Утрымлівацца мясной ежы - немалаважна, але ж важней для сапраўднага хрысціяніна не проста не есці, а не хацець есці гэтае мяса па пятніцах і разумець, чаму ты гэта робіш. І сапраўды рабіць гэта не страўнікам, а розумам ды сэрцам. Але ж гэта тычыцца не столькі посту, колькі і кожнай другой пятніцы, штодзённай. Таму не думаю, што гэта сапраўды такая важная характарыстыка гэтага перыяду.
Іншая справа - пастановы, падсумаванні, штодзённы рахунак сумлення – усё гэта свабодны выбар таго спосабу, якім мы збіраемся крочыць за Езусам. Тут ужо кожны сам сабе ставіць некія бар'еры, рамкі, аналізуе сваё жыццё і тым самым пашырае межы ўласнай свабоды, вызваляецца ад залежнасцяў рознага плану. Але ж на мой погляд найбольш цікавым элементам паста з'яўляецца не абмежаванне чагосьці, але дадатак. Больш малітвы, больш медытацыі, больш адданасці менавіта свайму духоваму жыццю. Для мяне вельмі важным, але між тым вельмі цяжкім стала такое рашэнне, такая пастанова, такі спосаб свабоды:
РАБІЦЬ ВЫБАР У ГОНАР БОГА.
Ва ўсіх сітуацыях, якія будуць сустракацца. І гэта нашмат цяжэй, чым не есці мяса, чым не есці салодкага, чым не сядзець у інтэрнэце. Прычым, заўважце, гэта не абмежаванне, але наадварот рашэнне шэрагу праблем і спрадвечнага пытання выбару. Гэта штодзённае і максімальна магчымае спаўненне Божай волі, якую нам так часта бывае цяжка заўважыць, выканаць, ці нават з ёй пагадзіцца.
А які плён можа прынесці гэтае простае правіла! Толькі ўявіце сабе, як можна змацніць свае адносіны з Богам, калі кожны дзень прысвячаць яму хоць трошкі больш часу, услухацца ў цішыню крыху ўважлівей, рабіць больш добрых справаў, меньш асуджаць людзей і хоць раз у дзень задумвацца: “А чаго Бог хацеў бы ад мяне ў гэтай сітуацыі?”
Але гэта вельмі няпроста…
Думаешь: схадзіць на імшу(у будні дзень) ці на класны канцэрт? а можа зараз трошку схлусіць і паспаць на адну пару больш? а можа спісаць у каго дамашнюю работу? пачытаць навэлы Ірвінга ці Біблію?
Выбраць Бога - гэта таксама значыць крочыць за голасам сумлення.
А цяпер, задумайцеся яшчэ раз:
заўсёды і ўсюды рабіць выбар у гонар Бога.
Гэта будзе патрабаваць вялікіх намаганняў, волі ды проста шчырага і сумленнага выканання, але ж ці не гэтага хоча Бог? Такім чынам, ці не будзе згода на такую пастанову першым крокам у яе выкананні?..
