БАГАСЛОЎСКАЯ ІНТЭРПРЭТАЦЫЯ ФАЦІМСКАЙ ТАЯМНІЦЫ

Спавешчанне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на канферэнцыі, прысвечанай 90-м угодкам Фацімскай таямніцы

Аб’яўленні Маці Божай у Фаціме ў 1917 г., несумненна, сталі адной з найбольш інтрыгоўных падзеяў сучаснага свету. Так званая фацімская таямніца складаецца з трох частак. Першыя дзве тычацца адкрыцця пра пекла, ушанавання Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі, заканчэння І Сусветнай вайны, пачатку ІІ і пераследу Царквы, а таксама дадзенай Расіі надзеі на навяртанне (пар. MF, p.3).

Трэцяя частка аж да 2000 г. была пакрытая неверагоднай таемнасцю, і, вядома ж, выклікала агромністую цікаўнасць, спараджаючы масу здагадак, да такой ступені, што некаторыя інтэрпрэтацыі мелі апакаліптычны характар.

Слуга Божы Ян Павел ІІ у 2000 г. на зломе першага і другога тысячагоддзяў вырашыў абнародаваць трэцюю частку Фацімскай таямніцы. Гэтым самым, як падкрэсліў тадышні сакратар Кангрэгацыі веравучэння арцыбіскуп Тарчыз’ё Бертоне, пасля драматычнага і жорсткага ХХ ст. была абвешчана рэальнасць, якая ўдзельнічае ў стварэнні гісторыі і, адначасна, тлумачыць яе найглыбокшы сэнс у духоўнай перспектыве, які неахвотна прымаецца сучасным ладам мыслення, якое застаецца пад моцным уплывам рацыяналізма (пар. MF, p.3).

Звышнатуральныя з’явы і знакі, якія мелі месца ў гісторыі чалавецтва, уваходзяць у гісторыю свету, часам здзіўляючы і вернікаў, і тых, хто не верыць. Памятаю, як падчас першага візіта расійскіх пілігрымаў у Фаціму ў 1991 г. да нас падышоў прадстаўнік пасольства тады яшчэ СССР у Партугаліі і спытаўся: “Я ўвогуле не веру, аднак у фацімскіх аб’яўленнях ёсць нешта такое, што немагчыма растлумачыць звычайна, натуральным чынам. Як маглі неадукаваныя, без ведаў геаграфіі і гісторыі, вясковыя дзеці прадказаць будучыню?”

Калі гаворыш пра звышнатуральныя з’явы ў гісторыі чалавецтва, неабходна памятаць, што іх змест не павінен супярэчыць веры. Наадварот, яны павінны быць сканцэнтраваны вакол асноўнага прынцыпа Хрыстовай казані, а менавіта – вакол любові Бога Айца, якая прыводзіць людзей да навяртання і абдорвае мілатой, каб яны маглі даверыць сябе Яму. Такое ж і фацімскае пасланне, якое кліча да пакаяння і да навяртання і гэтым самым уводзіць у самую сутнасць і існасць Евангелля. Пры гэтым трэба адзначыць, што фацімскія аб’яўленні з’яўляюцца найбольш прадбачвальным адкрыццём сучаснасці (пар. MF,p.3). Гэта пацвярджаюць найперш падзеі, якія адбыліся на зломе 80-х і 90-х гадоў у Расіі і ва Ўсходняй Еўропе. 

У дадзеным спавешчанні будзе зроблена спроба прадставіць сінтэз багаслоўскай інтэрпрэтацыі Фацімскай таямніцы, асабліва яе трэцяй часткі. Для гэтага будуць выкарыстаныя думкі як самой сведкі з’яў, сястры Лусіі, так і прэфекта Кангрэгацыі веравучэння Кардынала Ёзэфа Ратцынгера – цяперашняга Пантыфіка Бенедыкта XVI, колішняга Дзяржсакратара Ватыкана кардынала Анджэла Садана і колішняга сакратара Кангрэгацыі веравучэння, цяперашняга сакратара Ватыкана,- тады арцыбіскупа, а ў цяперашні час кардынала – Тарчыз’ё Бертоне.

