Менавiта гэтай iнтэнцыяй было прасякнута для мяне ўсё начное чуванне… Скажу вам, пра што думала, калi iшла ўночы да пляца Мучанiцтва. На адну маю руку абапiралася старэнькая бабуля, што маленькаю дзяўчынкаю прымала першую Камунiю з рук бласлаўлёнага мучанiка а. Ежы (так яна заве яго ад дзяцiнства да гэтай пары) Кашыры, другою рукою я абдымала маладога хлопчыка, якi быў па маiх меркаваннях слаба апрануты i крыху падмярзаў, побач iшла мая сяброўка... Звычайна я гэты шлях пралятаю на крылцах, з фотаапаратам у зубах, i ён падаецца мне хутка-кароткiм. А тут iду, навокал амаль што нiчога не вiдно, iду i думаю: дзе гэта мы? Няўжо яшчэ да павароту не дайшлi? Ой, як жа доўга! А тады раптам: а каб я ведала, што мяне вядуць у той авiн – палiць?! І вось тут у мяне мацi, а тут - сын, а там сяброўка?! А цi хацела б я, каб гэта дарога была не такой даўгою? А калi там, наперадзе, яшчэ й не было б святара?!
Пасля малiтвы ля Крыжа, гэтай асаблiвай цiхай малiтвы, у якой часам няма анi слоў, анi думак, а ёсць толькi боль i скруха, мы вяртаемся ў росiцкi касцёл абмытыя, ачышчаныя i шчаслiвыя. У гэтым месцы, дзе 70 год назад людзi забiлi Бога, Ён iзноў уваскрос, iзноў вярнуў нас да радасцi. Тут, у Росiцы, заўсёды адбываецца Пасха – для мяне, для цябе, для нас усiх… Хрыстос уваскрос! – Сапраўды ўваскрос!
Я нарадзiлася ў Лiдзе, далёка ад Росiцы, але вось ужо сёмы год ежджу сюды сама, ваджу пiлiгрымаў... Росiца мяне адаптавала, прыняла ў свае дзецi. Гэта - мая Радзiма. Яна заўсёды будзе чакаць мяне, а я заўсёды буду сюды iмкнуцца.




















