100 год Фацімскім аб'яўленням Маці Божай

Аўторак, 13 Чэрвень 2017 21:02 Аўтар 

15 мая ў нашым касцёле прайшла пастырская сустрэча святароў і кансэкраваных асоб Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Канферэнцыя кс. Жоао з Фацімы, якую ён прамовіў да святароў, многа каго вельмі зацікавіла. Таму было вырашана зрабіць яе пераклад на беларускую мову. Сёння мы маем магчымасць азнаёміцца з тэкстам прамовы кс. Жоао.

 Гістарычны кантэкст Фацімскіх аб'яўленняў.

Аб’яўленні Маці Божай Фацімскай адбыліся ў 1917 годзе, калі ішла Першая сусветная вайна, а вельмі хутка павінна была выбухнуць бальшавіцкая рэвалюцыя ў Расіі. Тагачасны грамадскі кантэкст Партугаліі быў вельмі драматычны, таму што краіна перажывала  глыбокі гаспадарчы, палітычны і рэлігійны крызіс. Сітуацыю пагоршыў удзел Партугаліі ў Сусветнай вайне (Партугалія ўвайшла ў яе па прычыне былой кааліцыі з Англіяй). У дзяржаве панавала анархія: гвалт і грамадскі разлад, забойствы і тэрарызм сталі паўсядзённасцю. Усё гэта стварыла атмасферу сапраўднай грамадзянскай вайны. Касцёл выкінулі з грамадскага жыцця, прымусілі маўчаць і пераследвалі на кожным кроку.

Больш за стагоддзе Партугалія знаходзілася ў рэлігійным упадку па прычыне вялікага ўплыву масонскага руху, які дамініраваў  ва ўрадзе і грамадстве. Рэвалюцыя 5 кастрычніка 1910 года пазбавіла ўлады манархаў і абвясціла Рэспубліку, кіравалі якой пераважна масоны высокага ўзроўню. Касцёл стаў галоўнай мішэнню рэвалюцыі: святыні і кляштары знішчаліся, святары пераследаваліся. Адразу пасля абвяшчэння Рэспублікі ўрад зачыніў усе кляштары, скасаваў манаскія супольнасці і канфіскаваў іх уласнасць. Езуіты былі змушаныя адмовіцца ад партугальскага грамадзянства. Падчас праўлення першага рэспубліканскага ўраду паўстала шмат законаў, мэтай якіх было знішчыць маральны парадак у краіне (напрыклад, дазвол на разводы, крэмацыю, секулярызацыя могілак, адмена рэлігійных прысяг, забарона навучання ў школах і публічнага святкавання рэлігійных святаў). Урад умешваўся ў семінарскае навучанне. Каталіцкая прэса і ўжыванне касцёльных званоў былі абмежаваныя і г.д.

20 красавіка 1920 года міністр справядлівасці Афонса да Кошта падпісаў супярэчлівы ўказ аб аддзяленні Касцёла ад дзяржавы, каб скасаваць рэлігійныя прывілеі. У той дзень ён з перакананнем сказаў: “Дзякуючы дэкрэту аб сепарацыі праз два пакаленні каталіцтва цалкам знікне з Партугаліі". Ён стаў сімвалам моцнага антыклерыкалізму Першай Партугальскай Рэспублікі і атрымаў мянушку Мата-Фрадеш (забойца манахаў). Менавіта да Кошта быў прэм’ерам Партугаліі ў перыяд Фацімскіх аб’яўленняў (13 мая – 13 кастрычніка 1917 г.).

Здавалася, што словы Афонса да Кошта стануцца рэальнасцю. Але масоны недаацанілі пабожнасць партугальцаў і старанні папы Пія Х, які адкінуў усе спробы кампрамісу з атэістычным рэжымам. Як вынік, большасць біскупаў былі асуджаныя на выгнанне, а святароў арыштоўвалі. Аднак пад кіраўніцтвам  Пія Х і дзякуючы вернасці свецкіх людзей партугальскі Касцёл захаваў еднасць і вытрываў у часе жорсткага пераследу.

Партугальцы зразумелі, што ў такіх умовах краіну чакае спусташэнне і што выратаванне магчымае толькі з Божай ласкі. Шматлікія вернікі з даверам звярнуліся да сваёй галоўнай патронкі – Беззаганнай Панны Марыі, просячы яе асабліва праз рух ружанцовай малітвы (Cruzada do Rosário).

Бог пачуў малітвы гаротнага партугальскага народа і паслаў Анёла Ахоўніка Партугаліі ў маленькую бедную вёсачку Aлжустрэл, недалёка ад Фацімы, каб пераканаць не толькі Партугалію, але ўсю Еўропу і свет, што Ён Айцец багаты Міласэрнасцю, які кіруе гісторыяй i з любоўю схіляецца над пакутамі чалавецтва, каб выратаваць яго ад зла.

Фаціма была малой вёскай, якая ляжала ў сэрцы гор Serra de Aire, на высаце 300 м, 50 км ад Атлантычнага акіяну, 130 км на поўнач ад сталіцы Лісабона. Назва мясціны паходзіць ад арабскага імя Fatimah. Існуе легенда, што так звалі мусульманскую прынцэсу (так, як і дачку прарока Магамета). Падчас рэканквісты хрысціяне ўзялі яе ў палон і прымусілі стаць жонкай хрысціянскага графа. Яна была ахрышчаная і атрымала імя Oriana, адсюль паходзіць назва горада Ourém (раённы горад, у склад якога ўваходзіць Фаціма).    

