У жодзінскай парафіі свята!

Пятніца, 16 Май 2014 09:52 Аўтар 

Штогод 13 мая католікі ўсяго свету ўшаноўваюць Маці Божую Фацімскую. Яе імя носіць і наша парафія. Таму ў гэты дзень у касцёле праходзіць святочная імша. А свята - гэта госці, кветкі, цудоўны настрой! Павіншаваць нас прыехалі з Крупак, Барысава, Оршы, Смалявіч. Па запрашэнню пробашча жодзінскай парафіі набажэнства у нашым касцёле правёў а. Аляксей Раманчук, пробашч касцёла Спаслання Духа Святога ў Борысаве. 

Для тых, хто не змог прысутнічаць на святкаванні, прыводзім прамову а. Аляксея. Просім прабачэння за некаторыя скарачэнні.

 

Маці Божая Фацімская. Яе Бог пасылае нам. У цяжкія хвіліны для чалавецтва Бог заўсёды нам дае свае істоты. Святыя айцы, свецкія людзі, грамадскія дзеячы. 1917 год. Першая сусветная вайна. Любоў, вера, міласэрнасць і дабрыня счарствелі у людскіх сэрцах. Людзі высмейвалі палітыкаў, крытыкавалі Рымскіх папаў, касцёл, якія заклікалі да цярплівасці адзін да аднаго. Заклікалі быць больш міласэрнымі. Але ўсё дарэмна. Людзі хацелі жорсткасці.

Партугалія, адна з найбяднейшых краін Еўропы. Маленькім дзеткам-пастушкам аб’явілася Маці Божая. “Маліцеся за Расію” – казала яна дзецям. “Пасціце, кожны дзень маліцеся на Ружанцы!”

Кардынал Свёнтэк пад час сустрэчы з Сястрой Люцыяй, той маленькай дзяўчынкай, якой аб’явілася Дзева Марыя, успамінаў: “Люцыя гаварыла, што першы раз чуе гэтае слова і не ведае, што гэта – Расія. Яна думала, што гэта, напэўна, нейкая распусная жанчына, і таму за яе трэба маліцца. Толькі потым даведалася, што гэта далёкая краіна, з якой выйдзе штосьці такое страшнае і заразіць усё чалавецтва.”

Першая сусветная вайна. Зноў і зноў святыя айцы заклікаюць людзей да малітвы. Але зло цяжка перамагчы. Пачалася другая сусветная вайна. Затым была халодная вайна. І толькі калі Ян Павел II даручыў усё чалавецтва Беззаганнаму Сэрцу Марыі, штосьці у свеце пачало мяняцца: людзі пачалі вяртацца да рэлігіі, святасці.

Гісторыя апошніх дзесяцігоддзяў праходзіла ўжо на вашых вачах. І вось гэта цудоўная святыня была збудавана вамі, і вы прынеслі сюды не толькі частку сваіх сродкаў, але і частку сваіх сэрцаў.

Усе прысутныя больш альбо менш прычыніліся да таго, каб гэтая святыня паўстала ў Жодзіне і насіла імя Маці Божай Фацімскай. І сёння Святая Марыя заахвочвае нас, каб мы былі вернымі дзецьмі Божымі, жылі па яго законах, слухалі яго слова. А яна ў сваю чаргу будзе маліцца за нас і заступацца за нас перад Панам Богам. Таму ўсе хрысціяне нашай краіны, праваслаўныя і католікі, так ушаноўваюць Яе Імя.

