Крыху гісторыі: скаўцкі рух быў заснаваны ў Англіі ў пачатку ХХ стагоддзя палкоўнікам Робертам Бадэн-Паўэлам. У 1912 годзе ён пазнаёміўся і ўзяў шлюб з Олав Сэнт-Клэр. Ягоная жонка ўваходзіць у скаўцкі рух, падтрымліваючы ўсе намаганні мужа. Олав займаецца дзявочым адгалінаваннем скаўтынгу (Girls Guides). З 1916 году ўзначальвае арганізацыю дзяўчат, а ў 1930 годзе уганараваная тытулам Галоўнай Скаўткі Свету. Як і ў коле для хлопцаў, так і коле дзяўчат аднолькавыя Правы і Прынцыпы, а таксама размеркаванне па так званых галінах. Гэтыя галіны вылучаюцца па ўзросту ўдзельнікаў і педагогіцы.
Жоўтая галіна – ваўчаняты і божыя кароўкі – дзеці 9-12 год.
Зялёная галіна – менавіта скаўты і скаўткі – 13-17 год.
Чырвоная галіна (Дарога) – вандроўнікі і правадніцы.
Дык вось, менавіта прадстаўніцы чырвонай, самай старэйшай галіны, Дарогі, маладыя шэфы-правадніцы разам со сваім шэфам-камісарам Вольгай Гарашэвіч з’ехаліся на выхадных у Жодзіна! “Сліўкі скаутынга” – так акрэсліў дзяўчат айцец Міхаіл.
Дарога – гэта трэцяя галіна ў Федэрацыі Еўрапейскага Скаўтынгу, якая аб’ядноўвае правадніц (вандроўнікаў) узростам ад 17 год да моманту складання Fiat (гэта самая апошняя ступенька скаўцкай фармацыі маладой асобы, пасля складання Fiat маладая правадніца можа пакінуць скаўтынг, а можа застацца ў ім і несці служэнне). Гэтая галіна таксама называецца чырвонай, бо гэта колер ахвярнай любові, якой павінны быць пазначаныя ўсе нашыя справы. Усе правадніцы ФСЕ (Федэрацыі скаўтаў Еўропы) носяць чырвоныя гальштукі. Маладыя шэфы-правадніцы прысутнічалі на нядзельнай Імшы а 11 гадзіне. Шэфы прынялі ўдзел у рэкалекцыйным казанні айца Анрэя. Гэта была пантаміма “Які сэнс твайго жыцця?” Галоўны акцэнт быў зроблены на тым, што чалавек вельмі шмат робіць у жыцці даволі патрэбнага, але не бачыць у гэтым сэнсу (сапраўданаг сэнсу!) свайго жыцця! Мы бачым такі падстаўны сэнс у тым, каб есці, спаць, слухаць музыку, кахаць, мець звычкі і поспех… а пасля гэтае кола пачынае кружыцца ўсё хутчэй… і чалавек ламаецца, падае ў знямозе. І толькі калі ён стамляецца вечным бегам штодзённасці, тады толькі задумваецца над сапраўдным сэнсам свайго жыцця!
Тэма рэкалекцый для шэфаў была “Мая дарога да Fiat”. Падумайце пра сваё жыццё. Можа трэба паследаваць прыкладу Марыі? Можа сэнс жыцця - гэта сказаць «Fiat!» (“Так”) Богу, Ягонай волі і Ягонаму пакліканню?