Нас сабралося аж дваццаць чатыры… І паехалі мы такой кампаніяй у кірунку Браслава, і пасяліліся ў турыстычным доміку за сем кіламетраў ад горада, амаль што на беразе вельмі чыстага і цёплага возера. Здавалася б, усё вельмі добра: нехта гатуе абед, нехта гуляе ў футбол, а астатнія купаюцца ды плаваюць на лодцы. Але ж, на шчасце, надвор’е не паспрыяла такому раскладу - тыдзень выдаўся дажджлівым. І калі ў першы дзень заезду гэта здавалася злым жартам Бога, то ў апошні мы прынялі гэта за благаслаўленне. Кожны дождж збіраў нас разам пад адным дахам і, дзякуючы гэтаму, нашы адносіны рабіліся мацней і мацней з кожным днём.
Асаблівымі момантамі яднання сталі моманты малітвы. Кожны дзень абавязковым чынам у раскладзе прысутнічала Святая Імша, а таксама канферэнцыя, дзе айцец Канстанцін разглядаў розныя біблійныя асобы, тым самым прыбліжаючы нас да людзей са Святога Пісання. Спытаеце, які гэта адпачынак, калі кожны дзень канферэнцыя? Цудоўны.
Акрамя Імшы і канферэнцыі, нашы дні былі зусім непадобныя адзін да другога: мы паспелі адведаць Браслаў, заехаць у Слабодку, правесці паўдня ў цудоўнай Друі, аглядзець краявіды браслаўскага краю з гары Маяк, а таксама ўбачыць сапраўдных мядзведзя, воўка, дзікага кабана і аленяў у нацыянальным запаведніку Браслаўскага району.
Пасля абеду, часта крыху стомленыя ад падарожжаў, мы ўсаджваліся за вялікі драўляны стол і маглі гадзінамі гуляць у Мафію (трэба сказаць, гэта справа нам настолькі спадабалася, што традыцыя жыла яшчэ напрацягу некалькіх дзён пасля нашага вяртання дадому), плавалі на лодках, пілі гарбату на тэрасе і размаўлялі адзін з адным на розныя тэмы.
Сярод гэтага ўсяго можна вылучыць яшчэ некалькі момантаў з разраду “ніколі не забудзецца”: як плялі ружанцы а другой гадзіне ночы, як слухалі аповеды брата Іллі пра армію, як тры гадзіны глядзелі “Гладзіятара”, як танцавалі на мокрай траве, як запускалі нябесныя ліхтарыкі на дзень нараджэння Мальвіны і Веранікі, як у пледах сустракалі світанне на гары Маяк…
Невыразную ўдзячнасць ад усёй моладзі хочацца выразіць Юлі Станчык, якая была нашай галоўнай гаспадыняй, гатавала ежу і была, так скажам, дзежурным доктарам, а таксама адным з лепшым ігракоў у Мафію і проста добрым сябрам. Вялікі дзякуй брату Іллі Саўчанку, за тое, што правёў гэты тыдзень з намі, вучыў нас плясці ружанцы, танцаваць, катаў на лодцы і проста быў тут. Без Сяргея Зелянкевіча, які амаль увесь адпачынак правёў за рулём, цяжка было б уявіць такую разнастайную праграму. І, канешне, у апошні дзень амаль усе нашы падзякі да Бога былі за айца Канстанціна, які сабраў нас разам, аб’яднаў нас, нёс нам Божае Слова і проста напрацягу сваёй службы ў нашай парафіі зрабіўся нам сапраўдным сябрам, што стала найбольш заўважна і зразумела менавіта падчас гэтага супольнага адпачынку.
У адзін з вечароў, калі мы разам сабраліся вакол стала (нехта глядзеў тэлевізар, нехта гуляў у настольныя гульні, нехта піў гарбату, а іншыя проста размаўлялі адзін з адным), Оля Кулік павярнулася да мяне і сказала: “Глядзі, мы зараз як адна вялікая сям’я: кожны заняты сваёй справай, але ж усё роўна ніхто не ідзе па пакоях, а сядзім усе разам!”
…Зусім хутка будзе рыхтавацца да друку другі выпуск моладзевага часопіса “Разам”, толькі вось цяпер гэта “разам” будзе мець для нас зусім іншы сэнс.



