Хацелася б расказаць вам пра адно сведчанне, якое мне давялося пачуць з вуснаў аднаго верніка. Ён пражыў вельмі складанае жыццё: ў 80-х служыў у войску ў Афганістане і падчас выканання асобых заданняў забіваў людзей. Такія былі заданні. Ён ратаваў сваіх саслужыўцаў і забіваў іншых. Паспрабаваў ўсё: страх смерці, нянавісць, расчараванне, пакінутасць. Вярнуўся з вайны і ужо на сваёй радзіме стаў бандытам. Цяпер яго здольнасці былі накіраваны супраць сваіх людзей. Забойства, турма, і зноў на волі. Зноў расчараванне жыццём, пакінутасць. Але побач быў блізкі чалавек – яго жонка. Яна ніколі не пакідала і малілася за яго ўвесь час. І на гэты раз яна з цяжкасцю ўгаварыла яго схадзіць разам у пілігрымку ў Будслаў, памаліцца да Маці Божай Будслаўскай за сына. Бо яму трэба ў школу ісці, а ён не можа і сказа вымавіць, заікаецца і картавіць. Не дапамагалі і лекары, на якіх ішлі амаль ўсе сямейныя сродкі.

Вельмі не хацелася ісці, не разумеў: чаго, за чым ісці. Пайшоў толькі дзеля сына. Першы дзень ішоў і лаяўся на сябе і ўвесь свет. Потым, слухаючы малітвы, размовы, песні, гледзячы на людзей, настрой пачаў змяняцца. На чацвёрты дзень ён першы раз у жыцці паспавядаўся. Гэта была споведзь усяго жыцця...

На пяты дзень паломнікі ўвайшлі ў Будслаў. Гэта было незабыўна... Пасля ўшанавання Абраза Маці Божай, у бочнай капліцы ён пачуў голас свайго сына, які яму першы раз у жыцці моцна крычаў з праходу: “Тата, мы з мамай і сястрычкай тут цябе чакаем!” Падкасіліся ногі. Ён упаў на калені і сказаў: “Божа! Я змяню сваё жыццё. Я пакажу, што я не пусты чалавек”

І ён змяніў сваё жыццё. Разарваў з усімі старымі знаёмымі і старымі звычкамі, працуе грузчыкам і больш за усё хоча адпакутаваць за свае грахі і за злачынствы, прасіць Бога аб прабачэнні і праслаўляць Яго. Таксама бязмерна дзякаваць Маці Божай за тое, што вывела яго з цемры.

Падобныя здарэнні напэўна былі і ў вашым жыцці. Мы бачым, што любоў нашай Маці і нашага Айца праяўляецца не толькі ў такі цудоўны спосаб, як у Фаціме. Я ўпэўнены, што вы таксама калісьці адчувалі ласку Божую на сабе. Таму няхай сёняшняе парафіяльнае свята, няхай гэта мацярынскае цяпло, якое сыходзіць з гэтага прыгожага алтара, якое адчуваецца тут сярод нас, атуляе нашы душы і сэрцы і кажа нам, як калісьці ў Фаціме казала Божая Маці: любіце адзін аднаго, будзьце ўразумелыя адзін да аднаго, цярплівыя, добрыя. Не спакушайцеся чэрствасцю чалавечай душы, выкарыстаннем, гвалтам, зайздрасцю, амбіцыямі, ганарыстасцю. Будзьце вышэйшымі за гэта ўсё і вы сапраўды парадуеце нябеснага Айца і Мацярынскае сэрца. І так глыбока адчуеце, што там дзесьці высока ў небе наш любячы Айцец і любячая Маці скажуць: сынок (дачурка), дзякую табе і ганаруся табой. Будзь мужны і вер мне.

І кожны раз, калі вы будзеце прыходзіць у гэтае святое месца, Бог будзе дарыць вам сваю Святую ласку і Любоў у Святых Сакрамэнтах: споведзі, Святой Камуніі, ў слове Божым.

Скончыліся святкаванні працэссіяй з фігурай Маці Божай Фацімскай вакол касцёла.


 

 

Прачытана 2198 раз Апошняе змяненне Нядзеля, 18 Май 2014 00:24
Іншыя матэрыялы ў гэтай катэгорыі: « ХРЫСТОС УВАСКРОС! Свята Першай Святой Камуніі. »