Па-другое, і гэта мэта уік-энду, – трохдзённае падарожжа ў духоўным сэнсе. Сама назва – уік-энд Святога Духа – гаворыць аб тым, што ўдзельнікі курса змаглі адчуць прысутнасць Святога Духа не толькі ў атмасферы дома, касцёла, прыгажосці наваколля, а галоўнае – у сваіх сэрцах, у сваёй душы. Гэтаму садзейнічалі канферэнцыі “Што такое Святы Дух?”, “Як дзейнічае Святы Дух?”, “Ці ацаляе Бог сёння?” і абмеркаванне іх у малых групках, спевы з падзякай да Пана, малітвы праслаўлення, малітва за асобных удзельнікаў курса, хто меў у гэтым патрэбу і жаданне, святая імша для жодзінцаў у касцёле. Духоўны складнік уік-энду не пакінуў абыякавых, і гэта было відаць па тым, як пасля малітвы праслаўлення людзі радасна абдымалі адзін аднаго, выціралі слёзы, як, узяўшыся за рукі, дзякавалі Пану за магчымасць адчуць Яго прысутнасць.
Па-трэцяе, абавязковай часткай уік-энда з’яўляецца вясёлы вечар. Вось і гэтым разам ён цалкам апраўдаў сваю назву, бо весела было проста неверагодна! Прысутным прыйшлося па задумцы аніматараў і ўзгадаць алфавіт, і патрэніраваць сваю памяць, гуляючы ў “сапсаваны тэлефон”, і стаць на некалькі хвілін сапраўднымі артыстамі, рыхтуючы “кліп” на песню, і спрытна патанчыць з партнёрам, а не са… швабрай, і “выдаць” свае думкі, якія “цудоўным” чынам супадалі з фразамі з вядомых кінафільмаў і песняў, і шмат чаго іншага.
Уік-энд – гэта такі своеасаблівы экватар евангелізацыйнага курса. У гэтым годзе на курс прыходзіць амаль 70 чалавек, што значна болей, чым у мінулым, што вельмі цешыць. Цешыць таму, што ўсё больш людзей хочуць спазнаць Бога, адчуць Яго прысутнасць у сваім жыцці, у сваім сэрцы.