Вясной 1916 г. у невялікай вёсачцы Aljustrel аб’явіўся Анёл Супакою тром пабожным дзецям: дзевяцігадовай Луцыі (дата народзінаў 22 сакавіка 1907 г.) і яе малодшым родзічам – васьмігадоваму Францішку (11 чэрвеня 1908 г. н.) і шасцігадовай Жасінце (11 сакавіка 1911 г.н.). Ён павінен быў падрыхтаваць іх да прыходу Найсвяцейшай Маці. Анёл Супакою першы раз з’явіўся дзецям ў Loca do Cabeço, на полі, дзе яны зазвычай паслі статак авечак. Пасля вячэрняга сілкавання (перакусу) і малітвы дзеці ўбачылі ў аддаленні, па-над дрэвамі ва ўсходнім напрамку святло, бялейшае за снег, у выглядзе празрыстага маладзіка, больш бліскучага, чым крышталь у сонечным бляску. Анёл наблізіўся да іх і сказаў: “Не бойцеся, я Анёл Супакою! Маліцеся са мной". Укленчыў і пахіліў галаву да зямлі. Узмоцненыя звышнатуральнай сілай, дзеці рабілі тое ж і паўтаралі за Анёлам: “О, Мой Божа, веру ў Цябе, слаўлю Цябе, давяраю Табе, люблю Цябе. Прашу, прабач тым, хто не верыць, хто Цябе не славіць, хто Цябе не любіць, хто Табе не давярае". Паўтарыўшы гэта тры разы,  Анёл устаў і сказаў: “Так маліцеся! Сэрцы Езуса і Марыі з увагаю слухаюць вашыя просьбы". І знік. Сястра Луцыя пазней так пісала пра гэта: “Атмасфера звышнатуральнасці, якая была вакол нас, была такой моцнай, што доўгі час мы амаль не адчувалі ўласнага існавання. Мы знаходзіліся ў тым самым месцы, дзе пакінуў нас Анёл, і паўтаралі тую ж малітву. Прысутнасць Бога мы адчувалі так моцна і глыбока, што нават не адважваліся размаўляць”.

Наступнае з’яўленне Анёла адбылося летам, побач са студняй бацькоў Луцыі, у садзе, які зваўся  Arneiro. Падчас спякотных дзён дзеці пасвілі статак раніцай і вечарам. Абедныя спякотныя гадзіны праводзілі ў ценю дрэваў сада. Летам 1916 г.  Луцыя, Францішак і Жасінта ўбачылі таго самага Анёла, які сказаў: “Што робіце? Маліцеся! Маліцеся шмат! Сэрцы Езуса і Марыі хочуць праз вас аб’явіць (свету) шмат Міласэрнасці. Няспынна ахвяруйце Найвялікшаму малітвы і пакуты". Тады Луцыя спытала:  “Як мы павінны пакутваць?". Анёл адказаў ёй: “З усяго, што толькі можаце, учыніце ахвяру як выбачэнне за грахі, якімі Яго абражаюць, і каб выпрасіць навяртанне грэшнікаў. Так  вы зможаце прынесці супакой на вашу Айчыну. Я – Анёл Ахоўнік Партугаліі. Перш за ўсё прыміце і з падданнем нясіце пакуты, якія пашле вам Бог".

Гэтыя словы Анёла засталіся ў іх розуме нібы святло, што дазволіла ім зразумець, Кім ёсць Бог, Які нас любіць, і як Ён прагне, каб мы любілі Яго. Тры пастушкі спазналі тады вартасць пакуты, як яна прыемная Богу, і як праз яе навяртаюцца грэшнікі. З таго часу яны пачалі ахвяраваць Богу пакуты, паўтараючы малітву, якой навучыў іх Анёл.

Трэцяе з’яўленне адбылося ў кастрычніку, ізноў у Loca do Cabeço пасля ружанцовай малітвы пад аліўкавым дрэвам. Гэтым разам Анёл з’явіўся, трымаючы ў руках Келіх, над якім узносілася Святая Гостыя, а з яе ў Келіх сплывалі кроплі Крыві. Раптам Келіх павіс у паветры, а Анёл укленчыў і тры разы паўтарыў малітву:  “Найсвяцейшая Тройца, Ойча, Сыне, Святы Духу, слаўлю Цябе з найглыбейшай пашанай. Ахвярую Табе найдаражэйшае Цела, Кроў, Душу і Боства Пана нашага Езуса Хрыста, прысутнага на ўсіх алтарах свету, каб перапрасіць за знявагі, блюзнерствы і занядбанні, якія Яго абражаюць. Праз нязмерныя заслугі Яго Найсвяцейшага Сэрца і Беззаганнага Сэрца Марыі прашу Вас аб навяртанні бедных грэшнікаў". Затым, устаючы з кален, узяў зноў у рукі Келіх і Гостыю. Гостыю падаў Луцыі, а змесціва Келіха даў Жасінце і Францішку, кажучы пры гэтым: “Прыміце Цела і Кроў Езуса Хрыста, жудасна зняважанага няўдзячнымі людзьмі. Адпакутуйце за іх грахі і суцяшайце вашага Бога!".