Для пачатку прывядзем параклады на беларускую (у арыгінале – на рускую, заўв. перакл.) мову тэкстаў Фацімскай таямніцы, якія былі напісаны сястрой Лусіяй на просьбу біскупа Лейрыі і яму ж адрасаваны. Яна пачала іх пісаць у 1938 г, дапаўняючы і правячы пазней. За аснову нашых роздумаў узяты апошні тэкст першай і другой частак таямніцы, які запісаны ў так званым “трэцім успаміне” сястры Лусіі ад 31 жніўня 1941 г. Тэкст жа трэцяй таямніцы быў напісаны 3 студзеня 1944. (У прадстаўленым ніжэй перакладзе тэкста фацімскай таямніцы пакінуты недакладнасці пунктуацыі, як гэта ёсць у арыгінале).


Першая і другая частка таямніцы

Для гэтага давядзецца спачатку пагаварыць пра Таямніцу ўвогуле і адказаць на першае пытанне: што такое Таямніца?

Мне здаецца, я ўжо магу пра гэта гаварыць, бо мне было дазваленне Нябёсаў. Намеснікі Бога на зямлі не аднойчы ўжо давалі дазвол гэта зрабіць і напісалі мне некалькі лістоў; адзін з лістоў, калі не памыляюся, ад айца Жазэ Бернарду Гансалвеша, яшчэ ў Вас, Ваша Эксцэленцыя. Гэта той самы ліст, у якім ён заклікае мяне напісаць Найсвяцейшаму Айцу. І ў ім, між іншым, просіць мяне распавесці пра Таямніцу. Штосьці я ўжо сказала, але каб не пісаць доўгага аповеду, я напішу толькі пра самае галоўнае. Няхай Гасподзь вырашае, ці варта прадастаўляць мне для гэтага больш зручны момант.

Ужо ў другім лісце я выклала сумненні, якія мучылі мяне ад 13 чэрвеня да 13 ліпеня, якія потым рассеяліся.

Такім чынам, Таямніца складаецца з трох розных частак, аб дзвюх з іх я напішу.

Першая – гэта бачанне пекла.

Панна Марыя паказала нам мора агню, якое нібы клекатала пад зямлёй. І ў гэтым агні д’яблы і душы з чалавечымі рысамі, быццам празрыстыя і бронзавыя вуголлі, гойдаліся на языках полымя, якія з хмарамі дыму з іх жа ж сыходзілі ў розных кірунках, як іскры ад вялікага пажару, бязважкія, калыханыя, сярод воклічаў і стогнаў болю і адчаю, якія жахалі і ад якіх дрыготка бегла па целе. А дэманы вытыркаліся між іх застрашлівымі нябачанымі звярынымі формамі, але былі празрыстыя, як чорныя распаленыя вуголлі. Бачанне гэта працягвалася толькі адно ігмненне, за што і дзякавалі мы нашай Маці Нябеснай. Калі б перад тым не паабяцала Яна нам узяць нас да Сябе на Неба (падчас першай З’явы), мы б, я думаю, памерлі б ад страху і вусцішы.

Мы ўзнялі вочы да Багародзіцы, Якая прамовіла з мягкім сумам: “Вы бачылі пекла, куды трапляюць душы няшчасных грэшнікаў. І каб выратаваць іх, Бог пажадаў распачаць у свеце шанаванне Майго Беззаганнага Сэрца. Калі зробяць тое, што Я скажу вам, многія душы выратуюцца і атрымаюць супакой. Вайна неўзабаве скончыцца, аднак калі яны не кінуць ганьбіць Бога, дык у Пантыфікат Пія XI пачнецца іншая вайна, яшчэ жахлівейшая. Калі ноч асвеціцца яшчэ ніколі не бачаным святлом, ведайце – гэта вялі знак аб тым, што Бог ідзе, каб пакараць свет за яго злачынствы, і пакараннем будуць вайна, голад і ўціск Касцёла і Найсвяцейшага Айца. Каб замінуць гэтаму, Я прыйду прасіць аб пасвячэнні Расіі Майму Беззаганнаму Сэрцу і аб адкупленчым Прычасці ў першую суботу месяца. Калі просьбы мае будуць пачутыя, Расія навернецца, і будзе мір. Калі ж не, дык памылкі яе распаўсюдзяцца па свеце, выклікаючы войны і пераслед супраць Царквы. Праведнікі стануць пакутнікамі, Найсвяцейшы Айцец будзе многа пакутваць, некаторыя народы будуць знішчаны. Нарэшце, Маё Беззаганнае Сэрца пераможа. Найсвяцейшы Айцец прысвеціць Мне Расію, якая навернецца, і свету на некаторы час будзе падораны мір” (MF, p. 15-16).

