Свята Божай Міласэрнасці

Чацвер, 31 Сакавік 2016 15:27 Аўтар 

Свята Божай Міласэрнасці для паўсюднага Касцёла было ўстаноўлена папам Янам Паўлам ІІ у лістападзе 2000 г. Адзначаецца яно ў ІІ Велікодную нядзелю. Выбар гэтага дня невыпадковы, бо на яго прыпадае актава Уваскрасення Пана, якая завяршае святкаванне Хрыстовай пасхальнай таямніцы. Гэты перыяд у літургіі Касцёла найвыразней указвае на таямніцу Божай Міласэрнасці, якая найбольш поўна была аб’яўлена менавіта ў муцы, смерці і змёртвыхпаўстанні Хрыста. Устанаўленне свята Божай Міласэрнасці ў суседстве з літургіяй мукі і ўваскрасення Хрыстовага падкрэслівае крыніцу і мэту перажываных таямніц веры. Гэта, безумоўна, Божая Міласэрнасць. А калі б не было справы адкуплення, не было б Божай Міласэрнасці.

80 год таму, 22 лютага 1931 г., Хрыстус аб’явіўся с. Фаўстыне Кавальскай у кляштары сясцёр Маці Божай Міласэрнасці ў Плоцку, якой і паведаміў аб сваім жаданні ўстанавіць свята Божай Міласэрнасці.

Святая Фаўстына перажыла 23 містычныя аб’яўленні, аб якіх апавядаецца ў яе «Дзённіку», які яна вяла згодна з жаданнем Хрыста і спаведнікоў. У ім апісваюцца перажытыя цярпенні, містычны стан і аб’яўленні. Яны датычаць, між іншым, стварэння абраза «Езу, давяраю Табе», малітвы Вяночак да Божай Міласэрнасці, устанаўлення Гадзіны Міласэрнасці (15.00 — гадзіна смерці Хрыста на крыжы) і свята Божай Міласэрнасці. У «Дзённіку» згадваецца таксама аб жаданні Хрыста, выказаным св. Фаўстыне, заснаваць новую супольнасць, якая б абвяшчала ва ўсім свеце культ Божай Міласэрнасці.

Сястра Фаўстына памерла ў Кракаве 5 кастрычніка 1938 г. З 1965 па 1967 гг. там адбываўся працэс вывучэння яе жыцця і цнотаў, а ў 1968 г. быў распачаты працэс беатыфікацыі. 18 красавіка 1993 г. папа Ян Павел ІІ абвясціў Фаўстыну благаслаўлёнай, а 30 красавіка 2000 г. адбылася яе кананізацыя.

Вяночак да Божай Міласэрнасці Езус прадыктаваў св. Фаўстыне ў Вільні 13–14 верасня 1935 г. як малітву для суцішвання Божага гневу і перапрашэння за грахі нашы і ўсяго свету. (па матэрыялах www.catholic.by)

Дзень першы
 
Молімся аб міласэрнасці для ўсяго чалавецтва:
 
Езу найміласэрнейшы, толькі Ты літуешся над намі і прабачаеш нам. Не зважай на грахі нашыя, але на давер, які ўскладаем на бясконцую дабрыню Тваю, і прымі ўсіх нас да дому Найлітасцівейшага Сэрца свайго і не адпускай нас з Яго навекі. Просім Цябе праз любоў Тваю, якая яднае Цябе з Айцом і Духам Святым.
 
Ойча спрадвечны, глянь вокам міласэрнасці сваёй на бедных грэшнікаў і на ўсё чалавецтва, якое ўкрыта ў Найлітасцівейшым Сэрцы Езуса, і дзеля Яго балеснай мукі акажы нам сваю міласэрнасць, каб мы праслаўлялі ўсемагутнасць Тваёй міласэрнасці на векі вечныя. Амэн.
 
Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.
 
 
Дзень другі
 
Молімся за духавенства, праз якое на чалавецтва сыходзіць Божая Міласэрнасць:
 
Езу найміласэрнейшы, ад Цябе сыходзіць усё добрае, памнож у нас ласку, каб мы годна выконвалі ўчынкі міласэрнасці, каб тыя, што на нас глядзяць, праслаўлялі Айца міласэрнасці, які ёсць у небе.
 