У гэтай малітве Анёла можна ўбачыць, што таямніца Эўхарыстыі ляжыць у самым цэнтры Фацімы: адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту – гэта сіла і моц для ахвяравання Трыадзінаму Богу свайго жыцця і пасвячэння сябе службе іншаму чалавеку.

Першае аб’яўленне Божай Маці адбылося 13 мая 1917 г. Пасля Імшы ў фацімскім парафіяльным касцёле дзеці пайшлі на пашу на вяршыні схілу Cova da Iria. Калі яны гулялі, будуючы мур вакол густых кустоў, раптоўна ўбачылі нібы маланку. Мяркуючы, што распачнецца бура, пачалі спускацца, паганяючы авечак у бок дарогі. Калі дайшлі да паловы схілу, побач з вялікім дубам зноў убачылі маланку, а праз момант на скальным дубе –  Жанчыну ў белай сукенцы, якая прамянела, нібы сонца. Сястра Луцыя так напісала пра гэта: “Яна яснела святлом мацнейшым за сонечныя промні, што свецяць праз крыштальнае начынне з вадой. Здзіўленыя гэтым відовішчам, мы затрымаліся. Мы былі так блізка, што знаходзіліся ў межах святла, якім Яна прамянела, на адлегласці каля аднаго метра”.

Цудоўная Жанчына сказала дзецям: “Не бойцеся, я не зраблю вам нічога дрэннага. Я з Неба. Хачу папрасіць вас, каб вы прыходзілі сюды наступныя 6 месяцаў у 13-ы дзень а той самай гадзіне. Пазней скажу, хто я і чаго хачу”. Пасля кароткага дыялогу з Луцыяй Жанчына спытала дзяцей: “Ці хочаце ахвяравацца Богу, каб зносіць усе пакуты, якія Ён пашле вам як выбачэнне за грахі, якімі яго абражаюць, і як просьбу аб навяртанні грэшнікаў?”. Дзеці адразу адказалі: “Так, хочам!”. Найсвяцейшая Пані дадала:  “Вам прыдзецца пакутваць, але Божая ласка будзе вашай сілай!”. Вымаўляючы гэта, Яна першы раз раскрыла далоні, пераказваючы пастушкам такое моцнае святло, быццам водбліск сыходзіў з яе рук. Гэтае святло дасягнула глыбіні  іх душы і ўчыніла, што яны бачылі сябе ў Богу, Які ёсць гэтым святлом, больш выразна, чым у найлепшым люстэрку. Пад уплывам унутранага імпульса дзеці ўпалі на калені і вельмі пабожна паўтаралі: “О, Найсвяцейшая Тройца, слаўлю Цябе! Мой Божа, Мой Божа, люблю Цябе ў Найсвяцейшым Сакрамэнце”. Праз хвіліну Ясная Пані сказала: “Штодзённа маліцеся на ружанцы, каб выпрасіць супакой для свету і канец вайны!", пасля пачала спакойна ўзносіцца ва ўсходнім кірунку і ўрэшце знікла.

Адна Луцыя размаўляла з Яснай Пані. Францішак не чуў словы Жанчыны, але бачыў усё, а Жасінта слухала і бачыла. Дзеці былі ўзрушаныя і напоўніліся духоўнай радасцю. Жасінта не змагла захаваць тайну і вечарам распавяла маці, што бачыла Прыгожую Жанчыну, якая абяцала ўзяць яе з братам і стрыечнай сястрой у неба. Калі аб гэтым даведалася маці Луцыі, то абвінаваціла дачку ў падмане і пакарала. Калі справа дайшла да пробашча, ён сказаў дзецям забыць пра ўсё, што адбылося, і нікому не распавядаць.

У першым Фацімскім аб’яўленні можна ўбачыць прымат Асабовага Бога ў Яго Трынітарнай Любові. На першым месцы ўсёй Фацімы знаходзіцца гэтае містычнае перажыццё таямніцы Трынітарнай Любові Бога, аб якой пастушкі сведчылі з дапамогай Яснеючай Панны Марыі. Луцыя кажа, што Божае святло дасягнула глыбіні іх душы i нарадзіла паставу адарацыі і праслаўлення неабсяжнай любові Найсвяцейшай Тройцы. Пра гэты містычны досвед Францішак пазней распавядаў: “Мы гарэлі ў гэтым святле, якім ёсць Бог, але не згаралі. Які Бог? Немагчыма гэтага сказаць. Людзі сапраўды ніколі гэта не могуць сказаць”. І ў іншым месцы дадаў: “Мне падабалася глядзець на Анёла, яшчэ больш я любіў глядзець на нашую Пані. Найбольш усцешыла мяне бачанне Пана ў святле, якое маем у нашых грудзях, бо нам дала яго Наша Пані. Я вельмі моцна люблю Бога!”. На маю думку, пастава адарацыі Бога і праслаўленне Ягонай  любові – гэта адзін з істотных элементаў Фацімскага паслання.