 

Трэцяя частка таямніцы

"І.М.І.

Трэцяя частка Таямніцы, якая была адкрытая 13 ліпеня 1917 г. у Кова-да-Ірыі, Фаціма.

Пішу, скараючыся Табе, Пан наш, паколькі Ты загадваеш мне гэта зрабіць вуснамі Яго Эксцэленцыі біскупа Лейрыйскага і Тваёй і маёй Найсвяцейшае Маці.

Пасля таго, як былі нам паказаны два бачанні, якія я ўжо апісала, злева ад Багародзіцы, трошкі вышэй за Яе, убачылі мы анёла з агністым мечам у левай руцэ; клінок зіхацеў і выпраменьваў языкі полымя, якія, здавалася, мусілі падпаліць свет; але, ледзь дакрануўшыся да святла, якое сыходзіла ў кірунку меча з правай рукі Панны Марыі, яны адразу ж згасалі; анёл, паказваючы правай рукою на зямлю, гучна прамовіў: “Пакаянне! Пакаянне! Пакаянне!” І мы ўбачылі ў магутнай плыні святла, якое ёсць Бог, падобна да таго, як адлюстроўваюцца людзі ў люстэрку, калі набліжаюцца да яго, біскупа, апранутага ў белае – мы адчулі, што гэта быў Найсвяцейшы Айцец. Мноства іншых біскупаў, святароў, манахаў і манашак узыходзілі на стромкую гару, на вяршыні якой узвышаўся вялікі крыж, які быў збіты з груба абчасаных бярвенняў, нібыта з неабсклюдаванага коркавага дрэва. Па дарозе на гару Найсвяцейшы Айцец перасягнуў вялікі, напалову разбураны горад; ён калаціўся, ідучы на дрыжачых нагах, пакутуючы ад смутку і болю, і маліўся за душы спачылых, чые целы трапляліся яму на шляху. А калі ён узняўся на вяршыню і ўпаў на калені перад вялікім крыжам, дык быў забіты жаўнерамі, якія стралялі ў яго з агнястрэльнай зброі і кідалі ў яго стрэлы; і гэтак жа дакладна паміралі адзін за адным і іншыя біскупы, святары, манахі і манашкі, паспалітыя людзі, мужчыны і жанчыны розных саслоўяў і станаў. Пад ашэсткам  крыжа з абодвух бакоў былі два анёлы з крыштальнымі крапільніцамі, у якія збіралі кроў пакутнікаў і з якіх акраплялі яны душы, якія набліжаліся да Бога” (MF, p. 21).

Несумненна, многія, прачытаўшы тэкст трэцяй часткі Фацімскай таямніцы, былі расчараваныя, бо не спраўдзіліся шматлікія здагадкі і спекуляцыі. І сапраўды, тэкст не адкрывае ані вялікае таямніцы, ані заслоны будучыні. Ён толькі гаворыць аб Царкве пакутнікаў мінулага стагоддзя, вобразна прадстаўляючы яе цяжка зразумелай сімвалічнай мовай. У сувязі з гэтым Кардынал Анджэла Садана кажа, што гэты тэкст з’яўляецца апісаннем прарочай візіі, падобнай да біблейскіх прароцтваў, якія не апісваюць канкрэтна з’яў, якія маюць адбыцца, але сінтэтычна і сцісла паказваюць на аддаленыя ад сябе ў часе факты, не апісваючы канкрэтна ані іх чарговасці, ані працягласці. Таму гэты тэкст не можа быць прачытаны іначай, чым толькі ў сімвалічным ключы (пар. MF, p. 30). Таму лагічна ўзнікае пытанне: як мы павінны разумець фацімскія з’явы і што пра іх думаць (пар. MF, p. 32).

