Навіна з Ватыкану

Нядзеля, 05 Чэрвень 2016 17:35 Аўтар 

5 чэрвеня, ў нядзелю, Папа Рымскі Францыск кананізаваў (абвясціў святымі) двух хрысціянскіх падзвіжнікаў: польскага святара Станіслава Папчынскага і шведскую манахіню Марыю Лізавету Гессельблат. 

Станіслаў Папчынскі (Stanislaus Papczyński; 1631-1701) аснаваў ордэн Айцоў Мар'янаў (Кангрэгацыя Марыян Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі). А як вядома, наша каталіцкая святыня ў Жодзіна была збудавана і заўсёды апекавалася гэтым ордэнам. Таму для нас сённяшні дзень адзначаны гэтай сапраўды неардынарнай падзеяй. Амаль праз трыста год ... Але напачатку звернемся да гісторыі (паводле вікіпедыі).

Марыя́не — каталіцкая мужчынская манаская кангрэгацыя, заснаваная піярам блаславёным Станіславам Папчыньскім уКарабеўскай Пушчы (Польшча). Датай заснавання кангрэгацыі прынята лічыць 24 кастрычніка 1673 г. У 1699 г. яна была зацверджана Папам Рымскім Інакенціем XII. Апекуном кангрэгацыі быў кароль Ян III Сабескі. Паводле статута галоўнымі мэтамі ордэна былі пашырэнне культу Найсвяцейшай Дзевы Марыі і душпастырская дзейнасць сярод простых людзей. Да канца XVII ст. марыяне мелі ў Рэчы Паспалітай 3 кляштары. У сярэдзіне XVIII ст. марыяне з'явіліся ў Вялікім Княстве Літоўскім: у мястэчку Стаўраполі (пазней Марыямпале, Ковенскі павет), вёсцы Расна (Берасцейскі павет), вёсцы Міраслаў (Троцкі павет). У канцы XVIII ст. на тэрыторыі Віленскага біскупства дзейнічалі 2 кляштары (Марыямпале і Міраслаў) і 2 рэзідэнцыі: Янаў-Палескі (1776 г. — каля 1800 г.; цяпер горад Іванава Брэсцкай вобласці) і Воўпа (зачынены каля 1814 г., цяпер Ваўкавыскі раён). Вялікі духоўны цэнтр знаходзіўся таксама ў вёсцы Друя, Віцебская вобласць. На працягу XIX ст. установы марыян у Расійскай імперыі скасоўваліся, у 1904 г. быў зачынены апошні кляштар у Марыямпале.

Кангрэгацыя Айцоў Марыян была адноўлена ў 1909 годзе літоўскім святаром (пазней біскупам Вільні) — блаславёным Юрыем Матулевічам, прафесарам Духоўнай Акадэміі ў Санкт-Пецярбургу, дзеля душпастырскай і апостальскай працы «для Хрыста і Царквы». Новая Канстытуцыя марыян была зацверджана Папам Піем Х 28 лістапада 1910 г.

У служэнні Хрысту і Каталіцкай Царкве (лацінскага і візантыйскага абрадаў) кангрэгацыя марыян аб’ядноўвае святароў і братоў з розных краін пад заступніцтвам Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў кляштарах, на парафіях, місіянерскіх станцыях, каталіцкіх школах і інш.

Заснавальнікам Кангрэгацыі Айцоў Марыян Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі з'яўляецца блаславёны айцец Станіслаў ад Езуса Марыі Папчыньскі (1631—1701 гг.).

Ён пісаў аб сабе, што меў у душы адкрыты Богам вобраз новага закону, які сказаў яму пагардзіць усім і пачаць дзейнічаць у імя Гасподняе. У тым вобразе закону на першае месца выйшаў гонар Найсвяцейшай Марыі ў таямніцы Яе Беззаганнага Зачацця. Менавіта адтуль паходзіць тое, што марыяне мусяць шанаваць Яе ўласнымі жыццямі і абвяшчаць Яе хвалу іншым. Айцец Папчыньскі знайшоў падтрымку ідэй марыйнасці ў польскім народзе, з якога сам і паходзіў.

