Рараты, рэкалекцыі

Субота, 05 Снежань 2015 23:30 Аўтар 

У касцёле пачаўся перыяд адвэнту. Для вернікаў гэта не толькі час посту, але гэта і перыяд радаснага чакання прыйсця Хрыста Збаўцы. Наш Збаўца ёсць любоўю. І, чакаючы Яго, такім чынам мы чакаем і ўдасканальваем гэтую цноту ў адносінах да свету, да ўсіх, хто ёсць навакол нас, а таксама ў дачыненні да сябе, бо, каб любіць усіх, трэба і да сябе ставіцца з любоўю і павагай.

Адна з прыгожых традыцый Адвэнту (Калядны пост у каталікоў - ад лацінскага слова «adventus», што азначае «прыйсце») — раратняя святая Імша ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. Раратняя Імша з удзелам дзяцей адбылася вечарам 4 снежня. 

У гэты ж вечар пачаліся адвэнтавыя рэкалекцыі. З імі нас навітаў дыякан Павел МІС. Усім знаемы. Зусім нядаўна ён складаў манаскія абеты у нашым касцёле. Прысутныя з вялікай увагай слухалі вестку аб вялікай Божай любові да кожнага чалавека, незалежна ад таго, ў якім стане знаходзіцца гэты чалавек: ці ён вернік, ці закаранелы грэшнік. "Бог ніколі не перастане любіць нас, і гэтая любоў да чалавека найвялікшая, якой яна можа быць. Божая любоў бязмерная, вечная, нязменная і непарушная. І ніякія сілы не змогуць адлучыць нас ад яе. Чалавек па сваёй сутнасці з'яўляецца вынікам Божай любові.

Але кожны з нас, народжаных ў першародным граху, мае схільнасць да граху. Мы павінны пастаянна, малымі крокамі працаваць над сабой. Так як мы лечым свае цялесныя захворванні, трэба лячыць і нашу грэшнасць

Час Адвэнту, які мы зараз перажываем, — гэта чарговая нагода, каб моцна даверыцца Хрысту, які нас вядзе па дарозе жыцця. Нам варта яшчэ раз зразумець, што на жыццёвай дарозе мы ніколі не знаходзімся адны, як бы нам гэта ні здавалася. Бог са сваёй ласкай заўсёды побач і вядзе нас да жыцця вечнага".


Прачытана 1040 раз Апошняе змяненне Нядзеля, 06 Снежань 2015 00:45