Канешне, мы ведаем, што маліцца можна паўсюль, у кожным месцы, у кожную хвіліну, досыць толькі нашай добрай інтэнцыі і ўздоху, ўзнесенага да Бога, Яго святых, просьбы, скіраванай да неба. Магчама каму-небудзь з нас было б лягчэй, прасцей засяродзіцца дома, у якім-небудзь улюбёным месцы, дзе мы сябе добра адчуваем. Але мы вырашылі прыйсці сюды, мы сабраліся разам у касцёле, ведаючы, што гэта ўпрывілеяванае месца, каб разам слухаць, маліцца, разважаць над словам Божым. Бог бачыць наша намаганне, нашу добрую волю, нашу стараннасць. Тым самым мы выказалі таксама вялікую павагу да Найсвяцейшай Дзевы, якая прасіла нас аб гэтым жэсце любові і веры.
Людзі здаўна ведалі, што хоць Бог і паўсюдны, хоць і чуе кожнага з нас, аднак, добра мець асаблівыя месцы, выбраныя, спецыяльна прысвечаныя Богу, прыгатаваныя менавіта для Яго, дагляданыя, прызначаныя толькі Яму аднаму. Такія месцы вызначалі як святыя, як захаваныя толькі для Найвышэйшага Бога, а таму годнага вялікай хвалы і пашаны; такія месцы не маглі служыць для іншай мэты, бо хвала Бога не заслугоўвае кампрамісаў і падзелаў. Святыя месцы прызнавалі не толькі людскімі, але і Божымі, прызначанымі толькі для Бога і для кантакту чалавека з Богам. Біблія кажа пра святыні, мы будуем касцёлы, санктуарыі, капліцы. Гэта вельмі важна, каб кожнае месца, кожны горад, кожная вёска, мястэчка, мелі сваё святое месца, нават сціплае, але дарагое для Бога і людзей, і запрашала да сустрэчы з Богам. Такія месцы мы можам таксама зрабіць і ў нас дома, памяшканні, пакоі, досыць маленькія, сімвалічныя, такія, якія пакіруюць наш позірк да добрага Айца, да нашага Збаўцы, да Духа Святога і да Маці Божай.
Калі Сын Божы па волі Айца сышоў на зямлю, Дух Святы падрыхтаваў Яму таксама годнае жытло – Беззаганнае Сэрца, поўнае дароў Жыццядаўцы, Найчысцейшае. У Ім магло спачыць Божае Сэрца, прынятае ад імя ўсіх нас праз Марыю. Яна адна сталася Домам, Жыллём Сына Божага, дзе Ён мог зачацца, расці. Беззаганная стала Сталіцай Мудрасці, Пасадам Караля. Не здзіўляе нас, што Добрая Маці хацела б, каб мы таксама прымалі Яе любага Сына, не здзіўляе нас, што Яна просіць Духа Святога, каб Ён уздольніў нашыя сэрцы, каб яны сталі улюбёным домам для Езуса. Яе Беззаганнае Сэрца шчодра згадзілася з Воляй Божай. Марыя не хоча хаваць Езуса толькі для Сябе, Яна хацела б, каб мы прымалі Збаўцу, як Яна, з такой самай любоўю, далікатнасцю, чысцінёй і чуласцю.
Найсвяцейшая Панна нястомна просіць нас, каб мы аддавалі нашы сэрцы, каб мы старанна ачышчалі яго ад грахоў, падтрыхтавалі яго для такога цудоўнага госця. Панна просіць аб лучнасці сэрцаў з Яе Сэрцам, з Сэрцам Яе Сына. Паслухаемся ж да просьбы Беззаганнай.
Няхай нас не здзіўляе клопат Беззаганнай аб Сэрцы Яе Сына, гэтым Сэрцы Езуса, якое ўпадабаў Айцец. Гэта сапраўдная святыня Найвышэйшага, Сэрца поўнае велічы, годнае любові і ўдзячнасці. Прагненні Беззаганнай, як звычайна, згодныя з прагненням самаго Бога. Святы Павел заахвочваў, каб мы самі станавіліся святыняй, каб нашыя сэрцы былі тым абраным месцам, дзе няспынна будуць праслаўляць Бога, куды Ён адзін будзе мець доступ. Такую візію нам перадае таксама Апакаліпсіс: візіянер кажа, што ў небе не бачыў святыні, таму што паўсюль валадарыць Баранак, паўсюль валадарыць ласка і хвала Бога, паўсюль праслаўляюць Бога. Такім небам на зямлі было Беззаганнае Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі, якое запрашала Сына Божага, адкрытае толькі для Яго і на Яго, цалкам засяроджанае на Богу.
Прыгледзімся да Марыі. Яна з самага пачатку адкрывае свае думкі, пачуцці, волю, сваё Беззаганнае Сэрца Богу, адкідваючы ўсё, што не было годным святыні Пана. Яна ўся хоча быць толькі і выключна добрым месцам для Сына Божага, і адначасова гатовая дзяліцца Яго Прысутнасцю, як Арка Божая Яна нясе Яго ў дом Альжбеты, становячыся блаславенствам для ўсіх, хто будзе побач з Ёй.
Прымем жа Марыю ў нашым доме, у нашае жыццё, у нашае сэрца. Папросім Яе, каб Яна дапамагла нам падрыхтаваць у нашых сэрцах месца для Яе Сына, нашага Збаўцы. Папросім разам з Ёй Духа Святога, каб Ён зрабіў у нас добрае жыллё, святыню Бога, для нашага Сябра, нашага Настаўніка, нашага Валадара. Папросім аб вызваленні, ачышчэнні, папросім разам з Найсвяцейшай, каб Дух Божы навёў парадак у нашым сэрцы, прыбраўся ва ўсіх нашых пакоях і кутках нашага сэрца, каб мы, як Яна, Найпрыгажэйшая, прынялі такога Вялікага Госця, Найсаладзейшае Сэрца Езуса. Амэн
Перакладзена з польскай мовы.
Droga przez Serce. Przymierze serc Jezusa, Maryi, naszych.
Sekretariat Fatimski 2016