Візітацыя біскупа Юрыя Касабуцкага ў жодзінскую парафію

Субота, 14 Май 2016 12:43 Аўтар  Паліна Грыб, фота Генадзія Раманчука

13 мая быў для нашай парафіі двойчы…не, тройчы важны дзень! Думаю, гэтым я зараз паставіла перад вамі важнае пытанне: чаму тройчы? Здавалася б, на павестцы дня былі Фацімскія ўрачыстасці і візітацыя біскупа Юрыя Касабуцкага. Што ж такога важнага здарылася яшчэ? З задавальненнем адкажу, але напачатку, давайце крыху пагаворым пра першыя дзве падзеі.

Былі яны сапраўды грандыёзнымі. Па-першае, у гэтым годзе мы перажываем вельмі важную, перадюбілейную ўрачыстасць Фацімскіх аб’яўленняў, якая нараджае ў сэрцы трапяткое хваляванне і прыемнае чаканне наступнага, стогадовага ўспаміну. Па-другое, да нас упершыню ў якасці біскупа завітаў кс.бп. Юры Касабуцкі. Гэтыя падзеі вельмі гарманічна сумясціліся і разам стварылі сапраўднае свята Веры і Надзеі. 

Веры ў тое, што Любоў сапраўды заўсёды перамагае. Страшныя фацімскія прароцтвы пра ваюючы атэізм і нявер’е на нашых землях споўніліся: касцёл на Беларусі быў амаль знішчаны, прыгнечаны, перажываў цяжкія часы выгнання і забароны. Але меньш чым праз сто год мы без страху і сумніву збіраемся на Святую Імшу, ладзім працэсіі, спяваем песні, адкрыта вызнаём сваю веру і можам абвяшчаць усяму Свету, што Хрыстос нарадзіўся, памёр і ўваскрос!
Надзея. Вось тое, што пасялілася ў людскіх сэрцах дзякуючы словам Багародзіцы ў далёкай Фаціме і працягвае жыць і цяпер, кожны год бы аднаўляючыся, дзякуючы ўспаміну гэтага вялікага цуда.
Было б не зусім слушна казаць, што Ўрачыстасць пачалася 13 мая, бо перад гэтым у нашай святыні прайшло традыцыйнае фацімскае чуванне, якое ўключала ў сябе Святую Імшу, канферэнцыю і спяваны ружанец. Менавіта такая малітоўная і інфарматыўная падрыхтоўка дапамагла перажыць пятнічную ўрачыстаць найбольш грунтоўна і глыбока. Да гэтага далучылася таксама гамілія, у якой ксёндз-біскуп Юрый разважаў над Фацімскай таямніцай і тым, наколькі прыгожа ў словах Фацімскай Маці Божай раскрываецца моц і важнасць малітвы за навяртанне, не толькі ўласнае, але і ўсяго Свету.
Падмацавалася ўрачыстая частка святкавання працэсіяй вакол касцёла, падчас якой хор выконваў марыйныя спевы і велічна-прыгожы гімн Te Deum. Гэта працэсія стала нібы нашым доказам вернасці Маці Божай, сведчаннем нашай глыбокай веры, а таксама добрай кропкай у насычанай “фацімскай праграме”. Але важныя падзеі на гэтым не скончыліся.
Пасля працэсіі біскуп Юрый звярнуўся да вернікаў са словамі падзякі, віншаваннямі і завярэннямі, што ўсё прайшло на вельмі высокім узроўні. Асабліва ён адмеціў службу міністрантаў, жартаўліва зазначыўшы, што яна была “крыху лепшая за ватыканскую”. Пасля цёплых і прыемных словаў біскупа, а таксама яго асаблівага благаслаўлення, распачалася іншая частка нашай сустрэчы. Неафіцыйная, але таксама вельмі важная.
Пасля заканчэння Імшы, пакуль святары і ксёндз-біскуп пераапраналіся, у касцёле ўсталёўваліся экран і праэктар. Калі ўсё было гатова і пачэсны госць заняў сваё месца перад вялікім экранам, там з’явілася слайд-прэзентацыя, на якой праз фатаздымкі была расказана гісторыя нашай парафіі, а таксама ўзгаданы самыя выбітныя падзеі з гісторыі яе жыцця. Тут можна было ўзгадаць святароў, што служылі пры нашым касцёле раней, вярнуцца ўспамінамі ў пілігрымкі, а таксама ўбачыць нашу святыню яшчэ на самым пачатку яе будовы.
На вуліцы пачынала цямнець, святочная радасць змянялася ціхім задавальненнем ад праведзенага часу, а між тым ніхто не спяшаўся сыходзіць. Фатаздымкі на экране змяняліся праз радасныя каментары і ціхі шэпт, з якога даляталі словы: “а памятаеш, як то было” ці “ой, а гэта ж я”. І цяпер, калі вы ўзгадалі, а можа і ўявілі гэтую сітуацыю, я магу рыскрыць той трэці элемент, што зрабіў дзень 13 мая незвычайным і незабыўным.
Еднасць.
Незвычайная, моцная, сапраўдная духовая і фізічная еднасць. Колькі раз за гэты вечар гучала слова “разам”! У гаміліі біскупа, у словах пробашча, праз усмешкі і вобразы на фатаздымках! А як моцна гэта еднасць бачылася ў працэсіі вакол касцёла, у тым радасным сумесным узгадванні таго, што і як было, у гучнай малітве! Не спрачаюся, што кожнае свята ў нашай парафіі праходзіць вельмі добра і па-сямейнаму цёпла, але ў гэты раз Еднасць была надзвычайнай і абсалютна шчырай. Звязаныя Святым Духам і агульнай радасцю мы змаглі зрабіць гэты дзень незабыўным і абсалютна асаблівым. І зрабілі гэта ўсе РАЗАМ.

Прачытана 1507 раз Апошняе змяненне Нядзеля, 23 Красавік 2017 23:03