Перш, чым адказаць на гэтыя пытанні, трэба памятаць, што Касцёл прызнае два тыпы адкрыццяў: агульныя і прыватныя, паміж якімі ёсць істотная розніца. “Агульнае адкрыццё” – гэта адрасаванае ўсяму чалавецтву і сфармаванае ў літаратурным вобразе Бібліі Адкрыццё, якое змяшчаецца ў Старым і Новым Запаветах. У Адкрыцці Бог паступова даваў людзям магчымасць спазнаць Яго да такой ступені, што Сам стаўся чалавекам ў таямніцы Богаўцелаўлення. Адкрыццё – гэта жывы працэс, у якім Бог набліжаецца да чалавека. Натуральна таксама і тое, что розум дапамагае лепей зразумець Адкрыццё і ўспрыняць Боскую таямніцу. Паколькі Бог адзіны, дык і Яго ўваходжанне ў гісторыю, якое ён перажывае адначасна з чалавецтвам, толькі адно, і яно захоўвае сваё значэнне ў кожнай эпосе. Кульмінацыйным пунктам гэтага ўваходжання з’яўляецца таямніца Богаўцелаўлення, жыццё, смерць і Ўваскрасенне Езуса Хрыста. У Хрысце Бог прадставіў людзям Самога Сябе. Таму Адкрыццё завершылася тайнаю Хрыста, што знайшло сваё ўвасабленне на старонках Новага Запавету. Цудоўна сведчыць пра гэта Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, які вучыць, што “паколькі Ён даў нас Сына Свайго, Які ёсць Слова Ягонае, у Бога няма іншага слова, якое б ён нам даў. Ён адразу ўсё сказаў нам ў гэтым адзіным слове…; бо ўсё, што Ён часткова казаў прарокам, Ён сказаў ува ўсёй паўнаце ў Сыне Сваім, даўшы нам ўсё, што ёсць Яго Сын. Вось чаму той, хто хацеў бы спытаць Яго сёння або пажадаў бы відзяжу або адкрыцця, не толькі здзейсніў бы бязглуздасць, але зганьбіў бы Бога, не накіраваўшы свой позірк толькі на Хрыста, шукаючы чагосьці іншага і новага” (ККК 65).

Аднак, як падкрэслівае кардынал Ратцынгер (пар. MF, р.33), факт завяршэння адзінага Божага Адкрыцця ў Езусе Хрысце не азначае, што Касцёл можа глядзець толькі ў мінулае і асуджаны на яго бясплоднае паўтарэнне. Катэхізіс цвердзіць: “І ўсё ж, калі Адкрыццё і завершанае, яно не цалкам даступнае нашаму разуменню; хрысціянская вера мусіць на працягу стагоддзяў паступова адкрываць глыбіні яго сэнсу” (гл. ККК 66). Тут неабходна адзначыць два істотныя элементы, а менавіта – сувязь з гістарычнай падзеяй і працэс успрымання гэтай падзеі. Гэта пацвярджае і сам Збаўца, калі кажа: “Яшчэ многае маю вам сказаць, але вы цяпер не можаце спасцігнуць. Калі ж прыйдзе Ён, Дух праўды, дык наставіць вас на ўсякую праўду” (Ян 16, 12-13). Г.зн. Святы Дух заўсёды вядзе і адкрывае доступ да паглыблення спазнання Адкрыцця. Нездарма Катэхізіс цытуе св. Грыгорыя Вялікага, што “словы Боскія вырастаюць разам з тым, хто іх чытае” (пар. In Ez 1, 7, 8: ККК 84). А ІІ Ватыканскі Сабор у Канстытуцыі “Dei Verbum” аб Боскім Адкрыцці паказвае тры асноўныя шляхі развіцця апостальскага Падання пры судзеянні Святога Духа, а менавіта: праз сузіранне і даследаванне вернікамі, якія складваюць гэта ўсё ў сэрцы сваім (пар. Лк.2, 19, 51), праз глыбокае спасціженне духоўнай рэальнасці, якую яны перажываюць, і праз казань тых, хто з біскупскім наследаваннем прыняў праўдзівы дабрадайны дарунак існасці (пар. DV 8).

У гэтым кантэксце і належыць разглядаць “прыватнае адкрыццё”, якое мае дачыненне да ўсіх бачанняў і адкрыццяў, здзейсненых па завяршэнні Новага Запавету; менавіта пад гэтую катэгорыю і падпадае фацімскае пасланне (гл. MF, р.34) “Цягам стагоддзяў здараліся адкрыцці, названыя “прыватнымі”, некаторыя з іх былі прызнаныя Касцёлам. …Іх роля – не “палепшыць” ці “дапоўніць” Адкрыццё Хрыстова, але дапамагчы жыць больш поўна ў пэўную гістарычную эпоху” – вучыць Катэхізіс (ККК 67).