Няспыння войны XVII ст. і ідучыя з імі парай эпідэміі неслі вялікую колькасць ахвяр, таму Станіслаў Папчыньскі разумеў, што душа далёка не кожнага загінулага знойдзе спакой у вечнасці. Менавіта гэтыя думкі натхнілі яго на другую мэту закону — нясенне дапамогі душам, якія знаходзяцца ў Чыстцы.

Айцец Папчыньскі не мог пакінуць без увагі той факт, што «ў Каралеўстве Польскім жыве агромністая лічба простых людзей, якія не ведаюць праўды веры» — менавіта так гэта было сфармулявана ў першай Канстытуцыі закону. Таксама Канстытуцыя загадвала марыянам дбаць пра збаўленне бліжніх і «ўдасканаленне простага народа ў навуцы хрысціянскай». Гэты пастулат першапачаткова рэалізоўваўся ў форме душпастырскай дапамогі дыяцэзіяльнаму духавенству ў капеланскай працы і пробашчам у перыяды ўзмоцненай душпастырскай працы.

Варта адзначыць, што супольнасць марыян — першая законная мужчынская кангрэгацыя, якая была закладзена на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, якая дажыла да нашых дзён (перад марыянамі быў толькі адзін закон — рыцарская кангрэгацыя Братоў Дабжыньскіх). Марыяне таксама з'яўляюцца першым законам ва ўсёйКаталіцкай Царкве, які пачаў выкарыстоўваць у сваёй назве згадванне Беззаганнага Зачацца Найсвяцейшай Дзевы Марыі (прычым зрабілі яны гэта за два стагоддзі да абвяшчэння догмату аб Беззаганным Зачацці Марыі).

Зараджэнне кангрэгацыі тэрытарыяльна звязана з Мазовіяй. Там у 1673 г. паўстаў першы кляштар у Карабеўскай Пушчы (цяпер — Марыянскай). Некалькі гадоў пазней марыяне былі запрошаны біскупам пазнаньскім Стэфанам Вежбоўскім для заснавання Новага Іерусаліма (цяпер Гура-Кальварыя каля Варшавы). Пры жыцці фундатара кангрэгацыі быў закладзены яшчэ і трэці кляштар — у Гажліне (Марыянскае Парэчча). У 1699 г. закон атрымаў зацвярджэнне Папы Рымскага на Правілах Дзесяці Цнот Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Пасля прыняцця тых Правілаў марыяне ў пэўнай ступені сталі залежыць ад Закону Братоў Меншых Рэфарматаў.

У першыя гады свайго існавання закон не развіваўся дынамічна. Прычынай для гэтага была суровасць жыцця марыян. Фундатар прад'яўляў да кандыдатаў вельмі высокія патрабаванні, а тых, хто ўсё жа вырашыў далучыцца, рупліва вывучаў і выпрабоўваў. Акрамя гэтага, на невялікую колькасць марыян уплывала тое, што на той момант ужо існавалі і былі шырока вядомыя іншыя законы, якія маглі ганарыцца сваімі глыбокімі традыцыямі і выбітнымі асобамі.

Пасля смерці фундатара кангрэгацыя марыян перажывала цяжкі перыяд і нават на некалькі гадоў была распушчана. Зрэшты, цяжкасці былі часовымі, і ўжо ў 1723г. кангрэгацыя зацвердзіла новую Канстытуцыю. З тых часоў адбывалася пераважна яе развіццё.

 
Айцец Казімеж ад Святога Ёзафа Вышыньскі (1700—1755 гг.).

