Але ж заўсёды, для кожнага чалавека, трэба ўсведамляць грахоўнасць чалавечай постаці і вялікую тайну Божага Адкуплення. Ксёндз апавядаў пра канкрэтныя прыклады свайго служэння людзям, пра цудоўныя аздараўленні, дары Духа Святога для тых, хто ўжо не меў аніякіх шанцаў да аздараўлення, нараджэння дзіцяці. Навукі кс. Чэслава доўгія па часе, але вельмі цікавыя. Гэтыя рэкалекцыі яшчэ раз пацвердзілі, якія важныя для кожнага хрысціяніна не толькі Нядзельная Імша, але і развіццё праз такія вось навучанні, чытанне Бібліі, асабістую малітву. Як важна мець неабходныя веды, каб не трапіць у пастку злога духа, маючы дома на першы погляд непрыкметныя амулецікі. Кс. Чэслаў, які з’яўляецца яшчэ і экзарцыстам, канкрэтна расказаў, што трэба рабіць, а што нельга, каб не адкрыць брамы злому духу у свае сэрцы.
Гэта былі вельмі прыгожыя, насычаныя Словам рэкалекцыі, якія скончыліся у Пальмовую нядзелю і назаўсёды пакінулі адбітак у душах нашых парафіян. Кс. Чэслаў запрашаў у сваю парафію, у Рось, куды ўжо шмат людзей прыязджае для аднаўлення ў Духу Святым, выпрошваючы для сябе асабістыя ласкі.