СДМ у Кракаве

Пятніца, 19 Жнівень 2016 11:07 Аўтар  Паліна Грыб

Вяртаючыся летась са спаткання марыянскай моладзі ў польскай Гуры Кальварыі, мы дакладна ведалі, што наступным летам зноў прыедзем ў гэтыя мясціны, але ўжо па іншай прычыне – на Сусветныя Дні Моладзі. Тады гэта былі толькі планы, але ў сэрцы ўжо пакрыху з’яўлялася моцнае прагненне не толькі ўбачыць Папу Францішка, але і паўдзельнічаць у такім глабальным і насамрэч гістарычным спатканні маладых хрысціянаў з усіх кантынентаў. Ішоў час, і паступова туманная перспектыва пачынала ператварацца ў выразны план на будучае. І вось мы дачакаліся, паехалі, перажылі, вярнуліся дадому і зараз, пераступіўшы праз этап эйфарыі ад пілігрымкі, хочам з ціхай і светлай радасцю падзяліцца з вамі нашымі ўражаннямі.

Першым падарункам, які зрабіў нам Бог, было тое, што мы паехалі ў Польшчу на два тыдні, бо праграма мерапрыемстваў польскімі арганізатарамі была распрацавана наступным чынам: напачатку моладзь праводзіць дні ў дыяцэзіях, а ўжо затым накіроўваецца на агульнае спатканне ў Кракаў.

Наша група была накіраваная ў Ловіцкую дыяцэзію, дзе нас гасцінна прыняла ў сябе марыянская парафія Пушчы Марыянскай. І тут адкрыўся другі падарунак Бога – жыццё ў людзей. Напачатку мы крыху баяліся таго, што пяць дзён нам давядзецца жыць у польскіх сем’ях, у незнаёмым і незразумелым моўным і культурным асяроддзі, але нашы перажыванні развеяліся за першай жа вячэрай. І тут хацелася б сказаць пра важны ўрок, які кожны з нас атрымаў там: усё самае лепшае чалавечае, то бок вера, любоў, гасціннасць, дабрыня і інш. не мае мовы і не распазнае межаў. Убачыць доказ гэтага можна было ў момант развітання – плакалі ўсе аднолькава, а вось словы падзякі і абяцанні вярнуцца гучалі з абодвух бакоў на той агульнай мове, якая выпадкова нарадзілася з прагі ўзаемаразумення.

Адразу напачатку хацелася б сказаць і пра трэці падарунак Бога, які мы атрымалі па прыездзе ў Пушчу. Гэтым падарункам, а калі дакладней, анёлам-ахоўнікам стаўся для нашай групы вікарый прымаючай нас парафіі айцец Анджэй Сеяк МІС. Ад першага дня нашага прыезду ў Польшчу і да апошняга пункту праграмы ён заўсёды быў не толькі побач з намі, але і ў некаторыя моманты выходзіў наперад, каб пракладаць шлях.

Увогуле, калі казаць пра дні ў дыяцэзіі, то зноў жа хацелася б звярнуцца да тых універсальных паняццяў, агучаных вышэй: вера, любоў, гасціннасць і дабрыня. Менавіта на гэтых элементах будаваўся наш дзень, які абавязкова ўключаў у сябе Святую Імшу, турыстычны выезд, а таксама правядзенне часу ў супольнасці. За некалькі дзён мы паспелі: адведаць Варшаву, Ловіч, Жырардаў; прайсціся пілігрымкай да Санктуарыя Максімільяна Марыя Кольбэ ў Непакалянаве; трапіць на фартэп’янны канцэрт у музеі Фрыдэрыка Шапэна ў Жэлязовай Волі; паўдзельнічаць у міжнародным футбольным матчы і заняць там дастойнае месца; наведаць музей і месца пахавання  св. Станіслава Папчынскага, заснавальніка Ордэну Айцоў Марыянаў, і нават праплыць 14 км на байдарках! Як хацелася б падрабязна распісаць кожны з гэтых пункаў, дадаць да словаў фатаздымкі, распавесці пра вясёлыя здарэнні, але не хопіць на тое ні месца, ні словаў.