Значны ўклад ва ўмацаванне і пашырэнне кангрэгацыі зрабіў айцец Казімеж ад Святога Ёзафа Вышыньскі (1700—1755 гг.). За часы яго кіравання марыяне пашырылі свой ўплыў у Рэчы Паспалітай і Партугаліі. У другой палове XVIII ст. колькасць членаў закону значна вырасла, ён пашырыўся на Літве, быў закладзены новы кляштар у Рыме. Марыяне набіралі ў свае шэрагі людзей з розных народнасцей, у прыватнасці палякаў, літвінаў, русінаў, чэхаў і партугальцаў.

Марыяне праявілі здольнасці да рацыянальнага выкарыстання ўсіх магчымасцей ва ўмовах новых акалічнасцей канца XVIII ст. Яны сталі незалежнымі ад колішняй апекі айцоў-рэфарматаў, распачалі місіі з шырокім ахопам людзей і заснавалі пры ўласных кляштарах парафіяльныя школы. Справа навучання трактавалася як адна з галоўных мэт марыян. Менавіта ў той час марыянамі кіраваў адзін з найвыбітнейшых генералаў — айцец Раймунд Навіцкі (1735-1801 гг.).

Такое хуткае развіццё закону спынілася разам пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай. Новыя ўладары на яе землях праводзілі актыўную палітыку пераследу ў дачыненні да манаскіх законаў. Пратэстанцкая Прусія ўскладніла магчымасці для далучэння кандыдатаў да кляштараў, каб стварыць перадумовы для ліквідацыі жыцця законнага. У той жа час рэзка скарацілася колькасць школ, заснаваных марыянамі. Амаль адначасова распачаўся і працэс ліквідацыі кляштараў.

Першы кляштар марыян быў ліквідаваны Напалеонам у Рыме: марыяне былі высланы, як і ўсе чужаземцы, у 1798 г. Падобны лёс спаткаў у 1834 г. усе кляштары ў Партугаліі. Царскі ўрад Расійскай імперыі таксама быў схільны да знішчэння манаскіх законаў. Першым этапам было скасаванне чатырох кляштараў пасля Лістападаўскага паўстання. Да 1864 г. закон меў ужо толькі 55 членаў у 7 кляштарах на тэрыторыі Царства Польскага, якое цалкам падпарадкоўвалася Расійскай імперыі. Нарэшце застаўся адзіны кляштар — у Марыямпале на Літве. Усё астатнія былі скасаваныя або за ўдзел законнікаў у Студзеньскім паўстанні, або за тое, што — на думку царскага ўрада — былі занадта малыя.

Некаторых законнікаў саслалі ў Сібір (адзін з іх, айцец Кшыштаф Шварніцкі, у далёкім сібірскім Іркуцку збудаваў касцёл, заснаваў школу і каля пяцідзесяці гадоў выконваў ролю духоўнага айца для таварышаў па выгнанні), малую колькасць пакінулі на сваіх месцах для абслугоўвання парафіян, семінарыстаў першых курсаў разаслалі па дамах і забаранілі набор туды новых кандыдатаў. Астатніх законнікаў сабралі ў адным колішнім манастыры на дажыванне жыццяў. Многія з іх затым пакінулі месца ссылкі і перайшлі да душпастырскай працы ў якасці дыяцэзіяльных ксяндзоў.

 
Айцец Вінцэнты Сакоўскі(1840—1911 гг.).

У 1908 г. у кляштары ў Марыямпале заставаўся толькі адзін жывы марыянін — сам айцец-генерал Вінцэнты Сакоўскі (1840—1911гг.). Кляштар той быў фармальна зачынены ў 1904 г. Трагедыю закону марыян бачыў, аднак, з дзяцінства айцец Ежы (Юрый) Матуляйціс-Матулевіч (1871—1927 гг.), прафесар і прарэктар Духоўнай Акадэміі ў Санкт-Пецярбургу, пазней біскуп Віленскі, які быў ахрышчаны і выхаваны ў марыянскай парафіі ў Марыямпале. Разам са сваім сябрам айцом-прафесарам Францішкам Бучысам яны зрабілі спробу далучэння да марыян і аднаўлення кляштара ў Марыямпале. Пасля таго, як гэта спроба не дала станоўчага выніку, па ўзгадненні з Апостальскай Сталіцай, яны вырашылі далучыцца да кангрэгацыі і таемна весці законнае жыццё. 29 жніўня 1909 г. айцец Матулевіч на руцэ біскупа Казімежа Рушкевіча ў прысутнасці айца-генерала Сакоўскага склаў законныя шлюбы (з вызваленнем ад абавязку адбываць навіцыят), а айцец Бучыс быў прыняты да навіцыяту. Гэты дзень адкрыў новую старонку ў гісторыі кангрэгацыі марыян.

