Мы ў Жодзіна. Першае ўражанне - цудоўнае: вельмі прыгожы касцёл, вялікая дагледжанная тэрыторыя каля яго, упрыгожаная кветкамі. Пасля сняданку і адпачынку мы сустрэлі сваіх старых знаёмых і пазнаёміліся з новымі людзьмі. Потым мы сабраліся ў кола, танцавалі, гулялі, маліліся і разам праслаўлялі Бога. За гэты дзень мы асвоілі памяшканне, у якім жылі.
Дзень другі
Сёння мы большую частку дня аддалі Богу. Маліліся Ружанец, вяночак да Божай міласэрнасці, спявалі на святой Імшы. У гэты дзень мы пачулі катэхэзу, падрыхтаваную айцом Пайлам. Яго прамовы вельмі моцна ўздзейнічалі на нас. Пасля іх мы глядзелі на простыя рэчы зусім па-іншаму.
На прыканцы дня перад намі стала пытанне, як правесці гэты вечар. Дзяўчаты жадалі тынчыць, а сціплыя хлопчыкі, не жадаючы танцаваць, прагнулі гуляць у футбол. Трэба было знайсці “залатую сярэдзіну”. Таму пасля танцаў адкрыўся чэмпіянат па футболу паміж жодзінскім “Тарпеда” у складзе хлопцаў і зборнай дзяўчат. Хоць і кажуць, што дзяўчаты нічога не разумеюць у футболе, мы саставілі нядрэнную канкурэнцыю хлопцам. Такім чынам, жаданні кожнага былі здейснены.
Дзень трэці
Сёння мы паехалі ў Барысаў. Там мы схадзілі ў кінатэатр, затым у касцёл нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Сёстры Эўхарысткі прыгатавалі для нас смачны абед. Многія ўпершыню наведалі гэты горад і ён пакінуў у нашай памяці добрыя ўспаміны. Пасля чарговых малітваў і прамоў мы зноў атправіліся на стадыён, дзе працягвалі спаборніцтвы. Дзень быў яркі і насычаны новымі ўражаннямі.
Дзень чацвёрты
І вось гэты цудоўны дзень настаў! Мы едзем у Мінск! Спачатку мы наведалі Чырвоны касцёл Сымона і Алены, а потым Катэдру - галоўны касцёл Беларусі. Мы гулялі пешшу па горадзе, убачылі прыгожы фантан каля тэатра оперы і балета. У выніку ўсе засталіся задаволеныя, а хлопцы яшчэ і мокрыя да ніткі (вельмі блізка пабылі каля фантана). Потым мы пайшлі ў парк Горкага, дзе нас чакалі атракцыёны. Асабліва ўразіла нас "Кола Агляду". З вышыні птушынага палёту мы ўбачылі Мінск як на далоні. Наступным нашым прыпынкам была Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Акрамя таго, што мы наведалі аглядную пляцоўку, нас таксама ўразіла фотавыстава ў памяшканні бібліятэкі. Стомленых, але задаволеных, нас зноў чакаў футбол. Сёння дзяўчаты паказалі свой найлепшы вынік з лікам 5:5.
Дзень пяты.
Гэты дзень быў радасны і сумны адначасова. Радасны, таму што мы правялі пяць цудоўных дзён разам. А сумны, таму што вечарам нас чакала развітанне і ад’езд дадому. У гэты дзень скончыўся наш чэмпіянат па футболу. Сёння мы атрымлівалі асалоду ад апошніх хвілін нашага адпачынку. За час нашага прабывання ў Жодзіна мы зрабілі шмат фотаздымкаў, якія будуць нагадваць нам пра гэтыя цудоўныя дзянькі.
P. S. Ад шчырага сэрца дзякуем айцу Паўлу, сёстрам Галіне і Маргарыце, Алене Мікалаеўне і Аксане Андрэеўне і ўсім тым, хто зрабіў наш адпачынак незабыўным. Спадзяёмся, што гэта сустрэча не апошняя.
Дзякуем вам, аллелюя!!!
Моладзь са Слабодкі.