Гэта праўда, што Маці Божая Фацімская заклікае таксама да малітвы і пакуты, але трэба звярнуць увагу на тое, што ў Фаціме пакута адкрываецца як адказ чалавека на Божую любоў. Фацімскае пасланне – гэта пасланне ласкі і міласэрнасці, надзеі і супакою. Ласка і Міласэрнасць з’яўляюцца падсумаваннем усяго Фацімскага паслання. Бог ахвяруе нам сваю Міласэрнасць як сілу для перамогі над злом і як надзею на збаўленне. Заклік да навяртання і пакуты ёсць пакліканнем да супрацоўніцтва ў намерах Божай Міласэрнасці.

Падчас адпуста св. Антонія з Ліссабона, 13 чэрвеня 1917 г., дзеці патаемна выправіліся на Cova da Iria i пасля ружанцовай малітвы з іншымі людзьмі (каля 50 чалавек), якія прыйшлі на месца першага аб’яўлення, яны зноў убачылі водбліск святла, якое набліжалася, а пасля над скальным дубам – Маці Божую, вельмі падобную да постаці з мая. Размаўляючы з Луцыяй, Марыя абяцала хутка забраць у неба Францішка і Жасінту, а Луцыі сказала, што Пан Езус хоча выкарыстаць яе, каб устанавіць на свеце набажэнства да Свайго Беззаганнага Сэрца. Тады Луцыя са смуткам спытала, ці застанецца адна, і пачула ласкавы адказ Маці Божай: “Не, дачка мая! Ты вельмі пакутуеш? Не губляй адвагу. Я ніколі не пакіну цябе, Маё Беззаганнае Сэрца будзе тваім сховішчам і дарогай, што завядзе цябе да Бога”. Калі гэта сказала, раскрыла свае далоні, зноў перадала дзецям водбліск таго нязмернага святла, і яны адчулі сябе так, быццам акунуліся ў Богу. Здавалася, што Жасінта і Францішак стаяць у той частцы святла, якая ўзносілася ў неба, а Луцыя – ў той, што прамянела на зямлю. Перад правай далонню Маці Божай знаходзілася сэрца, якое акружала церне, і здавалася, што церне вось-вось праб’е сэрца. Люцыя зразумела, што гэта было Беззаганнае Сэрца Марыі, зняважанае людскімі грахамі, якое прагнула ўзнагароджання.

Гэта і ёсць першая Фацімская таямніца. Маці Божая не казала дзецям захаваць гэта ў тайне, але яны адчувалі, што гэтага хоча Бог. У наступныя дні сярод людзей нарастала напружанне і страх перад умяшаннем уладаў. Пробашч Фацімы папярэдзіў Луцыю, што аб’яўленні могуць быць ілюзіяй д’ябла. І яна вырашыла больш не вяртацца ў Cova da Iria: “Не вярнуся туды! Хутчэй за ўсё гэта справы д’ябла! Пасля ўсяго гэтага ў маім доме ніколі не было радасці і супакою”. Але Жасінта пераконвала яе: “Не! Д’ябал брыдкі, а тая жанчына такая прыгожая!”.

Набажэнства да Беззаганнага Сэрца Марыі з’яўляецца духоўнай спадчынай фацімскіх аб’яўленняў. Трое дзетак убачылі Беззаганнае Сэрца Марыі з цернямі вакол як сімвал сэрца Маці Балеснай і Міласэрнай, якае спачувае болю сваіх сыноў і прыходзіць з дапамогай да смутных і пакутных. Падтрымка, якую Маці Божая ахвяруе Луцыі, гэта абяцанне для ўсіх, хто звяртаецца да яе з верай: “Не губляй адвагу. Я ніколі не пакіну цябе, маё Беззаганнае Сэрца будзе тваім сховішчам і дарогай, што завядзе цябе да Бога”.