Адраджэнне кангрэгацыі з ініцыятывы блаславёнага айца Ежы (Юрыя) Матулевіча суправаджалася рэформамі: урачыстыя шлюбы сталі больш простымі; афіцыюм за памерлых, які выконвалі марыяне да той пары, быў заменены на іншыя пабожныя практыкі ў інтэнцыі душ, якія знаходзяцця ў Чыстцы; быў скасаваны белы габіт, які дагэтуль быў абавязковым. Таксама была распрацавана новая Канстытуцыя. «На аўдыенцыі 15 верасня 1910 г. Яго Святасць Папа Пій X найміласцівейшым чынам зрабіў ласку даць сваё пацверджанне на той спосаб рэфармавання Кангрэгацыі і Яе Канстытуцыі».

Новая Канстытуцыя мела дзве важныя характарыстыкі: па-першае, яе было магчыма выконваць таемна (законнікам болей не прадпісвалася насіць ніякія адмысловыя габіты, таму айцы маглі хадзіць у звычайных сутанах, а браты — у свецкім адзенні); па-другое, апостальская дзейнасць была прыстасавана да новых патрэбнасцей Царквы: атрыманне і пашырэнне ведаў заклікалася рабіць усімі спосабамі, змянілася кіраванне арганізацыямі, браты і айцы былі — наколькі гэта магчыма — ураўнаваныя ў правах, і братам ужо таксама давяралася апостальская праца.

Калі ў 1911 г. памёр айцец-генерал Сакоўскі, кангрэгацыя налічвала трох новых членаў і была цалкам забяспечана юрыдычнай базай. Самі марыяне ўспрымалі тое, што кангрэгацыя ўдала перажыла імавернасць смерці, як Провід Божы.

Айцец Матулевіч, які мае ў марыянскай традыцыі тытул Аднавіцеля, адкрыў навіцыят спачатку ў Санкт-Пецярбургу, потым — у Фрыбуры (Швейцарыя), дзе пры мясцовым універсітэце знаходзіў новых людзей, пакліканых да марыян. Першымі членамі адноўленай кангрэгацыі найчасцей былі дыяцэзіяльныя капеланы з Літвы і Польшчы, якія захапляліся асобай і ідэямі айца Матулевіча і жадалі актыўна ўключыцца ў апостальскую дзейнасць Царквы.

У хуткім часе кангрэгацыя з'явілася і ў Паўночнай Амерыцы, а пасля знікнення Расійскай імперыі манастыры і навіцыяты пачалі з'яўляцца ў Польшчы (Варшава) і на Літве (Марыямпале). З ініцыятывы айца Матулевіча быў таксама закладзены дом для працы сярод беларусаў на Крэсах усходніх (мястэчка Друя), кляштар уЛатвіі — адзінае месца мужчынскага законнага жыцця ў тым краі, генеральны дом з міжнародным калегіумам для марыянскіх студэнтаў у Рыме. Калі ў 1927 г. Айцец-Аднавіцель памёр, кангрэгацыя налічвала 319 членаў у 13 дамах.

У міжваенны перыяд сярод усіх формаў апостальскай дзейнасці марыян найбольшай увагі заслугоўвае багатая адукацыйна-выхаваўчая праца: адкрываліся шматлікія (адносна агульнай колькасці марыян) школы і выхаваўчыя дамы ў Польшчы і за яе межамі. З блаславення Апостальскай Сталіцы марыяне пачалі працу ў візантыйска-славянскім абрадзе сярод рускіх у Маньчжурыі (цяпер Кітай). Тая місія была разагнана савецкімі ўладамі, і большасць тамтэйшых марыян была вывезена ў лагеры.

