Не так даўно мы святкавалі спасланне Духа Святога. Пасля зыходу на Апосталаў Ен здзяйсняе цуды. І дзейнічае аж да нашага часу. Адсутнасць Святога Духа ў жыцці чалавека прыводзіць да апатыі, губляецца сэнс самога жыцця. І наадварот: калі мы звяртаемся да Яго па дапамогу, Ён заўсёды падтрымлівае нас у цяжкую хвіліну. У сёняшнім чытанні Евангелля мы чуем, што Езус Хрыстус кажа: “Не зможаце ўсяго знесці, калі не будзе вам пасланы гэты каштоўны дар – дар Святога духа”. І сапраўды, чалавек не можа мець Божай любові, здзяйсняць волю Божую без дапамогі Святога Духа. Будзе толькі мая эгаістычная любоў, а гэта розныя рэчы. А калі ў сэрцы ёсць Божая любоў, тады ёсць гармонія ўсяго жыцця.
Сёння мы праслаўляем Бога ў трох асобах – Святую Тройцу, якая з’яўляецца таямніцай для нас, але ў той жа час мы адчуваем яе блізкую прысутнасць: праз Эўхарыстыю і Святыя Сакраманты. І мы не можам дакладна сказаць, што ў нас дзейнічае Дух, альбо Хрыстос, альбо Бог Айцец. Але заўсёды ўспамінаем, што казаў Езус: “ Хто спазнаў мяне, той спазнаў Айца”. Святкуючы сёняшняе свята Святой Тройцы мы разам з вамі яшчэ раз праслаўляем Яе вялікія справы і вялікую ролю ў жыцці кожнага з нас. Са святам вас!”