Перад аб’яўленнем 13 ліпеня тройка пастушкоў малілася ружанец з сабранымі людзьмі (каля 40 тысяч). Зноў яны ўбачылі знаёмы водбліск святла, а затым Божую Маці на скальным дубе. Тады Яна прасіла дзяцей маліцца ружанец на ўшанаванне Маці Божай Ружанцовай, каб выпрасіць супакой на свеце і заканчэнне вайны. Луцыя папрасіла аб цудзе, “каб усе паверылі, што Марыя ім аб’яўляецца”. Найсвяцейшая Маці абяцала, што ў кастрычніку ўчыніць цуд, каб усе паверылі, і звярнулася да іх:  “Ахвяруйце сябе за грэшнікаў і кажыце часта, асабліва калі будзеце складаць ахвяры: ”О Езу, раблю гэта з любові да Цябе, за навяртанне грэшнікаў, каб выбачыцца за грахі, ўчыненыя супраць Беззаганнага Сэрца Марыі". Пасля гэтых слоў Яна раскрыла рукі, як пры папярэдніх аб’яўленнях, але на гэты раз прамень святла пранікаў у зямлю, і дзеці ўбачылі нібы мора агню, а ў тым агні акуналіся д’яблы і душы ў людскіх постацях, падобныя да празрыстых раскалёных вуглёў, што плавалі ў гэтым агні. Постаці былі кіданыя з вялікай сілай высока ўнутр промняў і падалі з усіх бакоў, быццам іскры падчас вялікага пажару, лёгкія, як пух, без цяжару і раўнавагі, сярод жудасных крыкаў, выцця і болю, якія выклікалі дрыжэнне. Д’яблы адрозніваліся ад людзей сваім жахлівым і агідным выглядам, падобныя да невядомых і страшных жывёл, таксама празрыстых, як раскалёныя вуглі. Пасля ўбачанага дзеці спалохаліся і паднялі вочы да Найсвяцейшай  Дзевы, шукаючы ў Яе дапамогі, а Яна, поўная дабрыні і смутку, сказала ім: “Вы бачылі пекла, куды ідуць душы бедных грэшнікаў. Каб уратаваць іх, Бог хоча распаўсюдзіць па свеце набажэнства да Майго Беззаганнага Сэрца. Калі зробіцца тое, што вам скажу, многія будуць уратаваныя ад пекла, і на свеце настане супакой. Вайна набліжаецца да канца. Але калі людзі не перастануць абражаць Бога, то распачнецца іншая вайна, горшая. Каб прадухіліць гэта, я прыбуду, каб прасіць аб пасвячэнні Расіі Майму Беззаганнаму Сэрцу і аб св. Камуніі ўзнагароджання ў першыя суботы. Калі мае жаданні будуць споўненыя, Расія навернецца і запануе супакой, калі не – бязбожная прапаганда пашырыць свае фальшывыя навукі па свеце, выклікаючы войны і пераслед Касцёла. Добрыя будуць пакутваць, а Святы Айцец таксама пацерпіць. Розныя народы загінуць. Аднак напрыканцы Маё Беззаганнае Сэрца затрыумфуе. Святы Айцец прысвеціць мне Расію, якая навернецца, і на пэўны час на свеце запануе супакой. У Партугаліі  заўсёды захаваецца дагмат веры. Гэта не кажыце нікому, Францішку можаце сказаць. Калі моліцеся на ружанцы, кажыце пасля кожнай таямніцы: „О мой Езу, прабач нам грахі нашы, захавай нас ад агню пякельнага, прывядзі ўсе душы да неба, а асабліва тых, каму найбольш патрэбна Твая Міласэрнасць”.

Падчас аб’яўлення ў ліпені Божая Маці пераказала две наступныя таямніцы. Першая з іх – гэта візія Беззаганнага Сэрца Марыі сярод церня. Другая таямніца звязаная з просьбай аб прысвячэнні цэлага свету, асабліва Расіі, гэтаму Беззаганнаму Сэрцу, разам з абяцаннем навяртання Расіі і супакою на свеце. Прадказала Божая Маці  ІІ Сусветную вайну і народзіны і ўпадак камуністычнага таталітарызму.

Апошняя, трэцяя таямніца, вакол якой вырасла шмат спекуляцый, была адкрытая толькі 13 мая 2000 г. падчас апошняга візіту Яна Паўла ІІ у Фаціму. Паводле слоў сястры Луцыі, трэцяя таямніца магла быць аб’яўлена только пасля 1960 г., калі папа палічыць гэта неабходным. Тым часам Ян XXIII, прачытаўшы канверт з пасланнем, напісаў на ім, што бачыў дакумент і што не выказвае думкі наконт яго зместу. Павел VI сказаў тое самае. Ян Павел ІІ у 2000 г. вырашыў адкрыць таямніцу, якая гаварыла пра “біскупа ў белым адзенні, які падае пасля стрэлу агнястрэльнай зброі”. Сапраўды, 13 мая 1981 г., дакладна ў гадавіну першага з’яўлення, падчас генеральнай аудыенцыі на плошчы св. Пятра ў Рыме ў папу страляў турак Мехмет Алі Агджа. Яго паказанні да сёняшняга дня поўныя супярэчнасцей і  невядома, чыёй ён быў прыладай. Ян Павел ІІ у тэксце,  што прачытала  ватыканскае радыё, сказаў: “Я малюся за брата, які мяне параніў, і шчыра яму прабачаю". Тыя словы ў Фаціме інтэрпрэтаваў кардынал Angelo Sodano: “Яго Святасць быў перакананы, што гэта "мацярынская рука кіравала траекторыяй кулі", дазваляючы паміраючаму папу затрымацца на парозе смерці. Таму адну з куль, якая трапіла ў папскі джып, Ян Павел II перадаў біскупу Фацімы, а той змясціў яе ў кароне разьбы Маці Божай у фацімскім санктуарыі. Сам Ян Павел ІІ шмат разоў падкрэсліваў, што апецы Маці Божай з Фацімы ён абавязаны ўратаваннем падчас замаху на яго жыццё менавіта 13 мая 1981 г. на плошчы св. Пятра ў Рыме. Маруджанне, з якім Ян Павел ІІ вырашыў адкрыць трэцюю Фацімскую таямніцу, сведчыць пра яго сціпласць і палітычную прадбачлівасць. Калі б Папа звярнуўся да гэтай прарочай візіі пра замах на сваё жыццё ў перыяд халоднай вайны, то яго б маглі абвінаваціць у распаўсюджванні прапаганды, а так ён прадставіў гэта як прароцтва, якое, калі спраўдзілася, надае большую верагоднасць усім Фацімскім аб’яўленням.