Адсюль два фундаментальныя вынікі. Агульнае адкрыццё ці, у нашым выпадку, Боскае Адкрыццё, патрабуе прыняцця яго з верай як слова самога Бога. Адначасна, няма і не можа быць абавязку публічна выказваць веру ў прызнаныя Касцёлам прыватныя адкрыцці. Яны датычацца, найперш, паслухмянай прынцыпам разважлівасці індывідуальнай веры, - пісаў Кардынал Праспера Ламберціні, будучы Папа Бенедзікт XIV.

Для прызнання Касцёлам прыватнага адкрыцця неабходныя тры ўмовы: каб дадзенае адкрыццё не супярэчыла веры і пабожнасці, каб яго можна было зрабіць дастаяннем галоснасці, каб вернікам было дазволена ў разважлівай форме выказваць сваё пакланенне. Такія з’явы могуць эфектыўна дапамагаць лепшаму разуменню і перажыванню Евангелля, з чаго вынікае, што іх не варта ўспрымаць легкадумна. Таму крытэрам сапраўднасці прыватных адкрыццяў з’яўляецца іх хрыстацэнтравасць. Калі прыватнае адкрыццё аддаляе ад Хрыста, робіцца незалежным ад Яго ці прапануе інакшую, важнейшую, чым Евангелле, задуму збаўлення, дык ясна, што яно не ад Духа Святога, які вядзе нас да спазнання Евангелля, а не аддаляе ад яго. Трэба таксама памятаць, што адкрыццё мусіць быць сілкаваннем для веры, надзеі і любові, якія ёсць шляхам да збаўлення.

Далей, Касцёл у кожны час атрымоўвае харызму прароцтва, да якога нельга ставіцца легкаважна. Бо яшчэ св. Павел Апостал навучаў: “Духа не гасеце. Прароцтваў не прыніжайце. Усё выпрабоўвайце, добрага трысмайцеся” (1 Фес 5, 19-21) Тут, аднак, неабходна памятаць, што прароцтва ў біблейскім разуменні не азначае прадказання будучыні, а з’яўляецца тлумачэннем волі Божае на цяперашні час. Гэта воля акурат і паказвае шлях у будучыню. Істотным з’яўляецца неабходнасць актуалізацыя Адкрыцця, бо прарочае слова ёсць перасцярогай або суцяшэннем, або адначасна і тым, і тым. У гэтым сэнсе можна правесці пэўную паралель паміж харызмай прароцтва і паняткам “знакі часу”. Бо яшчэ Хрыстос з папрокам казаў: “Аблічча зямлі і неба апазнаваць умееце, як жа часу гэтага не пазнаяце?” (Лк.12, 56) Значэнне неабходнасці прачытання “знакаў часу” падкрэсліў і ІІ Ватыканскі Сабор: “Касцёл мусіць у кожны час адрозніваць знакі часаў і тлумачыць іх у святле Евангелля, каб ён мог даць кожнаму пакаленню належны адказ на вечныя пытанні людзей аб сэнсе цяперашняга і будучага жыцця і аб іх узаемасувязі” (GS 4). Чытаць і тлумачыць “знакі часу” ў святле хрысціянскай веры значыць акурат тое, каб распазнаваць прысутнасць Хрыста ў пэўным часе. Такі і сэнс прызнаных Касцёлам прыватных адкрыццяў, адпаведна і фацімскіх. Яны павінны дапамагаць нам у разуменні “знакаў часу” і ў пошуку адпаведных адказаў на іх у святле веры (пар. MF, p.34-36)

Несумненна, разважаючы пра фацімскія з’явы, якія маюць прыватны характар, трэба надаваць увагу таксама і іх антрапалагічнаму характару. У гэтым сэнсе фацімскія з’явы маюць дачыненне да ўнутранага бачання, калі душа сведкі сустракаецца з чымсьці рэальным, атрымліваючы магчымасць бачання таго, што не заўважна для пачуццяў (пар. MF, p.37).

Прадстаўленыя вышэй разважанні дазваляюць перайсці непасрэдна да багаслоўскай інтэрпрэтацыі фацімскай таямніцы.

