З'ехаліся музыканты.

Серада, 17 Красавік 2013 22:59 Аўтар 

Шчыра кажучы, ішоў на “з’езд музыкантаў” з нейкім скептыцызмам. Чаму такая назва – з’езд? І якія там музыканты? Выканаўцы? Кампазітары? Назва мерапрыемства ні пра што не казала… Калі я спусціўся ў дольны касцёл жодзінскага храма, убачыў там каля шасцідзесяці чалавек. У асноўным – моладзь, хоць былі і некалькі асоб сталага ўзросту. Неўзабаве стала зразумела, чаму гэта быў менавіта з’езд: удзельнікі з’ехаліся з розных мясцовасцяў Беларуі і Украіны. Бачацца ўсе ўпершыню ў жыцці, аднак зычлівыя ўсмешкі і традыцыйнае вітанне: “Хвала Хрысту!” адразу выклікаюць адкрытасць і добразычлівую атмасферу.

Тут няма пахмурных, насцярожаных твараў. Адна хіба засяроджанасць на тым, што гаворыць малады чарнявы хлопец з гітараю. А ён акурат і ёсць адным з арганізатараў і вядоўцаў мерапрыемства.

Дзеля справядлівасці варта дадаць, што арганізатарамі гэтага маладзёжнага музычнага з’езду, акрамя пробашча касцёла а.Міхаіла, былі чатыры асобы, удзельнікі досыць папулярнага ансамблю з Кіева “Кана бэнд”. Аляксей Каплунскі і Крысціна Падлысецкая ужо ладзілі падобную імпрэзу мінулым годам у Жодзіне, Віктар Ляснікоўскі і Алена Скіба прыехалі упершыню.

І ўсё ж было незразумела і цікава: які сэнс гэтага з’езду? Часу мала, ўсяго тры дні... Бальшыня ўдзельнікаў не мае музычнай адукацыі, не іграе ў знаных калектывах… Але адкуль такое магутнае жаданне спяваць і іграць? Што ўсё ж аб’ядноўвае гэтых людзей у калектыў аднадумцаў, які нагадвае вялікую дружную сям’ю? Вось як адказаў на маё пытанне барабаншчык “Кана бэнду” Віктар Ляснікоўскі. “Калі хтосьці хоча праслаўляць Госпада, а любы чалавек папросту абавязаны рабіць гэта, дык мова мастацтва тут пасуе як найлепш. Мы ладзім такія форумы, каб людзі зразумелі: калі ты шчыра жадаеш жыць з Богам у сэрцы і з Яго запаветамі як падарожнай кніжкай па жыцці – на усё будзеш здольны. І варта толькі паверыць у гэта, даверыцца Госпаду, як адразу паверыш ва ўласную моц. Паверыць у сябе, паспадзявацца на Хрыста як на найпершага нашага дапаможцу і клапатлівага ахоўцу – галоўнае для нас сёння. А гэткія, хай і хуткабежныя школы, часам могуць даць болей, чым шматдзённыя самастойныя трэнінгі. Я зведаў гэта на сабе, калі браў удзел у падобных мерапрыемствах ва Ўкраіне, Польшчы, Балгарыі і іншых краінах. Таксама бачыў, як укаранелыя “металісты” і “рокеры” рэзка змянялі свае жыццёвыя арыентыры, і іх новы рэпэртуар ужо не меў ніякага дачынення да “жывапісных” татуіровак на іх целах. Сёння яны згубілі сваіх ранейшых прыхільнікаў, якія прыходзілі на канцэрты з півам і “касяком”, аднак займелі новых, з светлымі ўсмешкамі на тварах, мэтаскіраваных і жыццярадасных людзей”.

І вось супольныя лекцыя заканчваюцца. Усіх запрашаюць на заняткі ў групах: вакал, ударныя інструменты, гітара, клавішныя… Некалькі супольных тэм і непасрэдна развучванне канкрэтных твораў.

І зноў супольныя – але цяпер ужо практычныя – заняткі. На простых прыкладах хлопцы і дзяўчаты бачаць, як трэба яднаць вакал з простымі інструментоўкамі і з нескладанымі аранжыроўкамі. Колькі намаганняў, упартасці, канцэнтрацыі сваіх здольнасцяў і ўвагі, колькі душы ўкладваюць яны ў тое, што робяць.

І вось ужо шматгалосны хор заўзята спявае песню-ўслаўленне Хрысту…

Наступны дзень, нядзеля, быў апошнім днем з'езду. Удзел у набажэнстве з песнямі праслаўлення.


Пасля святой імшы і смачнага абеду, удзельнікі маладзёжнага музычнага форуму раз’язджаюцца па дамах.

Пытанне, якое турбуе усіх: дзе і калі будзе зладжаны наступны з’езд, і як туды трапіць?!

Удзельнікі "Кана бэнд" Аляксей Каплунскі, Крысціна Падлысецкая, Віктар Ляснікоўскі.

Таксама пра з'езд музыкантаў можна паглядзець вось тут: http://www.youtube.com/watch?feature=player_embedded&v=cdwobC2kGg4#!

Прачытана 1284 раз Апошняе змяненне Серада, 15 Май 2013 20:06