Фацімскае пасланне і надалей актуальнае, таму што сваім гарызонтам перакрочвае межы часу і прасторы. Маці Божая з’явілася тром пастушкам, просячы маліцца аб супакоі на свеце, аб пакуце і выбачэнні за грахі, абяцаючы Божую Міласэрнасць тым, хто Яму давярае і будзе Яму адданы. Гэтае пасланне сцвярджае, што магчыма перамагчы зло, што малітва стварае супакой паміж людзьмі, а грэшнікі набліжаюцца да Бога. Фацімскія аб’яўленні явяцца сучаснаму чалавеку як прарочае слова для нашых часоў, як знак, што Бог уваходзіць у гісторыю чалавецтва, каб выбавіць нас ад злога. Таму папа Ян Павел ІІ зазначыў, што сярод знакаў ХХ стагоддзя вылучаюцца Фацімскія аб’яўленні, таму што дапамагаюць нам убачыць Божую руку, якой цярплівы і міласэрны Айцец вядзе лёсы чалавецтва.

Вяртаючыся да зместу аб’яўленняў, варта адзначыць, што пасля 13 ліпеня партугальская прэса пачала з сарказмам апісваць гэтыя аб’яўленні і заклікала ўлады да ўмяшання. Па гэтай прычыне адміністратар павету Vila Nova de Ourém уранку 13 жніўня 1917 г. паехаў у Aljustrel і завёў дзяцей да пробашча. На плябаніі дзяцей сурова дапытвалі. Пасля адміністратар узяў іх у свой дом і спрабаваў прымусіць іх адрачыся ад сапраўднасці аб’яўлення, але яны не паддаліся. Тады адміністратар прыстрашыў укінуць іх у кацёл з гарачым алеем. Падчас зняволення ў доме адміністратара дзяцей агледзеў псіхіятр, але ён пацвердзіў, што яны былі пры здаровым розуме.

Дзеці вярнуліся дадому вечарам 15 жніўня. У наступную нядзелю, 19 жніўня, Луцыя разам з Францішкам і яго братам Янам вяла авец у месца, што звалася Valinhos, і адчула, што набліжаецца нешта звышнатуральнае. Мяркуючы, што павінна з’явіцца Маці Божая, яна шкадавала, што Жасінта Яе не ўбачыць. Дзяўчынка папрасіла Яна, каб паклікаў Жасінту,  і дала яму 20 грошаў; той адразу пабег за Жасінтай. Калі яна прыйшла, над скальным дубам адразу з’явілася Маці Божая і зноў папрасіла аб штодзённым прамаўленні ружанца і заклікала да малітвы і пакуты: “Маліцеся, шмат маліцеся, чыніце ахвяры за грэшнікаў, бо многія душы ідуць на вечнае асуджэнне таму, што няма нікога, хто б за іх ахвяраваўся і маліўся".

Заклік да малітвы і змагання аб супакоі з’яўляецца істотным элементам Фацімскага паслання. Малітва, пакута і перапрашэнне – гэта сродкі звышнатуральнай сілы для барацьбы за супакой. Фаціма заўсёды будзе сімвалам гэтага звышнатуральнага вымярэння чалавека як крыніцы сапраўднага супакою і надзеі.

13 верасня 1917 г., калі набліжалася гадзіна з’яўленняў, дзеці праціскаліся праз натоўп людзей, які ледзьве дазваляў ім прайсці. Вуліцы былі поўныя людзей. Усе хацелі бачыць пастушкоў і размаўляць з імі. Шмат асобаў, нават шляхетныя мужчыны і жанчыны, праціскаліся праз натоўп да тройкі дзяцей, падалі перад імі на калені, просячы прадставіць іх просьбы Божай Маці. Там аб’явілася ўся галеча беднага люду, некаторыя крычалі з дрэваў, іншыя з муру, на якім сядзелі. Урэшце дзеці дабраліся да Cova da Iria каля скальнага дуба і пачалі з людзьмі маліцца ружанец. Хутка яны ўбачылі водблеск святла і затым Найсвяцейшую Дзеву над дубам, якая зноў прасіла маліцца на ружанцы, каб выпрасіць канец вайны, і абяцала, што ў кастрычніку прыбудзе разам са св. Юзафам і Дзіцяткам Езусам, каб блаславіць свет, а таксама сказала, што Бог задаволены ахвярамі іх сэрцаў.

У гэтым аб’яўленні можна ўбачыць вымярэнне літасці да хворых і пакутных. Гэты аспект таксама важны ў духоўнасці Фацімы як вобраз Касцёла, які пакліканы абвяшчаць Евангелле міласэрнасці пакутным, ахвяруючы ім суцяшэнне ў любові Бога.