У першай і другой яе частках дзеці ўбачылі жахі пекла і адначасна пачулі абяцанне аб шляху да збаўлення – аб шанаванні Беззаганнага Сэрца Марыі. Панятак “сэрца” на мове Бібліі азначае цэнтр быцця чалавека. “Чыстае сэрца”, у Евангеллі паводле Мацвея – гэта тое, што прыйшло да дасканалага ўнутранага адзінства дзякуючы Богу, і таму яно “ўбачыць Бога” (пар. Мф 5, 8). Таму шанаванне Беззаганнага Сэрца Марыі азначае менавіта набліжэнне да такое стану чалавечага сэрца, калі, паводле прыкладу Марыі, нашае “fiat”, г.зн. згоднасць з воляю Божай, стаецца цэнтрам, які фармуе ўсю нашу істоту (пар. MF, p.39).

Датычна трэцяй часткі фацімскай таямніцы варта падкрэсліць, што калі ключ да спазнання першай і другой частак даюць словы “выратаваць душы”, дык да трэцяй – трохразовы заклік да каяння: “Пакаянне, пакаянне, пакаянне!” Як не параўнаць гэтыя словы з першым заклікам, з якім Хрыстос звярнуўся да сваіх слухачоў: “Пакайцеся і веруйце ў Дабравесце!” (Мк 1, 15)! Адпаведна, разумець “знакі часу” азначае разумець заўсёды актуальную неабходнасць пакаяння (пар. MF, p.40)

У лісце Найсвяцейшаму Айцу Яну Паўлу ІІ ад 12 мая 1982 г. сястра Люсія піша, што трэцяя таямніца зводзіцца да слоў Маці Божай “калі і калі не”. Тым самым яна сцвярджае, што таямніца ёсць сімвалічнае прароцтва, г.зн., перш за ўсё, заклік да пакаяння і навяртання. І таму не трэба казаць, што Бог нас карае; наадварот,- людзі самі выклікаюць на сябе пакаранне. Бог, шануючы свабоду, якою абдарыў нас, цярпліва папярэджвае і выклікае да вяртання на праўдзівы шлях (пар. MF, p. 8-9). У гэтым складаецца належны адказ, як адвесці пагрозу небяспек, якія былі паказаныя ў фацімскіх з’явах.

Кардынал Ёзэф Ратцынгер узгадвае, што сястра Лусія ў размове з ім казала, што мэтай фацімскіх з’яў акурат і быў заклік да ўзрастання ў веры, надзеі і любові (пар. MF, p.40). Падчас сустрэчы з расійскімі і казахстанскімі ерархамі, якая адбылася ў 1997 г. пасля завяршэння пілігрымкі статуі Фацімскай Божай Маці па Расіі і Казахстане, манашка сказала, што навяртанне – гэта працяглы працэс, а слова “Расія” ў цяперашні час неабходна разумець як увесь свет, бо грэх не мае нацыянальнасці і ўвесь свет патрабуе пакаяння і навяртання.

Зараз разгледзім ўважлівей сцэны трэцяй часткі фацімскае тайны (пар. MF, р.40-43) з мэтай іх інтэрпрэтацыі.

Анёл з мечам, які стаіць з левага боку ад Марыі, нагадвае нам вобразы Апакаліпсіса. Гэта пагроза суда, які навіснуў над светам. Думка аб тым, што сучасны свет можа загінуць у моры агню – больш не фантазія. Чалавек стварыў зброю нябачанай дагэтуль разрушальнай моцы і працягвае яго ўдасканальваць. Гэта сімвалізуе агністы меч. У гэты ж час бачанне паказвае на моц, якая у стане выратаваць ад пагражальнай небяспекі – гэта зіхоткі вобраз Марыі і заклік да пакаяння, які ад яе сыходзіць.

Такім чынам, бачанне падкрэслівае значэнне свабоды чалавека. А менавіта – яго будучыня не з’яўляецца нязменна перадвызначанаю, а, наадварот, залежыць ад яго самога. Мэта яго не паказаць “фільм” пра раз і назаўжды наканаваную будучыню, але, наадварот, мусіць мабілізаваць чалавека для перамянення да лепшага. Г.зн. яно гаворыць нам як аб небяспеках, так і пра тое, якім чынам іх можна пазбегнуць.

Наступныя сцэны з’явы яшчэ выразней паказваюць на яе сімвалічны характар. Месца дзеяння вызначанае трыма сімваламі: стромкая гара, напалову разбураны горад і вялікі крыж. Гара і горад сімвалізуюць месца, дзе дзеецца гісторыя чалавецтва. Гэта гісторыя цяжкога чалавечага развіцця, і адначасна небяспек і разбурэнняў, калі чалавек сам знішчае створанае ўласнымі рукамі. На гары ўзвышаецца крыж – мэта і арыенцір чалавечай гісторыі. Крыжам разбурэнне пераўтвараецца ў збаўленне; Крыж – гэта сімвал нэндзы чалавечай гісторыі і, адначасна, знак надзеі.

