З пачатку IV стагоддзя н.э. хрысціяне ў Ерузалеме, а з VII веку н.э. ужо ў Рыме, пачалі адзначаць гэты дзень як вялікае свята. Дзень, у які Хрыстос упершыню з'явіўся перад народам як доўгачаканы месія, святло для язычнікаў, надзея ўсяго свету. Таму гэтае свята назаўсёды звязана з сімваламі святла. З Х ст. з’яўляецца абрад благаслаўлення свечак, які яшчэ больш падкрэслівае і ўзбагачае сімволіку святла.
Гэтае свята заўсёды мела падвойны характар, бо яно адначасова з’яўляецца і святам Пана, і адным з найбольш папулярных марыйных святаў. Іншая назва свята – Маці Божай Грамнічнай, звяртае ўвагу на тое, што Марыя, прыносячы Езуса да ерузалемскай святыні , прыносіць святло веры. У касцёле асвячаюцца свечкі, якія называюцца грамнічнымі.
Свечка — сімвал Хрыста, які прынёс святло вечнай Праўды ўсім народам. А на Грамніцы свечка таксама сімвалізуе Марыю, пакорную слугу Пана, поўную ласкі, у душы якой заўсёды гарэла святло веры, надзеі і любові. Яна была першай, якая паверыла, і таму Бог бязмежна ўзвысіў Яе. Але, прынесшы Дзіцятка Езуса ў святыню, з вуснаў Сімяона Марыя пачула пагрозлівае прароцтва пра тое, што «меч пройдзе праз Яе душу» (пар. Лк 2, 34). Прарок прадказаў Марыі вялікую таямніцу Яе жыцця — удзел у адкупляльнай справе Яе Боскага Сына. Гэтае прароцтва спраўдзілася тады, калі Марыя стаяла пад крыжам Хрыста, і ў сваёй душы падзяляла Яго цярпенне за збаўленне свету.
Асвячаныя ў гэты дзень свечкі называюць «Грамнічнымі», бо іх запальваюць у час навальніц, якія суправаджаюцца моцным ветрам, маланкамі і грымотамі, каб апека Маці Божай выратавала ад небяспекі стыхіі. Запаленую грамнічную свечку таксама даюць у рукі таму, хто памірае, каб Найсвяцейшая Панна Марыя прывяла яго душу на неба.