Ойча спрадвечны, глянь вокам міласэрнасці сваёй на супольнасць абраных у вінаградніку сваім, на душы святарскія і манаскія, і адары іх моцаю свайго благаслаўлення, а дзеля пачуццяў Сэрца Сына свайго, у якім душы гэтыя прабываюць, удзялі ім моцы і святла свайго, каб маглі яны весці іншых па дарогах збаўлення, каб разам спявалі хвалу неспасцігальнай міласэрнасці Тваёй на векі вечныя. Амэн.
 
Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.
 
 
Дзень трэці
 
Молімся за ўсіх хрысціянаў:
 
Езу найміласэрнейшы, Ты ўсім надзвычай шчодра ўдзяляеш свае ласкі са скарбніцы міласэрнасці сваёй. Прымі нас да найлітасцівейшага Сэрца свайго і не адпускай нас навекі. Просім Цябе аб гэтым праз неспасцігальную любоў Тваю, якою палае Тваё Сэрца да Айца Нябеснага.
 
Ойча спрадвечны, глянь вокам міласэрнасці сваёй на душы верныя як на спадчыну Сына свайго і дзеля Яго балеснай мукі ўдзялі ім сваё благаслаўленне і атуляй іх сваёю пастаяннаю апекаю, каб не страцілі любові і скарбу святой веры, але каб з усімі анёламі і святымі праслаўлялі бязмежную міласэрнасць Тваю праз вякі вечныя. Амэн.
 
Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.
 
 
Дзень чацвёрты
 
Молімся за язычнікаў і няверуючых, якія яшчэ не ведаюць пра Божую Міласэрнасць:
 
Езу найміласэрнейшы, Ты – святло ўсяму свету,  прымі да дому Найлітасцівейшага Сэрца свайго душы язычнікаў, якія Цябе яшчэ не ведаюць; няхай промні ласкі Тваёй асветляць іх, каб і яны разам з намі праслаўлялі незвычайную міласэрнасць Тваю, і не адпускай іх з дому Найлітасцівейшага Сэрца свайго.
 
Ойча спрадвечны, глянь вокам міласэрнасці сваёй на душы язычнікаў і тых, хто Цябе яшчэ не ведае і хто прабывае ў Найлітасцівейшым Сэрцы Езуса. Прыцягні іх да святла Евангелля. Учыні, каб і яны праслаўлялі шчодрасць міласэрнасці Тваёй на векі вечныя. Амэн.
 
Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.
 
 
Дзень пяты
 
Молімся за тых, хто застаецца па-за Касцёлам, каб вярнуліся ў яго супольнасць:
 
Езу наймiласэрнейшы, Ты – сама дабрыня і не адмаўляеш у святле тым, хто просіць Цябе. Прымі да Найлітасцівейшага Сэрца свайго душы братоў нашых адлучаных, прыцягні іх сваім святлом да еднасці з Касцёлам і не адпускай іх з дому Найлітасцівейшага Сэрца свайго. Учыні, каб і яны праслаўлялі шчодрасць міласэрнасці Тваёй.
 
Ойча спрадвечны, глянь вокам міласэрнасці сваёй на душы братоў нашых адлучаных, асабліва тых, хто растраціў даброты Твае і злоўжываў ласкамі Тваімі, і хто ўпарта прабывае ў сваіх грахах. Не глядзі на іх памылкі, але глядзі на любоў Сына свайго і на балесную муку Ягоную, якую Ён прыняў дзеля іх, таму што і яны прабываюць у Найлітасцівейшым Сэрцы Езуса. Учыні, каб і яны праслаўлялі вялікую міласэрнасць Тваю на векі вечныя. Амэн.
 
Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.
 
 
Дзень шосты
 
Молімся за душы ціхія і пакорныя і за дзяцей:
 
Езу наймiласэрнейшы, Ты сам сказаў: «Навучыцеся ад Мяне, бо Я цiхi i пакорны сэрцам» (Мц 11, 29), прымi да дому Найлiтасцiвейшага Сэрца свайго цiхiя i пакорныя душы i душы малых дзяцей. Няхай гэтыя душы прыводзяць у захапленне ўсё неба i будуць асаблiвым упадабаннем Айца Нябеснага, а таксама духмяным букетам перад тронам Божым, ад водару якога сам Бог мае асалоду. Няхай гэтыя душы пастаянна будуць у Найлiтасцiвейшым Сэрцы Тваiм i нястомна спяваюць гiмн любовi i мiласэрнасцi навекi.
 