Далей у з’яве апынаюцца людзі: біскуп у белым, іншыя біскупы, святары, манахі і манашкі, мужчыны і жанчыны. Згодна з меркаваннем фацімскіх візіянераў, Біскуп у белым – гэта Папа. Ён ідзе наперадзе іншых праз напалову разбураны горад і сярод памерлых. Усё гэтае сімвалізуе шлях Касцёла як Крыжовы Шлях, як шлях ў часы пераследаванняў і разбурэнняў. Гэта ні што іншае, як гісторыя мінулага стагоддзя, часу пакутнікаў, цярпення і пераследу Царквы, сведкаў веры, дзвюх Сусветных і незлічоных лакальных войнаў, якія прынеслі велізарныя пакуты чалавецтву.

У Крыжовым Шляху Касцёла ХХ ст. асаблівую ролю адыгрываюць Папы, пачынаючы ад Пія Х да Яна Паўла ІІ. Усе яны бралі ўдзел у пакутах прамінулага часу і намагаліся ісці праз іх шляхам, які вёў да крыжа. Гэта з’ява прадстаўляе Папу, забітага на гэтым шляху пакутнікаў. “Няўжо Ян Павел ІІ, загадаўшы пасля замаху 13 мая 1981 г. прынесці яму тэкст трэцяй часткі фацімскай таямніцы, не мог пазнаць у ім сваё наканаванне?” – пытаўся кардынал Ёзэф Ратцынгер. Сам Папа 13 мая 1984 г. такім чынам растлумачыў сваё выратаванне: “Траекторыю кулі змяніла рука Маці, яна ж не дазволіла цяжка параненаму Папу пераступіць парог смерці”. Гэты факт яшчэ раз сведчыць аб тым, што не існуе нязменнага наканавання чалавека, што вера і малітва – тыя сілы, якія могуць уплываць на гісторыю, што малітва мацнейшая за кулі, а вера – за цэлыя дывізіі.

Апошнія словы трэцяй часткі фацімскае таямніцы – гэта бачанне, якое бадзёрыць і дае новую надзею, у якім поўная крыві і пакутаў гісторыя трапляе пад гаючую сілу самога Бога. А менавіта: анёлы пад крыжам збіраюць кроў пакутнікаў і акрапляюць ёю душы, якія набліжаюцца да Бога. Цікава, што яны яе збіраюць, знаходзячыся пад папярэчынамі крыжа. Г. зн. тут кроў Хрыста і кроў пакутнікаў злітыя ў адно. Цярпенні пакутнікаў і Хрыста аб’яднаныя і ёсць адным цэлым. Тут мы бачым выкананне слоў св. апостала Паўла, што пакутнікі папаўняюць недахоп цярпенняў Хрыста (пар. Кал. 1, 24). Падобна да таго, як ад смерці Хрыста, з Яго працятага боку нарадзілася Царква, так і смерць Яго сведкаў прыносіць плён для яе будучага жыцця. Таму страшнае спачатку бачанне трэцяй часткі фацімскай таямніцы заканчваецца сцэнай, якая дорыць надзею. Ніякая пакута не дарэмная. Царква, якая церпіць, і Царква пакутнікаў паказвае дарогу чалавеку, які шукае Бога. Таму што пакуты сведкаў Хрыста аднаўляюць пакуты самога Збаўцы і ўносяць у цяперашнюю рэальнасць Яго выратавальную дзею, дык з гэтых пакутаў сыходзіць ачышчальная і абнаўляльная моц.