Пасля насычаных і радасных дзён у дыяцэзіі нас чакала асноўная частка нашай праграмы – Сусветныя Дні Моладзі ў Кракаве. І тут зноў Бог адарыў нас Сваёй ласкай, бо туды мы накіраваліся не адныя, а разам з польскай моладдзю з ўжо блізкай нам Ловіцкай дыяцэзіі. Для ўсіх нас на полі пад Кракавам быў арганізаваны намётавы гарадок, так званае “Мястэчка Лавіцкае”. Можа падавацца, што жыццё ў намёце на працягу некалькіх дзён – задача не з лёгкіх, але калі  пад бокам пабудаваныя капліца, палявая кухня, душы з гарачай вадой, сцэна, з якой кожную раніцу прамаўлялі польскія біскупы, лаўкі і сталы, за якімі штовечар збіраліся радасныя кампаніі, то разумееш, што лепшага супольнага перажывання гэтых МОЛАДЗЕВЫХ дзён цяжка было б уявіць.

Штодня паабедаўшы, мы пакідалі свой лагер і накіроўваліся да Кракава, у якім якраз і адбываліся ўсе галоўныя падзеі. У гэтыя дні ціхі і пяшчотны горад, якім мы яго запомнілі з мінулай паездкі, ператварыўся ў гаманкі сусветны цэнтр моладзі, дзе па вуліцах цяклі рэкі людзей, а гукі машын хаваліся за шумнымі спевамі і вясёлым гоманам. У паветры луналі сцягі розных дзяржаў, дзякуючы якім можна было прызнацца ў любові той ці іншай культуры, а таксама завязаць гутарку на вядомай табе іншаземнай мове. Напрыклад, на гучнае прызнанне француза: “Оh, j’aime Belarussie” (О, я люблю Беларусь!), какетліва адказаць: “Merci beaucoup!” (Вялікі дзякуй!)

Разам з праграмай галоўнай і афіцыйнай – Імша адкрыцця, прывітальнае слова Папы і Крыжовы Шлях з Папам, па ўсім горадзе былі размешчаныя маленькія пляцоўкі для правядзення канцэртаў, адчыненыя філіялы музеяў, прадугледжаны месцы споведзі і арганізаваная нават так званая “вуліца цішыні”, на якой знаходзіцца касцёл з рэліквіямі св. Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса, – адзінае месца ў Кракаве, дзе кругласутачна панавала поўная цішыня і малітоўны супакой.

Сустрэча з Папам на цырымоніі Прывітальнага слова была, канешне, прыемнай і незабыўнай, але найбольш уразлівым стаўся момант, калі мы стаялі паабапал дарогі, па якой Папа ехаў …у трамваі! “Вось так, - сказаў тады нехта з нашай групы. – Я ўбачыла Папу Рымскага, які праязджае ў некалькіх метрах ад мяне на звычайным гарадскім трамвайчыку. Хіба гэта не “ваў”?”

У тыя дні ва ўсіх нас складалася адчуванне, што вуліцы Кракава быццам расцягнуліся, каб умясціць у сябе ўсіх пілігрымаў. А разам з вуліцамі быццам расцягнуўся і час, бо за чатыры дні мы паспелі не толькі паўдзельнічаць ва ўсіх пунктах афіцыйнай праграмы, але і абысці ўздоўж і поперак увесь святочны цэнтр горада, паесці традыцыйныя польскія гофры і навамодныя кебабы, зрабіць дзясяткі здымкаў з моладдзю з розных краін, а таксама наведаць шахты ў Велічцы, што знаходзіцца пад Кракавам.

