Праграма сустрэчы была як раз вельмі сучаснай і моладзевай. Вечарамі на сцэне праводзіліся канцэрты, падчас якіх былі прадстаўлены такія стылі музыкі, як хрысціянскі джаз, хрысціянскі рок-н-ролл і нават амаль што хрысціянскі поп. Такую разнастайнасць на сцене ў першы вечар стварылі ўдзельнікі “Музычнай майстэрні”, якая адбывалася ў Івянцы з 21 ліпеня. А на наступны вечар канцэрт-малітву на сцэне праводзіў вядомы гурт РЫБЫ. Нягледзячы на знешняе падабенства да звычайных моладзевых канцэртаў, гэтыя вечары ўсё ж былі напоўненыя моцным малітоўным духам. Са сцэны ўвесь час гучалі “алелюя” і “амэн”, а пад сцэнай няспынна ўздымаліся рукі тых, хто прыехаў сюды не танчыць, але славіць Бога радасцю. Былі сярод такіх людзей і напасрэдна маладыя ўдзельнікі сустрэчы, і сёстры законныя, і святары, і месныя бабулькі, а таксама сем’і з усіх навакольных населеных пунктаў. Такім чынам, вечарамі сустрэча моладзі ператваралася ў усеагульную малітву праслаўення.
Ну а днём былі канферэнцыі, якія былі прысвчаныя менавіта жыццю моладзі і падлеткаў. Удзельнікі паслухалі аповед польскай акторкі пра чорную магію, а таксама даведаліся, што такое чыстае каханне, як правільна маліцца, паглядзелі фільмы пра святых пап і Казіміра Свёнтка і папрысутнічалі на сутрэчы з рэжысёрам фільма пра эухарыстычныя цуды. Жадаючыя маглі наведаць майстр-клас на тэму таго, як пісаць навіны і рабіць фота-рэпартажы на розныя інфарматўныя парталы. Але ж нічога гэтага б не было, калі б у цэнтры кожнага дня не было б святой імшы. Першую святую імшу цэлебраваў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, а другую – біскуп Юры Касабуцкі, такім чынам моладзь мела магчымасць бліжэй пазнаёміцца са сваімі біскупамі, якія, к таму ж, прысутнічалі амаль на ўсіх пунктах дзённай праграмы.
Карацей кажучы, шчаслівыя. Шчаслівыя ўбогія духам, а таксама шчаслівыя тыя, хто змог прыняць удзел у гэтай сустрэчы сёлета. З нашай парафіі была невялічкая дэлегацыя з пяці чалавек, але ж шчыра спадзяюся, што ў наступным годзе нас будзе значна больш. Бо гэта таго варта.


















