Пасля цяжкай дарогі новы дзень пачаўся ў інтрызе. Першы дзень, першыя пастановы, а таксама першая сустрэча з Богам на новай зямлі. Пытанне, на якое кожны атрымаў адказ у сваім сэрцы, на 7 жніўня – “Ці давяраю я Богу?”. Я думаю, атрымалася зразумець, наколькі важна мець сувязь з Богам, быць з Ім разам і ніколі не забываць пра Яго…
На другі дзень мы задумаліся пра прыгажосць чалавека і ў чым яна павінна быць. А адказ на гэтае пытанне мы пачулі на прыканцы дня. Нелёгка было зразумець, што мы павінны шанаваць душу чалавека, павінны бачыць яго любоў да Бога і бліжняга. Мы павінны імкнуцца, таксама як Езус і Марыя, быць прыгожымі не толькі з аблічча, але і ўнутры...
На трэці дзень нашага адпачынку мы навучыліся шанаваць любоў Бога да нас і дзякаваць Яму за кожныя моманты радасці. Бо менавіта ў гэты дзень мы змаглі зарадзіцца добрым настроем, пабыўшы ў аквапарку. Добры Бог даў нам магчымасць вельмі моцна адпачыць і зноў мець сілы на духоўныя разважанні...
10 жніўня, на чацвёрты дзень нашага летніку, адбылася паездка ў Кракаў- культурную сталіцу Польшчы. Адчуўшы атмасферу старажытнага горада, пабыўшы ў святынях гэтый мясцовасці і паразважаўшы над тым, што для нас з’яўляецца скарбам, мы зразумелі, што наш самы вялікі скарб- гэта бацькі, бо яны заўсёды любяць нас, як і сам Пан Бог. Невялікі сум па дому адчуўся ў нас па дарозе да месца нашага пражывання, калі кожны прысутны пачуў нейкае добрае слова ад бацькоў, якія зачытваў айцец Вадзім. Ва ўсіх на тварах з’явілася ўсмешка, а на сэрцы стала цёпла. Вялікі дзякуй Богу за такія чуванні…
На пяты дзень мы пачулі пра справядлівасць нашага Пана. Мы даведаліся, што Ён справядлівы Суддзя, а таксама справядлівы Айцец. Бог можа вельмі моцна нас пакараць за наш грэх, але ў гэтую самую хвіліну можа прабачыць нас і ўкрыць ад іншых позіркаў…
Разуменене наколькі важная наша вера і наколькі яна малая, прыйшло да нас на шосты дзень. Падчас таго, як ў Евангеллі мы пачулі словы: “Калі ў вас будзе вера з гарчычнае зерне і вы скажаце гэтай гары: перасунься адсюль сюды, — яна перасунецца. І для вас не будзе нічога немагчымага…”
А на сёмы дзень, ў нядзелю, Святая Імша адбылася ў горадзе Янкі, да якога мы ішлі каля 40 хвілін. Касцёл адарыў нас моцай - адкінуць свой страх і ісці за Езусам. Мы разважалі на тэму таго, як трэба верыць у сябе і не баяцца розных перашкод…
Ох, 14 жніўня ўсе дрэнныя эмоцыі засталіся ў адрэналіну парку каля польскага замку. Там мы зарадзіліся эмоцыямі, каб ісці далей і далей. Мы зразумелі, што такое давер, калі праходзілі выпрабаванні больш чым на 5 метрах ад зямлі. Усе адчулі, што значыць быць адважным і перамагаць страх.
На наступны дзень было свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Паны Марыі. На працягу ўсяго дня адчувалася гэтае свята: заўсёды свяціла сонейка. Дзякуючы хлопцам, нашая капліца, як ніколі, была вельмі-вельмі прыбранная, а дзяўчаты ўпрыгожылі яе кветкамі; хор спяваў неяк інакш; а на кожным твары свяцілася ўсмешка. І ў гэты дзень мы зразумелі, што Пан Бог любіць кожнага з нас аднолькава, нягледзячы ні на што. І Наш Бог ніколі не пакіне нас адзін на адзін з сабой у цяжкую для нас хвіліну, бо Ён заўсёды побач. Мы дзякавалі Богу за кожныя нашыя перамогі і паражэнні.
16 жніўня нам зрабілі экскурсію па лясным горам да "Крыніц любові". Мы ішлі каля 10 км па лесе. На нашым шляху сустракалася шмат перашкод, але найважнейшым была наша згуртаванасць і падтрымка адзін аднаго. Пасля такога шпацыру на душы застаўся толькі спакой. А таксама на дзясяты дзень нашага летніку мы зразумелі, як трэба сябе паводзіць, калі сустракаюцца невялікія праблемы паміж сабой і як не быць ябедай…
Ранешні пад’ём і хуткі ад’езд да Чэнстахова чакалі нас 17 жніўня. У духоўнай сталіцы Польшчы мы адкрылі Панне Марыі кожную праблему, якая нас турбавала, і падзякавалі за ўсе магчымасці. Пасля экскурсіі і індывідуальнай малітвы на Яснай Гары, мы адправіліся ў Чэнстахоўскую семінарыю, дзе пачулі і ўбачылі, як там навучаюцца, а потым мелі магчымасць удзелу ў Святой Імшы. Менавіта там вельмі моцна адчувалася падтрымка Бога ў нашым жыцці і там мы зразумелі, як моцна трэба прабачаць і навошта гэта рабіць. А пасля экскурсіі па семінарыі мы пайшлі ў галоўны Caritas, каб ад’удзячыць за магчымасць прабываць у Польшчы. Затым нас чакаў невялікі шопінг. Пасля вяртання з экскурсіі адбылася вечаровая дыскатэка і адпачынак.
Наступны дзень быў апошні, але зусім не лёгкі. Нягледзячы на тое, што ўжо сумавалі па дому, усё роўна не хацелася пакідаць гэтае цудоўнае месца і такіх файных апекуноў. Было сорамна таму, што ўсе моманты гэтага лагеру больш ніколі не паўтарыць, але радасна таму, што яны назаўсёды застануцца ў нашых сэрцах. У вечары было зашмат слёз. А таксама і ўзнагарод за кожную конкурсную праграму нашага адпачынку: за паказ мод, за самы чысты домік, за спартыўную алімпіяду і за конкурс талантаў, дзякуючы якім усе насычаліся эмоцыямі і пазнавалі сябе…
Ад’езд да дому адбыўся раніцай, перад якім кожны змог яшчы раз абняць усіх апекуноў і сказаць словы падзякі за дні, праведзенныя разам…
На гэтым і скончылася нашае падарожжа. І мы ўсе гатовы з новымі сіламі ісці у школу і змяняцца ў лепшы бок…