Міністранты спаборнічаюць

Серада, 13 Красавік 2016 16:14 Аўтар  Марта Амбросава

Чарговая вясна аб’яднала хлопцаў з Мінска, Барысава, Жодзіна і Маладзечна. 8-9 красавіка адбылося традыцыйнае спатканне міністрантаў з парафій, у якіх працуюць айцы марыяне. Спатканне традыцыйна праходзіла ў касцёла Маці Божай Фацімскай у г. Жодзіна. Сустрэча пачалася са Святой Імшы, падчас якой а. Міхаіл Цвячкоўскі МІС  акцэнтаваў увагу маладых юнакоў на такія паняцці, як чалавечнасць, чуласць, неабыякавасць, а таксама распавёў пра вялікую ролю ўзаемадапамогі як у спартыўных спаборніцтвах, так і ў штодзённым жыцці. Айцец Міхаіл заклікаў таксама заўсёды заставацца людзьмі, мець павагу і любоў да сваіх бліжніх, нягледзячы на барацьбу за першае месца, каб пасля спаборніцтваў не прыйшлося прыступаць да сакрамэнту споведзі. Пасля Эўхарыстычнай літургіі ўдзельнікаў спаткання чакала канферэнцыя на тэму “ Святасць і прыгажосць міністранцкага служэння. Святыя заступнікі міністрантаў”, якую праводзіў а.Вадзім Мізер МІС пры дапамозе барысаўскай моладзі.

Наступным пунктам спаткання была інтэлектуальная гульня “Медыя-азбука”, падрыхтаваная моладдзю жодзінскай парафіі. Вынікі гэтага спаборніцтва такія: першае месца занялі  міністранты  з Мінска, другое - з Барысава, трэцяе – з Жодзіна, чацвёртае – з Маладзечна. Весялосць і добры спартыўны азарт, якія з’явіліся падчас гэтай гульні, дапамаглі хлопцам адразу перайсці да наступнай акцыі – турніра па настольным футболе, дзе не было роўных жодзінскім міністрантам, за якімі размясціліся маладзечненскія, мінскія і барысаўскія.

Субота распачалася св.Імшой, пасля якой міністрантаў чакала праверка літургічных ведаў. Кожная з каманд атрымлівала пытанне ад журы і павінна была даць адказ на яго ў вызначаны для гэтага час. Хлопцы адчувалі сябе як рыба ў вадзе і вельмі добра адказвалі на пытанні, таму вызначыць найлепшую каманду было складана. Але суддзі справілася і з такой цяжкой задачай. Такім чынам было вызначана, што лепей за ўсё ў літургічных ведах арыентавалася каманда з Барысава, за імі ішлі жодзінскія міністранты, трэцяе месца заняла каманда з Барысава, а хлопцы з Маладзечна толькі крыху не дацягнулі да першай тройкі. 

Апошняй, самай чаканай часткай спаткання было спаборніцтва па міні-футболе.  Памятаючы словы айца Міхаіла аб узаемнай дапамозе і павазе, міністранты распачалі гульню. Напружанне, якое адчувалася ў сценах спартыўнага комплексу “Асілак” падчас гульні, было вельмі вялікім, таксама было добра бачна, што гэтага моманту ўсе чакалі з вялікім нецярпеннем. Матчы судзіў прафесіянальны рэферы - жодзінская парафіянка Дар’я Гамелько. Вынікі міні-футбола атрымаліся наступнымі: першае месца сярод старэйшых міністрантаў заняла каманда з Маладзечна, другое – з Мінску, трэцяе – з Жодзіна, чацвёртае – з Барысава. Сярод малодшых міністрантаў першае месца атрымалі мінскія міністранты, другое – барысаўскія, трэцяе – жодзінскія, чацвёртае – міністранты з Маладзечна.

Такім чынам, агульны вынік спаборніцтваў міністрантаў з марыянскіх парафій наступны: агульнае першае месца занялі міністранты з Мінска, другое месца занялі міністранты з Жодзіна, трэцяе месца занялі міністранты з Барысава, а чацвёртае месца, крыху не дацягнуўшы да трэцяга,занялі міністранты з Маладзечна. Кожная каманда была ўзнагароджана медалём і кубкам, а ўсе ўдзельнікі атрымалі памятны значок на знак удзельніцтва ў спатканні міністрантаў.

 

 

Прачытана 1726 раз Апошняе змяненне Серада, 13 Красавік 2016 16:57