Грамніцы

Чацвер, 02 Люты 2017 22:42 Аўтар 

"Цяпер па слову Твайму, Пане, адпускаеш слугу Твайго ў супакоі. Бо вочы мае ўбачылі Тваё збаўленне, якое Ты падрыхтаваў перад абліччам усіх народаў." (Евангелле ад Лукі, гл. 2.)

Гэтыя словы адносяць нас у тыя часы, калі Святыя Марыя з Юзафам прынеслі у храм сваё першае дзіця каб ахвяраваць яго Пану Богу. Так яны выконвалі прадпісанне Старога Запавету. Ў той час жыў у Ерузалеме чалавек, якога звалі Сімяон. Духам Святым яму было прадказана, што не памрэ, пакуль не ўбачыць Сына Божага. Сімяон, убачыўшы дзіцятка, ўзяў яго на рукі і сказаў: "Цяпер па слову Твайму, Пане, адпускаеш слугу Твайго ў супакоі. Бо вочы мае ўбачылі Тваё збаўленне, якое Ты падрыхтаваў перад абліччам усіх народаў".

З пачатку IV стагоддзя н.э. хрысціяне ў Ерузалеме, а з VII веку н.э. ужо ў Рыме, пачалі адзначаць гэты дзень як вялікае свята. Дзень, у які Хрыстос упершыню з'явіўся перад народам як доўгачаканы месія, святло для язычнікаў, надзея ўсяго свету. Таму гэтае свята назаўсёды звязана з сімваламі святла. З Х ст. з’яўляецца абрад благаслаўлення свечак, які яшчэ больш падкрэслівае і ўзбагачае сімволіку святла.

Гэтае свята заўсёды мела падвойны характар, бо яно адначасова з’яўляецца і святам Пана, і адным з найбольш папулярных марыйных святаў. Іншая назва свята – Маці Божай Грамнічнай, звяртае ўвагу на тое, што Марыя, прыносячы Езуса да ерузалемскай святыні , прыносіць святло веры. У касцёле асвячаюцца свечкі, якія называюцца грамнічнымі.

Свечка — сімвал Хрыста, які прынёс святло вечнай Праўды ўсім народам. А на Грамніцы свечка таксама сімвалізуе Марыю, пакорную слугу Пана, поўную ласкі, у душы якой заўсёды гарэла святло веры, надзеі і любові. Яна была першай, якая паверыла, і таму Бог бязмежна ўзвысіў Яе. Але, прынесшы Дзіцятка Езуса ў святыню, з вуснаў Сімяона Марыя пачула пагрозлівае прароцтва пра тое, што «меч пройдзе праз Яе душу» (пар. Лк 2, 34). Прарок прадказаў Марыі вялікую таямніцу Яе жыцця — удзел у адкупляльнай справе Яе Боскага Сына. Гэтае прароцтва спраўдзілася тады, калі Марыя стаяла пад крыжам Хрыста, і ў сваёй душы падзяляла Яго цярпенне за збаўленне свету.

Асвячаныя ў гэты дзень свечкі называюць «Грамнічнымі», бо іх запальваюць у час навальніц, якія суправаджаюцца моцным ветрам, маланкамі і грымотамі, каб апека Маці Божай выратавала ад небяспекі стыхіі. Запаленую грамнічную свечку таксама даюць у рукі таму, хто памірае, каб Найсвяцейшая Панна Марыя прывяла яго душу на неба.

Прачытана 1221 раз Апошняе змяненне Субота, 04 Сакавік 2017 11:07