Разважанні ад айцоў марыянаў на штодзень

Панядзелак, 14 Лістапад 2016 17:04 Аўтар 

У сувязі са святкаваннем 500-годдзя беларускай Бібліі айцы марыяне запрашаюць да штодзённага разважання літургічных чытанняў.

Кожны дзень, пачынаючы з 27 лістапада, на нашым сайце будзе з’яўляцца каментарый да Божага Слова, падрыхтаваны праз кангрэгацыю айцоў марыянаў.

Каментарыі будуць друкавацца на старонках каталіцкга весніка (http://catholicnews.by/razvazhanni-ad-ajtsou-mary-yanau-na-shtodzen/), на росіцкай старонцы (http://mic-rosica.by/) і ў мабільных сістэмах IOS, Android (Малітоўнік - http://catholicnews.by/z-yavilasya-novae-pry-lazhe-nne-malitou-nik-dlya-android/). 

 

Уступнае слова

Ва ўсе часы чалавеку былі неабходныя арыентыры, якія дазваляюць ісці па жыцці ўласцівым шляхам. Мы вольныя самі выбіраць іх, але тут вельмі важна не памыліцца. Бо зямны шлях заўсёды вядзе ў вечнасць, і мы ўжо тут, на зямлі, нясём адказнасць за тое, якой яна для нас будзе. Беспамылковым арыентырам для нас з’яўляецца Божае Слова, дадзенае ў Бібліі. І абавязак Касцёла – данесці яго да кожнага чалавека, захоўваючы нязменным.

Кожная эпоха стварае новыя магчымасці для больш дзейснага прапаведання Добрай Навіны аб збаўленні. Гэтай мэце паспрыяў у свой час пераклад Святога Пісання на мовы народаў свету. Наша зямля таксама ганарыцца асветнікамі, якія даносілі Божае Слова на роднай мове. Сярод іх асаблівае месца займае Францішак Скарына, які 500 гадоў таму здзейсніў першы пераклад Святога Пісання на беларускую мову.

Разважанне над Божым Словам – гэта той духоўны пасілак, які дапамагае чалавеку трымацца ўласцівага кірунаку жыцця, заўсёды бачыць яго сэнс і мець радасць ад таго, што жывеш. “Не хлебам адзіным будзе жыць чалавек, але кожным Словам, што паходзіць з вуснаў Божых”, – кажа сам Езус Хрыстус. Таму шчыра дзякую айцам марыянам за падрыхтоўку гэтай нізкі штодзённых разважанняў над Божым Словам.

Няхай добры Бог благаславіць усіх, хто будзе карыстацца гэтым духоўным пасілкам, і тых, хто яго падрыхтаваў.

+Алег Буткевіч,
біскуп Віцебскі

Святы Геранім сказаў, што няведанне Бібліі з’яўляецца няведаннем Хрыста.

Асабіста я па-рознаму шукаю Бога і праўду пра сваё жыццё. Слухаю розных настаўнікаў, насычаюся мудрымі словамі, але менавіта ў Бібліі знаходжу сапраўднага Бога. У Бібліі Бог прамаўляе да мяне сёння, тут і цяпер, каб я знайшоў Яго, каб перастаў круціцца вакол сябе і выйшаў да іншага чалавека, каб прыняў Божую Міласэрнасць і занёс яе іншым.

Пастаянна на ўсё не хапае часу, але Пан Бог дае нам сёння запрашэнне: не чакай больш, сядай за стол Божага Слова, насычайся ім кожны дзень. Жыві ў Слове Бога, каб Слова Бога жыло ў табе. Бог, якога аб’яўляе Біблія, няхай напоўніць цябе сваёй любоўю і несмяротным жыццём.

Ад усяго сэрца благаслаўляю усіх, хто будзе карыстацца разважаннямі, якія падрыхтавалі мае сабраты марыяне, і хто кожны дзень будзе акунацца ў Божае Слова.

а. Павел Наумовіч МІС,
правінцыял Правінцыі Божага Провіду
Кангрэгацыі айцоў марыянаў

 

Прачытана 969 раз Апошняе змяненне Нядзеля, 27 Лістапад 2016 20:14