявіды

Падчас узыходу на Галготу мы думалі кожны і пра свае асабістыя грахі, адчуваючы пры гэтым любоў Бога, які дараваў нам нашыя правіны…

Кожная стацыя на Галгоце суправаджалася малітвай і словамі а.Канстанціна пра тое, што сімвалізуюць стацыі, праз каторыя праходзіў Езус і праз каторыя кожны з нас праходзіць у жыціі

У касцёл святой Дароты, прыгажосць якога цалкам адкрываецца, калі глядзіш на яго менавіта з Галготы, мы наведалі перад узыходам на Галготу. Ён пабудаваны ў XVIII ст. ў нэагатычным стылі. Тут да 2006 года знаходзіўся цудадзейны абраз Маці Божай Ліхеньскай

Галгота ў Ліхені месца Моцы, Любові, Малітвы і Веры ў  Марыю і  Яе  Сына

Санктуарый Маці Божай Ліхеньскай… Мы ўдзячныя Пану за гэты велічны храм, за пілігрымку, падчас якой мы яшчэ раз упэўніліся ў тым, што на зямлі заўсёды павінны быць дабрыня, прыгажосць, любоў і Вера. Пакуль будуць яны – жыццё будзе Вечным…

Прачытана 2280 раз Апошняе змяненне Серада, 11 Лістапад 2015 21:56