“Андрэйкі” ў стылі 80-х.

Панядзелак, 02 Снежань 2013 21:55 Аўтар 

30 лістапада ў нашай парафіі адбылася сустрэча моладзі – забава перад пачаткам Адвэнту, у народзе называная “андрэйкі”. Традыцыя “андрэек” паходзіць, праўдападобна, з Грэцыі і Шатландыі і звязаная  з успамінам св. Апостала Андрэя, які прыпадае на гэты дзень. У Каталіцкім Касцёле ён з’яўляецца традыцыйнай нагодай для забавы перад пачаткам Адвэнту - часу, калі трэба адкласці ўбок гулянні і пачаць працаваць над сваім сэрцам.

Сёлетнія жодзінскія “андрэйкі” праходзілі ў стылі “дыска 80-х”. І хоць мала хто з прысутных памятаў  гэтыя “старыя добрыя часы”, атмасфера ўсё ж была цудоўнай і вечарына ўдалася. Як і належыць хрысціянскай моладзі, нашая сустрэча пачалася з супольнай малітвы. Перад выстаўленым у касцёле Найсвяцейшым Сакрамэнтам мы праслаўлялі Бога і прасілі, каб Ён даў нам сілы на час Адвэнту, а таксама падрыхтаваў нашыя сэрцы да святкавання Божага Нараджэння.

Пасля пачалася забава. Прыгожа дэкараваная жодзінскай моладдзю зала, смачныя пачастункі, каляровыя строі ўдзельнікаў, конкурсы, рэтра-караоке і, канешне, дыскатэка – усё гэта сапраўды на момант перанесла нас у атмасферу 80-х гадоў.

“Андрэйкі” не адбыліся б і без віншавання імяніннікаў, якіх у нас было ажно тры. У якасці падарунка Андрэі атрымалі магчымасць праспяваць песню “Науцілуса” пра Апостала Андрэя “Прагулкі па вадзе”.

Сёлета жодзінскія “андрэйкі” сабралі больш за 70 чалавек з Жодзіна, Барысава, Мінска, Крупак і іншых месцаў. Госці раз’язджаліся стомленыя, але ў вясёлым настроі. Маем надзею, што такія перададвэнтовыя сустрэчы стануцца ў нашай парафіі традыцыйнымі.

Прачытана 2466 раз Апошняе змяненне Пятніца, 06 Снежань 2013 20:35
Іншыя матэрыялы ў гэтай катэгорыі: « Пачынаецца адвэнт. Уік-энд спраўдзіў надзеі. »