13 кастрычніка 1917 г. трое пастушкоў выйшлі з дому вельмі рана, бо ведалі, што ў дарозе можа быць затрымка. Людзі прыходзілі масава. Нягледзячы на дождж і холад, у даліне сабралася 70 тысяч чалавек (некаторыя сцвярджаюць, што магло быць нават 100 тысяч). Па дарозе да месца з’яўленняў паўтараліся сцэны, як і ў папярэднім месяцы, але часцей яны былі больш узрушлівыя. Нават балота не перашкаджала людзям, каб кленчыць у пакорлівай малітве. Калі Луцыя прыйшла да Cova da Iria каля скальнага дуба, то пад унутраным натхненнем прасіла людзей зачыніць парасоны, каб памаліцца на ружанцы. Хутка над скальным дубам з’явілася Маці Божая і сказала дзецям такія словы: “Хачу табе сказаць, каб тут пабудавалі капліцу ў мой гонар. Я – Маці Божая Ружанцовая. Трэба далей штодзённа маліцца на ружанцы. Вайна скончыцца і салдаты хутка вернуцца да дому". А пасля са смуткам на твары дадала: “Няхай людзі больш не абражаюць Бога грахамі, Яго ўжо і так вельмі абразілі". Зноў шырока раскрыла рукі, якія прамянелі ў сонечным бляску. Калі ўзносілася, Яе ўласны бляск адбіваўся ад сонца. Калі Найсвяцейшая Дзева знікла, дзеці ўбачылі на баку сонца  св. Юзафа з Дзіцяткам Езусам і Маці Божай, апранутай у белае адзенне і блакітны плашч. Здавалася, што св. Юзаф з Дзіцяткам бласлаўляюць свет рухамі рукі накшталт крыжа. Пан Езус блаславіў свет так, як і св. Юзаф. Хутка гэты відзеж знік, а Луцыя пазней бачыла яшчэ Маці Божую Кармелітанскую.

У той дзень натоўп бачыў так званы цуд сонца. Паводле апісання сведкаў, спачатку з’явілася хмара, якая знікла пазней, быццам дым кадзіла. Калі Луцыя заклікала людзей зірнуць на сонца, перастаў ісці дождж, і з’явілася сонца срэбнага колеру, так што можна было глядзець проста на яго без цяжкасцяў. Раптоўна сонца пачало круціцца вакол сваёй восі, праменячы шмат колераў ва ўсіх напрамках. Гэтая з’ява паўтарылася тры разы. Здавалася, што сонца ўпадзе, таму спалоханыя людзі пачалі крычаць. Мокрае адзенне ўмомант высахла. Цуд сонца працягваўся каля 10 хвілін, некаторыя бачылі гэтую з’яву ў 20 км ад Фацімы.

Пра цуд сонца напісала нават антыклерыкальная газета «O Século», якая выслала ў Cova da Iria вельмі таленавітага і няверуючага журналіста Avelino de Almeida, каб той напісаў артыкул, які павінен быў канчаткова скампраментаваць Фацімскія аб’яўленні. Перад гэтым ён ужо напісаў ажно тры артыкулы пра Фаціму, першы з якіх быў вельмі саркастычны. Такім жа павінен быў быць артыкул пра цуд сонца, але рашучы масон і атэіст Avelino de Almeida, як сапраўдны рэпарцёр, вырашыў не пярэчыць таму, што бачыў сваімі вачыма ў Cova da Iria каля Фацімы 13 кастрычніка 1917 года. Два дні пазней ён напісаў вельмі нейтральную справаздачу гэтай падзеі пад загалоўкам «Дзіўныя рэчы: як сонца танчыла апоўдні ў Фаціме». Той тэкст назаўжды перакрэсліў для Avelino de Almeida кар’еру журналіста, але стаў адным з галоўных доказаў гістарычнасці гэтага здарэння: 

«І тады пачаўся непаўторы спектакль, а для тых, хто не быў яго сведкам, немагчымы. З дарогі, дзе стаялі вазы, поўныя людзей, якія не мелі адвагі сысці на балоцістую зямлю, было бачна, як вялізны натоўп  звяртаецца ў бок сонца, якое вісела высока ў небе. Нябеснае цела нагадвала срэбную матавую талерку, на якую можна было глядзець без высілку. Раптоўна ўзняўся вялікі крык, а тыя, хто стаяў найбліжэй, пачулі заклік: “Цуд, Цуд! Надзвычайна! Надзвычайна!”. Перад захопленым натоўпам людзей, паставы якіх маглі нагадваць людзей з біблійных часоў і якія былі белыя ад жаху, з адкрытымі галовамі  паглядалі ў неба, сонца задрыжэла. Яно зрабіла ніколі раней нябачныя рухі, якія не падпарадкоўваюцца ніякім законам прыроды. Сонца „танчыла”, як трапна акрэслілі гэта вяскоўцы».

Гэта цікава, што цыкл з’яўленняў Маці Божай у Фаціме скончыўся бласлаўленнем Нашага Пана Езуса Хрыста. Гэтае бласлаўленне спачатку атрымаў партугальскі народ. Калі верныя партугальцы пакутвалі ад засмучэння і няпэўнасці, Божая Маці прыйшла з дапамогай да сваіх дзяцей і выпрасіла ім Божае бласлаўленне, каб даць ім суцяшэнне, падтрымку і заахвоту. Аднак гэтае бласлаўленне пашырылася на ўвесь свет як пасланне надзеі і крыніца супакою.

Фацімскае пасланне дапамагае нам чытаць гісторыю чалавецтва з асэнсаваннем таго, што яе можна змяняць дзякуючы дапамозе звыш. Паводле паслання з Фацімы, пакута і малітва – гэта братняя салідарнасць і супольная адказнасць за збаўленне свету. Пакутваць у штодзённасці –значыць маліцца за братоў, ахвяроўваць св. Камунію як выбачэнне за грахі свету, маліцца на ружанцы, просячы аб супакоі на свеце,  і змагацца за супакой, служыць хворым і пакутным,  даваць сведчанне веры і імкнуцца да святасці ў простасці штодзённага жыцця.