 
Блаславёны мучанік айцец Антоній Ляшчэвіч (1890—1943 гг.).

Дынамічны рост колькасці марыян і іх апостальскіх дзеянняў быў моцна запаволены падчас Другой сусветнай вайны, а потым — ва ўмовах панавання ідэалогіі камунізму. Некалькі дзясяткаў марыян жыццямі і цярпеннем паплаціліся за сваю апостальскую дзейнасць у імя Царквы.

Пасля вайны кангрэгацыя распаўсюдзілася ў многіх краінах на ўсіх кантынентах. Дзве амерыканскія правінцыі кангрэгацыі пасылалі сваіх членаў у розныя краіны ў мэтах аказання душпастырскай дапамогі эмігрантам. Аналагічна рабілі і польскія, і літоўскія марыяне, арганізоўваючы душпастырскую апеку для сваіх сваякоў у Вялікабрытаніі. Марыяне-беларусы таксама арганізавалі патранат над Беларускай Каталіцкай Місіяй у Англіі. Палякі аселі таксама ў Партугаліі, а літоўцы дабраліся да Аргенціны. Кангрэгацыя таксама заснавала новыя пляцоўкі ў Аўстраліі (для апекі над літоўскімі эмігрантамі і эмігрантамі ўсходняга абраду з тэрыторыі Расійскай імперыі) і ў Бразіліі.

У 1969/1970 г. спецыяльная генеральная капітула правяла рэформу Канстытуцыі кангрэгацыі, прыстасаваўшы яе (у духу абнаўленняў, якія былі выказаны на Другім Ватыканскім Саборы) да сучаснасці.

У апошнія гады кангрэгацыі актыўна займаецца залажэннем новых пляцовак у Германіі і на Алясцы і місіяй у Афрыцы (Руанда і Камерун). Пасля падзення камуністычных рэжымаў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе марыяне заклалі некалькі пляцовак у Чэхіі, Славакіі і Казахстане. Таксама змаглі аднавіць сваю дзейнасць законныя структуры ў Беларусі, Украіне, Літве і Латвіі. Варта, аднак, дадаць, што праца марыян на Усходзе трывала нават у часы глыбокага камунізму, хай і таемна. Марыяне лічаць, што патронамі іх місіі на Усходзе з'яўляюцца мучанікі з Росіцы — блаславёныя Юрый Кашыра і Антоній Ляшчэвіч, забітыя ў 1943 г. У цяперашні час кандыдатамі на святасць ці блаславёнасць з'яўляюцца іншыя марыянскія айцы, якія загінулі мучаніцкай смерцю: Аўганюш Кулеш (паляк), Андрэй Цікота і Фабіян Абрантовіч (беларусы, місіянеры ўсходняга абраду з Харбіна і Маньчжурыі) і Ян Мэндрыкс (латыш).

Сёння марыяне налічваюць 499 членаў, а таксама шматлікіх памочнікаў, якія не ўваходзяць у кангрэгацыю, у 18 краінах свету і займаюцца самай рознай дзейнасцю: ад працы парафіяльнай да місіянерскай, ад служэння ў санктуарыях да душпастырства, ад нядзельных школ да навуковых даследаванняў у ВНУ. Яны стараюцца выконваць гэта згодна з дэвізам кангрэгацыі: «Pro Christo et Ecclesia» (бел.: Для Хрыста і Царквы). Неацэнную дапамогу марыянам сваёй малітвай, ахвярай, а часам і працай аказваюць тысячы свецкіх людзей, якія належаць да Асацыяцыі Памочнікаў Марыян.

 

Прачытана 1260 раз Апошняе змяненне Нядзеля, 05 Чэрвень 2016 18:31