Пасвячэнне у міністранты.

Панядзелак, 25 Лістапад 2013 15:35 Аўтар  дыякан Канстанцін Анашка МІС

24 лістапада 2013 г., ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету, у жодзінскай парафіі адбылася вельмі прыемная падзея. На Святой Імшы ў 11.00 нашыя кандыдаты атрымалі ступень міністрантаў. Восем хлопцаў, якія раней прайшлі курс падрыхтоўкі, падчас урачыстай Эўхарыстыі атрымалі новыя комжы і склалі міністранцкую прысягу. Яшчэ адзін новы кандыдат пачаў падрыхтоўку да міністранцкай службы. Удзел у Літургічнай Службе Алтара – гэта гонар не толькі для кожнага з хлопцаў, але і для іх бацькоў. Міністрант вучыцца адказнасці, пільнасці і акуратнасці, дапамагае падчас Святой Імшы – самай вялікай таямніцы ў жыцці хрысціяніна.

Але галоўнае – міністрант бліжэй спазнае Хрыста і вучыцца несці Яго іншым людзям. Вельмі ўзрушваў момант, калі старэйшыя міністранты дапамагалі апранаць комжы сваім новым “калегам”. Дарэчы, многія з іх з’яўляюцца роднымі братамі. А калі літургічная асыста вярталася ў сакрыстыю, у нашым касцёле зрабілася вельмі “беленька”. Вядома, нашых новых міністрантаў чакае яшчэ доўгая дарога навукі, падрыхтоўкі і больш дакладнага спазнавання ўсяго багацця і глыбіні Літургіі, але ўжо сёння мы ганарымся імі, жадаем плённага служэння і абяцаем сваю малітву і падтрымку.

Апрача таго, урачыстасць Хрыста Валадара заканчвала Год Веры, які распачаў яшчэ папа Бэнэдыкт XVI. Для нас гэта ўрачыстасць была магчымасцю падзякаваць Богу за ўсё тое, што Ён даў нашай парафіі, нашым сем’ям і кожнаму з нас за гэты поўны ласкаў год. Мы дзякавалі Богу за нашую веру і прасілі, каб Бог яе ўзмацняў і падтрымліваў. Падчас кожнай Святой Імшы адбылося ўрачыстае вызнанне веры са свечкамі ў руках, а пасля Імшы а 9-й гадзіне перад Найсвяцейшым Сакрамантам мы маліліся Літаніяй да Сэрца Езуса і адспявалі гімн “Цябе, Бога, праслаўляем”.

Але на гэтым святкаванне не скончылася. Пасля Імшы а 11-й новыя  міністранты, іх бацькі і наш моладзевы хор сабраліся ў парафіяльнай зале, каб разам адсвяткаваць сённяшнюю ўрачыстасць і пакаштаваць нечага салодкага…

Прачытана 1568 раз Апошняе змяненне Панядзелак, 25 Лістапад 2013 20:04
Іншыя матэрыялы ў гэтай катэгорыі: « Футбольныя баталіі. Пачынаецца адвэнт. »