Месцам першага нашага начлегу стаўся горад Лагойск, які знаходзіцца за 43 км ад Жодзіна. Гэтыя кіламетры былі найцяжэйшымі за ўвесь пілігрымковы шлях. Уранку сонейка ласкава прыгравала, ніводнага воблачку не віднелася на небасхіле, і ўсе, усцешаныя добрым надвор’ем, паздымалі цёплую вопратку ды с песнямі вырушылі ў дарогу. Але пасля смачнага і сытнага абеда, які быў прывезены з Жодзіна, надвор’е пачало паціху пагаршацца, і ў Лагойск мы ўваходзілі пад праліўны дождж з градам. Усе змоклі так, што, здаецца, мыцца было ўжо не патрэбна, але нішто не змагло сапсаваць наш настрой. Ля касцёла нас гасцінна сустрэлі лагойскія парафіяне з а.Тамашам, а пасля малітвы да нас прыбылі сімвалы Сусветнага дня моладзі - крыж і абраз Маці Божай Salus Populi Romani. Гэты амаль 4-метровы крыж быў зроблены ў 1984 г., знаходзіўся спачатку на працягу цэлага года побач з галоўным алтаром базылікі св. Пятра. Затым Папа Ян Павел II уручыў крыж маладым людзям, як сімвал любові Хрыста да чалавецтва. “Насіце яго ва ўсім свеце як знак, як сімвал любові Хрыста да чалавецтва, і абвяшчайце ўсім, што толькі ў смерці і ўваскрасенні Хрыста мы можам знайсці збаўленне і адкупленне”, - сказаў тады Папа. З таго часу крыж і абраз Маці Божай пілігрымуюць па ўсім свеце, каб прыбыць у канчатковым выніку ў сталіцу чарговых Сусветных дзён моладзі, якой стане г. Кракаў у Польшчы. Кожны змог пакланіцца крыжу ды памаліцца за сябе, за блізкіх альбо проста за тых людзей, якія не вераць у Хрыста. Затым усе пілігрымы адправіліся на начлег у дамы лагойскіх парафіянаў-дабрадзеяў.
І вось раніца наступнага дня. Сустрэліся ў касцёле на ранішнюю імшу, памаліліся аб шчаслівай дарозе, падзякавалі тым, хто даў нам прытулак на гэтую ноч і рушылі ў шлях. Кожны дзень у пілігрымцы адбываецца канферэнцыя, увесь ён напоўнены вясёлымі гутаркамі, спевамі і, канешне ж, малітвай. Таму, тыя, хто збіраецца ўпершыню ў пілігрымку, не забудзьцеся ўзяць у свой заплечнік ружанец і малітоўнік “Ойча наш”. Дарэчы, пілігрыму для шчасця патрэбна няшмат: бутэлька з вадою, дажджавік, пачак пластыраў на свае мазалі, добры настрой ды інтэнцыя ці падзяка да Маці Божай Будслаўскай.
У другі дзень пілігрымавання ўжо які год запар абедам нас частуюць жыхары вёскі Корань. Яны прадастаўляюць нам сад, дзе можна пад кожным дрэвам разаслаць свой карэмат, пад’есці халадніку, сала з бульбай, смачнай выпечкі і шмат якіх яшчэ прысмакаў, прыгатаваных мясцовымі парафіянамі.
Наступным месцам начлегу становіцца вёска Акцябр, шлях да якой ляжыць праз лес і поле па пясчанай дарозе, пасля якой непазбежна пакрываешся пылам. Але ў гэты раз Бог благаславіў на добрае надвор’е, і ўвесь дарожны пыл быў прыбіты начным дажджом. Прыйшоўшы ў невялікую, але ўтульную капліцу св. Дамініка, мы, памаліўшыся адправіліся на адпачынак.
Вось, палова шляху ў мінулым. Засталося прайсці яшчэ да вёскі Даўгінава, а ў наступны дзень ўжо да нашай канчатковай мэты – Будслава. Зноў шлях. Трыццаць кілометраў “з гакам” чакаюць нас сёння. Дарэчы, “з гакам” – гэта асаблівая пілігрымковая адзінка вымярэння, велічыню якой ніколі агучваюць, бо яе ніхто дакладна не ведае. Таму, калі яе ўзгадваюць, ўсе толькі смяюцца і спадзяюцца, што “гак” будзе меншы. У Даўгінава на начлег спыняецца яшчэ некалькі пілігрымак, акрамя нашай. Таму месца ў дамах хапае не для ўсіх, і штогод нас гасцінна прымае мясцовы клуб, дзе мы можам спачыць на мяккай (пасля трох дзён дарогі) падлозе.
– Мяккай падлогі! – так і пажадаў нам кс. Вадзім Мізер на заканчэнне Адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, якую ён праводзіў разам з моладдзю ў Даўгінаўскім касцёле.
Дзень чацвёрты. Апошні. “Нарэшце” – скажуць тыя, хто надта стаміўся ці мае балючыя мазалі. Але я б, здаецца, яшчэ ішла ды ішла вось так увесь час да Бога, да Марыі… У гэты дзень мы сустракаліся на шляху са шматлікімі іншымі пілігрымкамі з розных мясцін, заўсёды радасна вітаючы адзін аднаго.
І вось ён – Будслаў! Молячыся на святым Ружанцы ўвайшлі мы ў яго, пакланіліся цудатворнаму абразу Маці Божай Будслаўскай у Санктуарыі. Чакаем ля выхаду са святыні. У некаторых на вачах бачу слёзы. Ці гэта радасць, ці захапленне, ці адчуванне прысутнасці Бога?
А шостай гадзіне вечара адбылася імша для пілігрымаў, якую правёў біскуп Алег Буткевіч. Кожная пілігрымка хацела як мага лепш прадставіць сябе, размахваючы сцягамі, рознакаляровымі хустачкамі, і надрываючы галасы крычалкамі. У вольны час да начной імшы ў палатачным гарадку моладзь з іншых пілігрымак ладзіла танцы. Начной імшы папярэднічала працэсія з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай, у ёй прынялі ўдзел шматлікія пілігрымы, несучы ў руках свечкі, а ўзначаліў імшу Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, які на заканчэнне ўдзяліў вернікам апостальскае благаслаўленне з адпустам. Некаторыя пілігрымы засталіся начаваць у палатках і прысутнічалі таксама і на ўрачыстай імшы ўдзень, але іншыя, у ліку каторых была і я, пакінулі Будслаў па заканчэнні начной імшы.



















