Уік-энд спраўдзіў надзеі.

Пятніца, 06 Снежань 2013 20:36 Аўтар  Іна Кавальчук

Вось і прайшоў час уік-энду, якога так доўга і нецярпліва чакалі  слухачы евангелізацыйнага курса . І чакалі не дарма, бо ўсё, што ім абяцалі, цалкам спраўдзілася.

У пятніцу, 29 лістапада, слухачы курса, бласлаўлёныя дыяканам Канстанцінам, пад жарты Валерыя Тадэвушэвіча Станчыка выправіліся ў дарогу. Яна не здалася доўгай і стамляльнай, і хутка жодзінцы ўжо заходзілі ў рэкалекцыйны дом пры аршанскім касцёле. Лёгкая вячэра, рассяленне па нумарах і …  “салодкіх сноў”, як было напісана ў праграме мерапрыемства. Дарэчы, сны на працягу дзвюх начэй і сапраўды былі салодкімі.

Дзень суботы пачаўся з вельмі смачнага сняданка (дзякуй дзвюм цудоўным жанчынам-паварам, якія ўсе дні кармілі нас простымі, але вельмі смачнымі стравамі), а затым жодзінцы ўжо слухалі Алену Зелянкевіч, якая чытала лекцыю “Хто такі Святы Дух”. У гэты дзень былі яшчэ дзве лекцыі: “Што робіць Святы Дух?” – якую прачытаў Віталь Драздовіч, і “Што такое Святая Імша?” – якую данес да слухачоў а. Міхаіл. Тэмы былі вельмі цікавыя, і з той жа цікавасцю, з якой іх слухалі, потым абмяркоўваліся ў групах.

У праграме ўік-энда быў запланаваны і вольны час, які кожны правёў па-свойму. Нехта проста адпачываў, а нехта скарыстаў магчымасць пазнаёміцца з Воршай, пагуляць па беразе Дняпра. Дарэчы, касцёл знаходзіцца літаральна ў некалькіх дзясятках метраў ад ракі і праз адчыненыя вокны можна чуць, як плешчацца вада.

А потым была супольная малітва-праслаўленне Бога, падчас якой сэрцы людзей напаўняліся Святым Духам і любоўю да Бога. Усе, хто адкрыў сваё сэрца да Бога, атрымалі тыя дары, пра якія неаднойчы казаў спадар Станчык, упамінаючы ўік-энд. Людзі славілі Бога і дзякавалі Яму за гэтыя дары. Пасля  кранальнай і пранікнёнай малітвы не засталося нікога сярод слухачоў, хто б не быў уражаны тым, што адбылося.

Суботні вечар быў пазначаны ў праграме ўік-энду як “Вясёлы вечар”, такім ён сапраўды і атрымаўся. На сталах былі торты, печыва, цукеркі, гарбата. Вядучыя Вольга Карбановіч і Святлана Мучынская падрыхтавалі шмат смешных, цікавых і забаўляльных конкурсаў, падчас якіх усе спявалі і танчылі, спаборнічалі ў спрытнасці, хуткасці, спрабавалі адгадаць думкі іншых, і ўсё гэта рабілі з вялікім задавальненнем. Да таго ж, напрыканцы вечара кожны атрымаў яшчэ і жартоўны падарунак.

Нядзельны ранак пачаўся для жодзінцаў а 8 гадзіне, і неўзабаве яны ўжо слухалі лекцыю “Ці аздараўляе Бог сёння?”, якую вельмі пранікнёна прачытала Юля Станчык. Усе прысутныя былі ўражаны тым, што расказвала гэтая маладзенькая, але вельмі моцная духам і верай дзяўчына. Пасля ізноў была шчырая малітва-праслаўленне Бога.

Мелі жодзінцы магчымасць пабыць і на нядзельнай імшы ў касцёле Святога Юзафа, якую правёў добра вядомы нашым парафіянам а. Аляксандр Жарнасек. У сваім слове ён расказаў пра сутнасць Адвэнту і нагадаў аб тым, што сапраўдныя вернікі заўсёды павінны быць гатовыя да Другога Прышэсця Хрыста. “Ніхто, нават Сам Езус,  не ведае, калі гэта адбудзецца… Тым больш, аб’явы аб гэтым не будуць развешаныя па горадзе. Таму не верце тым, хто будзе называць вам пэўныя даты Прышэсця Хрыста, але будзьце заўсёды гатовыя да гэтага”, - сказаў ён.

Дадому, у Жодзіна, слухачы курса ад’язджалі ў добрым настроі, але з пачуццём шкадавання, што гэтыя дні праляцелі так хутка. Яны, без сумнення, узбагацілі духоўнае жыццё кожнага. Вялікі дзякуй усім тым, хто арганізаваў гэты цудоўны ўік-энд.

Невялікая даведка, што такое наогул гэты евангелізацыйны курс. Ён для тых, хто хоча даведацца, што такое хрысціянства, Ісус Хрыстос, Святы Дух і г.д. Курс пазбаўлены канфесіянальнай афарбоўкі, таму наведваць яго могуць людзі любога веравызнання і нават тыя, хто наогул не верыць у існаванне Бога. 

Прачытана 1150 раз Апошняе змяненне Субота, 07 Снежань 2013 18:28