"Аазіс"

Аўторак, 26 Жнівень 2014 05:08 Аўтар  Паліна Грыб

Ужо ў каторы раз на нашым сайце з’яўляецца артыкул пра Аазіс (такія шматдзённыя рэкалекцыі для падлеткаў, калі памятаеце). І здараецца гэта не толькі таму, што моладзь нашай парафіі стараецца не прапускаць кожны з’езд, але яшчэ і таму, што кожны Аазіс – гэта ўжо зусім новая гісторыя. Нічога не паўтараецца. Канешне, расклад дня, здаецца, застаецца такім жа. Пад’ём а восьмай гадзіне раніцы, руханка, сняданак, малітва праслаўлення, дзве канферэнцыі, Святая Імша, абед, вяночак да Божай міласэрнасці, потым сустрэча ў групках, майстар-класы і затым, пасля вячэры, цікавы вечар (калі сёння гэта забавы, то заўтра будзе грунтоўная малітва). Але ж гэта толькі каркас, на якім кожны раз будуецца нешта зусім непадобнае да мінулага разу.

Гэты летні Аазіс – зусім непадобны да тых, што праходзілі ў Оршы мінулай восенню, зімой і вясной. Па-першае, нас было нашмат больш. Усяго на рэкалекцыі прыехала каля 50-ці падлеткаў з усёй краіны. Былі тут і Пружаны, і Гародня, і Гута... Дарэчы, з нашай парафіі таксама было  пяць чалавек.

Па-другое, сам Аазіс быў у два разы даўжэйшы, чым асенні і вясенні, на цэлых чатыры дні. Седзячы дома, здаецца чатыры дні – амаль нішто, але ж паверце, на Аазісе кожная лішняя хвіліна мае сваё значэнне. Мабыць, адбываецца гэта з-за таго, што праграма наша вельмі насычаная. Знаходзіцца тут месца і для актыўнасці (напрыклад, у гэты раз у нас былі сапраўдныя алімпійскія гульні!), і для крэатыўнасці (быў вечар-падарожжа, дзе мы знаёмілі адзін аднаго з рознымі кантынентамі), і для малітвы (вечар пакаяння, адарацыя, інтэрнацыянальны ружанец).

Аазіс складаецца не толькі з таго, што там робіцца, але і з таго, хто і як гэта робіць. Тут усе падзякі і захапленні  адрасуюцца аніматарам. Маладым людзям, якія сваёй жывой верай і любоўю да свайго служэння ствараюць для падлеткаў атмасферу сапраўднага дома, сапраўднай сям’і. Для нас гэта дзіўна і невядома, але ж падрыхтоўка да кожнага Аазісу пачынаецца за некалькі месяцаў і цягнецца не толькі на працягу гэтага часу, але ж вялікая частка працы ідзе і падчас самаго Аазісу. Бяссонныя ночы, канешне, не праходзяць дарма, але ж ці бачылі мы на тварах аніматараў стому ці роспач? Не, толькі цёплыя ўсмешкі, толькі любоў.

Увогуле, вельмі складана апісваць пачуцці, якія выклікае Аазіс. Вельмі складана казаць пра тое, што ён робіць у жыцці кожнага ўдзельніка. Вельмі складана распавядаць пра яго ў пісьмовай форме, калі нельга паказаць нічога мімікай ці жэстамі, калі не бачны ўсмешкі і слёзы на вачах. Магу прыводзіць только факты – кожны, хто пападае на Аазіс, абавязкова вяртаецца сюды ізноў. А калі і не можа вярнуцца, то ўсё роўна цягнецца да яго ўсім сэрцам. Таму, спадзяюся, што ў наступны раз нас будзе ніяк не менш за пяць, але яшчэ і нават больш.

Хвала Пану Богу!

Прачытана 1034 раз Апошняе змяненне Панядзелак, 01 Верасень 2014 12:04
Іншыя матэрыялы ў гэтай катэгорыі: « Дзеці ў касцёле Усе мы вучні ў школе жыцця »