Са святам Божага нараджэння!

Нядзеля, 25 Снежань 2016 16:05 Аўтар  Вольга Славінская. Фота Генадзія Раманчука

Кожны чалавек любiць Свята Божага Нараджэння. Гэта зусiм нядзiўны факт, таму што кожны з нас любіць падарункі, сюрпрызы, многія іншыя прыемнасці, з якімі звязаны гэты чароўны перыяд. Аднак чаканні ад святаў ва ўсіх нас розныя: для кагосьці самым жаданым падарункам будзе новы мабільны тэлефон, або вялізны тэлевізар, а для кагосьці гэта доўгачаканая сустрэча з блізкімі, прымірэнне, развязанне канфлікту, выпраўленне крыўды пасля немалога адрэзку часу… 

Для нас, хрысціян, вельмі важнымі з’яўляюцца перыяды падрыхтоўкі да гадавых святаў — Божага Нараджэння і Вялікадня. Час Адвэнту зусім невялікі: усяго чатыры тыдні. З аднаго боку, Адвэнт – гэта не такі “аскетычны” пост як Вялікі, аднак гэта час радаснага чакання і духоўнай цішыні. Час, у якім трэба суцішыцца, звярнуць увагу на сваё жыццё, на месца Бога ў ім. Нават больш дакладна можна сказаць, што трэба ўвогуле паглядзець, ці ёсць месца для Бога у штодзённым клопаце, у гэтым імклівым забегу пад назвай «Падрыхтоўка да Навагодніх святаў», шматлікіх распродажах. Купіць усім падарункі, бо трэба ж нешта прэзентаваць, калі завітаюць сябры, родныя – вось, што турбуе нас найперш.

Кс. Андрэй Сідаровіч на казаннях у часе мінулых рэкалекцый асаблівым чынам рабіў націск на дар Любові. Падкрэсліваў не раз, што незалежна ад матэрыяльнага становішча, фізічнага стану здароўя, кожны мае самы дарагі падарунак на свята і штодзень – ЛЮБОЎ.

Гэта прыгожы і разам з тым такі просты дар для чалавека незалежна ад ўзросту – дзіцяці і людзей сталых. Але чамусьці на яго так лёгка забыцца! Нават практыкуючаму хрысціяніну, лёгка забыцца, калі толькі на першым месцы ў нашым жыцці апынаецца не Бог, а сучасны свет са сваімі каштоунасцямі і прэарэтэтамі.

Аглядаючыся назад, робячы як бы такі дайджэст парафіяльнага жыцця ў 2016 годзе, заўважу, што ЛЮБОЎ спадарожнічала нам, жодзінскім каталікам, асаблівым чынам:  па-першае, разам з усімі каталікамі свету мы перажывалі нядаўна скончыўшыся Год Міласэрнасці – найяскравейшай праявы Любові Бога да чалавека.

Па-другое, гурт «Рыбы», духоўным кіраўніком якога ёсць наш пробашч, зладзіў незвычайную па сваей моцы прэзентацыю свайго новага альбома «Любі». Ужо ў самой назве сканцэнтравана ўся простасць шляху да шчасця. Проста жыць любоўю кожнае імгненне сваёй зямной пілігрымкі і не трэба ніякіх навамодных філасофій і практык – лейтматыў новых музычных твораў.

Напрыканцы ж яшчэ раз хочацца зрабіць акцэнт на адвэнтавых рэкалекцыях, падчас якіх кс. Андрэй заахвочваў нас падрыхтаваць на Свята Божага Нараджэння найперш свае сэрца, поўнае любові – самы каштоўны падарунак прыходзячаму Збаўцу, а таксама нашым блізкім, сябрам, калегам, каб праз нашу не шэрую штодзённасць выявілася Радасная Вестка.

P.S. Айцец Андрэй зараз служыць у цудоўным па прыгажосці, намоленным і разам з тым далекім ад штодзенных клопатаў месцы, якое мы усе добра ведаем і з радасцю наведваем падчас адпустовых урачыстасцяў. Як ён сам зазначыў — “прыехаў з Поўначы”. Часам выдаецца, што нам таксама было б вельмі карысна пажыць у такім месцы – як мага далей ад гучнага экрана, вяселага радыё, незмаўкаючага тэлефона, блізкіх гіпермаркетаў, іншых забаў – “паставіць жыццё на паўзу” і запрасіць Бога у цэнтр нашага Сусвету.

Прачытана 1375 раз Апошняе змяненне Нядзеля, 25 Снежань 2016 16:19