Даволі часта мы ўжываем на нашых старонках словы: паломнікі, пілігрымы. Многія мерапрыемствы называюцца пілігрымкамі. Гэтае слова паходзіць ад лацінскага Palma - «пальма» і першапачаткова азначала падарожжа да Святой зямлі і да іншых геаграфічных мясцінаў, якія маюць сакральнае значэнне для хрысціянскай веры, з мэтай глыбокай пашаны і малітвы. Гэта значыць, хаджэнне вернікаў да святых месцаў на пакланенне. Звычай грунтуецца на імкненні пакланіцца месцам і святыням, звязаным з Хрыстом, апосталамі, Найсвяцейшай Багародзіцай; памаліцца перад цудатворнымі іконамі, акунуцца ў святую ваду ракі Ярдан і іншыя святыя крыніцы. Само слова паўстала ад слова «Палома» - пальмавая галінка, з якімі жыхары Ерусаліма сустракалі Езуса Хрыста. Багамольца, які падарожнічае да святых месцаў, называюць паломнікам альбо пілігрымам.
У іншых рэлігіях маюцца аналагічныя звычаі, хоць называцца яны могуць некалькі інакш. Усё гэта як раз і адрознівае пілігрымаў ад звычайных турыстаў.
Адно з месцаў пакланення беларускім святым – вёска Росіца Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці. Тут у гады Другой сусветнай вайны фашысты спалілі каля 1600 жыхароў. Разам са сваімі парафіянамі загінулі ў полымі айцы-марыяне Антоній Ляшчэвіч і Юрый Кашыра, якія адмовіліся ад прапанаванай немцамі волі. Праз паўстагоддзя яны былі кананізаваныя і цяпер двойчы на год, у лютым і жніўні, тысячы паломнікаў прыходзяць сюды, каб ушанаваць іх памяць.
Як і было запланавана, 29 ліпеня, у нядзелю, ад жодзінскага касцёла пачалася веласіпедная пілігрымка ў Росіцу. На чале з пробашчам парафіі а. Міхаілам група збіралася на шляху ад Жодзіна ў Барысаў і злучалася з барысаўцамі. Плануецца дасягнуць Росіцы да 3 жніўня, калі пачнуцца ўрачыстасці.
Як мы бачым у аб’явах, 3 жніўня у 12 гадзін ад касцёла адправіцца аўтобус для ахвотных паехаць у Росіцу, каб узяць удзел у набажэнствах пашаны святым Антонію і Юрыю.