Безумоўна усё ж самым важным і галоўным момантам спаткання было начное чуванне на кампусе Misericordia і ранішняя Святая Імша з удзелам Папы, на якой, па некаторых ацэнках, было аж два мільёны чалавек! І зноў Божыя падарункі не прымусілі сябе чакаць. Па-першае, на полі нам дастаўся сектар, з якога добра быў бачны алтар і ў якім якраз перад намі стаяў вялікі экран, каб можна было сачыць за тым, што адбываецца. А па-другое, на тым самым сектары размяшчаліся і іншыя беларускія групы, таму мы сустракалі знаёмых і сяброў, дзяліліся з імі сваімі ўражаннямі аб праведзеным часе. Галоўным момантам начнога чування стала адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой усе прысутныя на кампусе па прыкладу Святога Айца апусціліся на калені і трывалі ў ціхай малітве. Цяжка расказаць, наколькі гэта было прыгожа і ўзнёсла...

Разам з тым, што адбывалася па праграме, хацелася б адзначыць і тую атмасферу, што панавала між намі. Зразумела, на такіх мерапрыемствах можа здарыцца што заўгодна, і вельмі важна, каб побач быў нехта, хто зможа дапамагчы і падтрымаць. Дык вось, побач заўсёды былі ўсе! І гэта, бадай што, найбольшы Божы падарунак, падзяку за які мы будзем складаць аж да наступнага супольнага падарожжа.

Сцяг СДМ - падарунак з Пушчы Марыянскай.

Айцу Вадзіму пашчасціла сустрэць тут свой Дзень Нараджэння.

Пілігрымка да Санктуарыя Максімільяна Марыя Кольбэ. Ёй прайшлася ўся моладзь, якую прымала Ловіцкая дыяцэзія, а гэта, акрамя нас, яшчэ шматлікія групы з Італіі, Францыі і Польшчы.

Святая Імша ў горадзе Жырырдаў.

Абаронцы гонару Радзімы на міжнародным футбольным турніры.

Нічога б не атрымалася без малітвы.

Прыемны вечар са спяваючымі фантанамі ў Варшаве.

Аглядаем шыкоўную Базыліку эпохі барока ў г. Ловіч.

Сумесныя спевы і танцы перад Святой Імшой на галоўнай плошчы, так званым "Старым Рынку" Ловіча.

Цудоўная атмасфера ствараецца, калі цэлая плошча напаўняецца малітвай.

Супольны адпачынак разам з сем'ямі, якія нас прымалі. Жывая музыка, смачны грыль і выдатны настрой.

Кракаў. Чакаем у чарзе за заплечнікамі пілігрыма, у якім самыя патрэбныя рэчы: малітоўнік, спеўнік, дажджавік, павязка на галаву ад сонца.

Вось якія мы зараз каляровыя!

Бясконцыя вясёлыя гутаркі ў намётавым гарадку.

Па дарозе да Кракаўскіх лугоў - месца цырымоніі адкрыцця СДМ.

Зараз бачны маштаб гэтай сустрэчы: колькі фарбаў, твараў, сцягоў!

Тым часам у Кракаве ціхай і павольнай застаецца толькі Вісла...

Не ўпускаем магчымасці наведаць вядомыя саляныя шахты ў Велічцы.

Важны пункт праграмы - Санктуарый Божай Міласэрнасці ў Лагевніках.

Крочым да Кампуса, "Поля Міласэрнасці", дзе адбудзецца начное чуванне з Папам і Эўхарыстыя на заканчэнне СДМ.

Хтосьці стаміўся, але ўсё вакол поўнае радаснага чакання.

Вось і кульмінацыя. Усе, як вялікая сям'я, злучыліся ў супольнай Адарацыі Нацсвяцейшага Сакрамэнту.

Вяртаемся ў Пушчу Марыянскую да "сваіх гаспадароў". Развітанне.

Наш дарагі айцец Анджэй. 

Да пабачэння, Польшча!

Прачытана 1240 раз Апошняе змяненне Пятніца, 19 Жнівень 2016 20:02