Ойча спрадвечны, глянь вокам мiласэрнасцi сваёй на душы цiхiя, пакорныя i на душы малых дзяцей, якiя прабываюць у доме Найлiтасцiвейшага Сэрца Езуса. Гэтыя душы найбольш падобныя да Сына Твайго, водар гэтых душаў узносiцца з зямлi i дасягае трона Твайго. Ойча мiласэрнасцi i ўсялякае дабрынi, прашу Цябе праз любоў i ўпадабанне, якiя маеш у гэтых душах, благаславi ўвесь свет, каб усе душы разам спявалi пашану мiласэрнасцi Тваёй праз вякi вечныя. Амэн.
 
Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.
 
 
Дзень сёмы
 
Молімся за тых, хто асаблівым чынам ушаноўвае і праслаўляе Божую Міласэрнасць:
 
Езу наймiласэрнейшы, Сэрца Тваё – сама любоў, прымi ў дом Найлiтасцiвейшага Сэрца свайго душы тых, хто асаблiва ўшаноўвае i праслаўляе велiч мiласэрнасцi Тваёй. Душы гэтыя, магутныя сiлаю самога Бога; сярод пакутаў i цяжкасцяў яны iдуць наперад, спадзеючыся на мiласэрнасць Тваю. Паяднаныя з Табою, о Езу, душы гэтыя нясуць усё чалавецтва на плячах сваiх. Яны не будуць асуджаныя сурова, а мiласэрнасць Твая атуліць iх у хвiлiну смерцi.
 
Ойча спрадвечны, глянь вокам мiласэрнасцi сваёй на душы, якiя праслаўляюць i ўшаноўваюць невымоўную годнасць Тваю, Тваю неспасцiгальную мiласэрнасць, якiя прабываюць у Найлiтасцiвейшым Сэрцы Езуса. Душы гэтыя з’яўляюцца жывым Евангеллем, рукi iх поўняцца ўчынкамi мiласэрнасцi, а сэрцы, перапоўненыя радасцю, будуць спяваць песню мiласэрнасцi Найвышэйшаму. Прашу Цябе, Божа, акажы iм мiласэрнасць сваю паводле надзеi i даверу, якiя на Цябе ўскладалi. Няхай споўнiцца на iх абяцанне Езуса, якi сказаў ім, што душы, якiя будуць ушаноўваць гэтую неспасцiгальную мiласэрнасць Ягоную, сам Ён будзе баранiць у жыццi, а асаблiва ў хвіліну смерцi, як сваю хвалу. Амэн.
 
Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.
 
 
Дзень восьмы
 
Молімся за душы ў чыстцы:
 
Езу наймiласэрнейшы, якi сказаў: «Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны» (Лк 6, 36). Прымі ў дом Твайго Найлiтасцiвейшага Сэрца душы, якія пакутуюць у чыстцы.
 
Ойча спрадвечны, глянь вокам мiласэрнасцi сваёй на душы, якiя пакутуюць у чыстцы,  i праз балесную муку Езуса Хрыста i праз горыч, якою было залiта Яго Найсвяцейшае Сэрца,  акажы ім мiласэрнасць сваю. Просім Цябе, каб глядзеў на iх не iнакш, як толькi праз раны Наймілейшага Сына свайго, бо верым, што дабрыня Твая і літасць бязмежныя. Амэн.
 
Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.
 
 
Дзень дзевяты
 
Молімся за душы абыякавыя, якія былі прычынаю цярпенняў Хрыста Пана ў садзе Аліўным:
 
Езу найміласэрнейшы, Ты – сама лiтасць,  увядзі ў святыню Найлiтасцiвейшага Сэрца свайго ўсе абыякавыя душы. Няхай у гэтым полымi Тваёй чыстай любовi адаграюцца гэтыя зледзянелыя, да мерцвякоў падобныя душы, якiя да гэтага часу выклікалі ў Цябе агiду. О Езу найлiтасцiвейшы, магутнасцю мiласэрнасцi сваёй прыцягнi iх да агню сваёй любовi і адары іх святой любоўю, бо Ты ўсё можаш.
 
Ойча спрадвечны, глянь вокам мiласэрнасцi сваёй на душы абыякавыя, якiя прабываюць у Найлiтасцiвейшым Сэрцы Езуса. Ойча мiласэрнасцi, прашу Цябе: праз балесную муку Сына Твайго i праз трохгадзiннае кананне Яго на крыжы дазволь, каб i яны праслаўлялi бяздоннасць мiласэрнасцi Тваёй на векi вечныя. Амэн.
 
Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.
Прачытана 1646 раз Апошняе змяненне Чацвер, 31 Сакавік 2016 15:41