Сведчанне святасці маленькіх пастушкоў заклікае ўвесь Касцёл імкнуцца да высокага ўзроўню звычайнага  хрысціянскага жыцця. У сваёй прастаце пастушкі паказалі, што святасць у штодзённым жыцці магчымая дзякуючы жаданню адказаць на Божую любоў праз прысвячэнне сябе для дабра іншых, праз малітвы аб навяртанні грэшнікаў, праз салідарнасць з хворымі і пакутнымі.

Кожны з тройкі пастушкоў вельмі асабіста адказаў на заклік Маці Божай Фацімскай:

– Францішак быў дзіцем з духам адарацыі і сузіральным позіркам. Вельмі любіў маліцца ў адзіноце або паціху бавіў гадзінамі час перад табернакулюмам, адаруючы «Езуса Сукрытага» ў Найсвяцейшым Сакраменце. Менавіта ў гэтым сузіральным духу ён навучыўся цаніць радасную прысутнасць Бога і адкрывацца на любоў да іншага чалавека.

– Жасінта была вясёлай і лагоднай. Любіла кветкі, спяваць і абдымаць ягнят, часта хадзіла з авечкай на плячах, каб наследваць Нашага Пана Езуса Хрыста. Пасля аб’яўленняў выкарыстоўвала кожную магчымасць, каб ахвяраваць Богу цяжкасці і цярпенні за навяртанне грэшнікаў з любоўю да Касцёла і Святога Айца. Адрознівалася духам літасці і салідарнасці з пакутнымі і хворымі.

– Луцыя атрымала місію евангелізацыі, каб абвяшчаць добрую навіну пра Божую Міласэрнасць і распаўсюджваць набажэнства да Беззаганнага Сэрца Марыі. Верная гэтай місіі, нават у кармеліцкай кляўзуры яна паказала свету, што таямніца людскога шчасця засноўваецца на жыцці ў любові.

Пасля смерці Францішка (4 красавіка 1919 г.) i Жасінты (20 лютага 1920 г.) на заклік біскупа Leirii Луцыя выехала з Фацімы ў Порту, каб скончыць гімназію ў сясцёр даратанак. Пасля распазнання свайго паклікання да манаскага жыцця яна адправілася ў Іспанію, дзе ўступіла ў навіцыят і склала першыя шлюбы. Перад тым як уступіць у Кармэль у Каімбры (25 сакавіка 1948 г.), дзе правяла амаль усё жыццё ў скрытасці аж да смерці 13 лютага 2005 г.), сястра Луцыя атрымала новыя аб’яўленні, у Іспаніі, а менавіта ў Ponteveder (10 снежня 1925 г. i 15 лютага 1926 г.) i ў Tuy (13 чэрвеня 1929 г.). Адносна папярэдніх аб’яўленняў гэтыя прыватныя аб’яўленні сястры Луцыі маюць «характар вырашальны, дапаўняльны i выясняльны»,  як сказаў сённяшні біскуп Leirii-Fatimy António Marto.

Збор Фацімскіх аб’яўленняў заканчваецца нязвыклай і прыгожай выявай, якая ў адным вобразе падсумоўвае глыбіню таямніцы Найсвяцейшай Тройцы, збаўчай ахвяры Хрыста ў Сакраменце Эўхарыстыі і асаблівай прысутнасці Марыі пад крыжам як Найбалеснейшай Маці, поўнай ласкі і міласэрнасці:

«На алтары паказаўся ясны крыж, які сягаў ажно да столі. У яркім святле можна было ўбачыць у верхняй частцы крыжа аблічча і верхнюю частку цела чалавека. Над грудзьмі – галубка, таксама са святла. А да крыжа прыбітае цела іншага чалавека. Крыху ніжэй за сцёгны ў паветры вісеў Келіх і вялікая Гостыя, на якую з аблічча і грудной раны Ўкрыжаванага падалі кроплі крыві. З Гостыі гэтыя кроплі сплывалі ў Келіх. Пад правым плячом крыжа стаяла Найсвяцейшая Дзева Марыя. Гэта была Маці Божая Фацімская са сваім Беззаганным Сэрцам у левай руцэ, без мяча і ружаў, але з цярновай каронай і полымем. Пад левым плячом крыжа, быццам з чыстай крынічнай вады, на алтар беглі вялікія літары, утвараючы словы: Ласка і Міласэрнасць».

Ласка і Міласэрнасць – гэта падсумаванне ўсяго Фацімскага паслання. Гэтае пасланне прарочае, якое заклікае да поўнага адарвання ад зла, да навяртання і барацьбы за справядлівасць і супакой, да абароны годнасці кожнага чалавека. Фацімскае пасланне гарантуе нам, што Божая Любоў затрыумфуе над усімі людскімі трагедыямі. Пад апекай Марыі мы знойдзем суцяшэнне і абарону. З Яе рук прыйдуць надзея і супакой, якія нам ўсім так патрабныя, асабліва людзям хворым, бедным, самотным і пакінутым.

Папа Францішак сказаў падчас святкавання 100-годдзя аб’яўленняў у Фаціме: “Молімся да Бога з надзеяй, што людзі паслухаюць нас; і звернемся да людзей з перакананнем, што Бог спяшаецца нам на паратунак".

 а. João Carlos Roma Leite Rodrigues MIC

 

Прачытана 1264 раз Апошняе змяненне Аўторак, 20 Чэрвень 2017 19:14