Успамiнаецца анекдатычная, але разам з тым павучальная гiсторыя: два таленавiтыя спартсмены- тэнiсiсты дамовiлiся, што калi хто з iх раней памрэ, то абавязкова прыснiцца другому i раскажа, як там у небе. Праз нейкi час так яно i здараецца. I вось памерлы спартсмен снiцца жывому i дзелiцца ўражаннямi: «Усё супер. Ведаеш, у мяне для цябе дзве навiны, адна лепш другой» - «Ну, хутчэй расказвай», - кажа жывы. – «Тэнiс тут вельмi папулярны. Тут такiя велiзарныя корты i такой выданай якасцi, ты аб такiх нават i не марыў». – «Ну, добра, а якая другая навiна?», - не церпiцца сябру. «Карацей кажучы, у нас тут заўтра фiнал! I ты гуляеш пад перщым нумарам!»
Вядома, нiхто не спяшаецца паўдзельнiчаць у такiм «фiнале», аднак фiнiш зямной вандроўкi неадваротна настане – гэта толькi пытанне часу.
1 лiстапада расклад нядзельных Святых Iмшаў незвычайны, аб гэтым наш пробашч загадзя папярэджваў: дзве ранiшнiя заменiць адна а адзiнаццатай, але на могiлках.
I вось ужо ад паловы дзесятай гадзiны пачалi збiрацца вернiкi, знарок прыходзячы раней, каб яшчэ раз падысцi да магiл сваiх родных i сяброў.
Негледзячы на тое, што могiлкi – месца змрочнае, на думку многiх, кс. Канстанцiн быў апрануты ў белы святочны арнат. Да таго ж наш iмправiзаваны мабiльны алтар спалучаў у сваей кампазiцыi жывыя кветкi, асноўны белы i толькi дадатковы фiялетавы колер.
Гэты, на першы погляд, парадокс кс. Канстанцiн вытлумачыў тым , што ў сапраўднасцi могiлкi для нас, жывых, надзвычайнае месца — месца роздуму ў сэнсе, што кожны павiнен iмкнуцца да святасцi. Гiсторыя Касцёла налiчвае дастатковую колькасць святых i благаслаўленных. Аб iх жыццi i дзейнасцi выдана безлiч кнiг, апошнiм часам знята нават кiно.
Аднак ёсць мноства людзей, якiя, здаецца нам зусiм неверагодна, жылi сярод нас i таксама дасягнулi святасцi. I справа тут не ў тым, што яны ўвогуле не мелi нiякiх слабасцяў i недахопаў, але ў iх iмкненнi да Бога праз такiя звычайныя штодзённыя рэчы як добрыя ўчынкi, барацьбу са сваёй грахоўнасцю i любоў да блiжнiх.
Таму так важна наведаць гэтымi днямi месцы спачыну, памалiцца ў iнтэнцыi спачыўшых , падумаць, вяртаючыся ва ўспамiнах ў мiнулае, у час, калi былi жывыя нашы продкi, многiя з якiх сталi для нас прыкладам ва ўсiм, а найперш збераглi i перадалi найкаштоўнейшы дар веры.