Дадзеная вышэй багаслоўская інтэрпрэтацыя фацімскіх з’яў дазваляе зрабіць наступныя высновы:

  1. Перш за ўсё, неабходна памятаць аб тым, што фацімскія з’явы – гэта прыватнае адкрыццё. Таму яны не з’яўляюцца і не могуць быць прадметам веры. Аднак у той жа самы час яны даволі карысныя і дапамагаюць ва ўзмацненні і развіцці нашай веры, што асабліжа важна перад абліччам пагрозлівых выклікаў сучаснасці. Таму іх нельга ігнараваць. Сучасны свет прапануе мноства разнастайных сродкаў, забываючы пра істотнае, а менавіта, калі можна так сказаць, пра “вератэрапію”, якая з’яўляецца лекам для душы.
  2. Фацімскія з’явы варта чытаць як сімвалічныя, якія ўпісаліся ў гісторыю свету і, асабліва, Расіі ў ХХ ст., якое нядаўна завершылася.
  3. Яны найперш тычацца барацьбы атэістычнай сістэмы з Царквою і апісваюць пакуты сведкаў веры ў ХХ ст. Гэта ні што іншае, як Крыжовы шлях Касцёла, якому прадстаялі Папы мінулага стагоддзя, у тым ліку Ян Павел ІІ, які ў тэксце трэцяй часткі фацімскае таямніцы пазнаў правобраз замаху на сваё жыццё.
  4. Фацімскія з’явы і іх таямніца, з аднаго боку, як ўяўляецца, належыць мінуўшчыне, хаця цяжка гаварыць, напрыклад, аб навяртанні Расіі, як аб адбытай адзіначаснай падзеі, бо гэта працяглы, цяжкі і заўсёды актуальны працэс. З іншага боку, яны тычацца заўсёды актуальнага закліка да пакаяння і навяртання, - як падкрэслівае Кардынал Анджэла Садана (пар. MF, р.31)
  5. У сявязі з гэтым у цяперашні час наступу антырэлігійнага і агнастычнага секулярызма выключна важнае перацеражэнне марыі: “Калі і калі не”. Г.зн. калі людзі будуць каяцца і звяртацца да Бога, дык могуць спадзявацца на мірнае і шчаслівае жыццё. Калі не, дык варта чакаць небяспек. Прычым, тут няма ў чым папракнуць Бога. Ён перасцерагае і заклікае вярнуцца на паказаны Ім шлях, паважаючы свабоду чалавека, якою Ён яго абдарыў. Таму толькі чалавек нясе адказнасць за сваю будучыню. Чалавецтва не павінна забыць урокаў трагічнай гісторыі ХХ ст.
  6. Выключна важным з’яўляецца сцверджанне Марыі аб урачыстасці Яе Беззаганнага Сэрца і Яго ўвельбаванні. Гэта заклік да кожнага чалавека – мець чыстае і адданае Богу сэрца. Сучаснаму, поўнаму супярэчнасцей і выклікаў свету Марыя дае новую надзею ў чыстым, звернутым і адданым Хрыстусу сэрцы.
  7. Фацімская таямніца гэта ні што іншае, як заклік да малітвы, якая ёсць шлях да збаўлення, і заклік да пакаяння і навяртанню. З таго моманту, калі Бог стаўся чалавекам, г.зн. атрымаў чалавечае сэрца, дзякуючы чаму звярнуў чалавечую свабоду да дабра і Бога, свабода ствараць зло ўжо не мае апошняга слова, бо Хрыстус скарыў свет (пар. Ян 16, 33) (пар. MF, р. 43-44).
  8. Такім чынам, Фаціма – гэта знак Божае міласэрнасці, які праз Марыю быў аказаны Расіі і чалавецтву 90 гадоў таму. Вялікі сябра Фацімскай Божай маці Служка Божы Ян Павел ІІ кажа, што менавіта міласэрнасць Божая – адзіная надзея сучаснага свету (пар. BBM, s. 71).
  9. І, нарэшце, фацімскія з’явы і іх таямніца заклікаюць нас на выклікі часу даць хрысціянскі, укарэнены ў Апакаліпсісе адказ, каб не секулярызаваны свет перамог нас, а мы, народжаныя ад Бога, парамаглі яго (пар. 1 Ян 5, 4) – як вучыць Ян Апостал.

Таму фацімская таямніца для сучаснага свету – гэта надзея нават звыш надзеі (пар. Рым 5, 5).

Дзякуй за ўвагу.

 

Выкарыстаныя літаратура і скарачэнні:

1. II Ватикаский Собор. Пастырская конституция о Церкви в современном мире "Gudium et spes" (GS).

2. Bóg bogaty w milosierdzie. Jan Pawel II w Ojczyznie. 16-19 sierpnia 2002, KAI 2002 (BBM).

3. Il Messaggio di Fatima, Tipografia Vaticana 2000 (MF).

Пераклад на беларускую мову Віталя Стахіевіча

Прачытана 17306 раз