Вечарына пачалася з караценькай прамовы пробашча касцёла а.Міхаіла Цвячкоўскага, які вітаў прысутных і адзначыў: “Вялікая радасць бачыць тут сямейныя пары, добра, што муж і жонка разам прыйшлі ў касцёл. Асабліва цешыць усіх нас тое, што сёння тут шмат дзяцей. Усё разам гэта значыць, што сэрцы людзей адкрытыя да Бога, што дзякуючы такім сужэнцам у кожнай сям’і, у грамадстве становіцца болей павагі, любові адзін да аднаго, вернасці”.
Спатканне было абвешчанае як аплаткавае, таму ўсе прысутныя абменьваліся адзін з адным аплаткамі, віншавалі адзін аднаго з Божым Нараджэннем і жадалі ўсяго найлепшага. Мелі прысутныя магчымасць і патанчыць, і паўдзельнічаць у вясёлых конкурсах, паразмаўляць са знаёмымі і пазнаёміцца з новымі людзьмі. Для парафіяльных сужэнцаў быў падрыхтаваны і сюрпрыз: вітаць іх прыехала з Францыі …”Патрысія Кас”, якая праспявала адзін са сваіх хітоў. Роля вядомай спявачкі добра ўдалася Кацярыне Падсаднай. Вядома ж, і маленькія госці вечарыны таксама не сумавалі, бо іх забаўляла касцёльная моладзь.
Сустрэча доўжылася больш за дзве гадзіны і пакінула ў сэрцах тых, хто прымаў у ёй удзел, добрыя цёплыя ўражанні і надзею на новае спатканне напрыканцы студзеня, а таксама ўдзячнасць усім тым, хто рыхтаваў гэтае мерапрыемства.























На наступны дзень, у дзень Святой Сям’і - Езуса, Марыі і Юзафа, на імшы сужэнцы аднаўлялі свае абеты, абвешчаныя падчас вянчання. Глядзелася гэта вельмі кранальна. Акрамя прыгожага цэрэманіялу, гэта яшчэ і вельмі важна – нагадаць адзін аднаму тыя словы, якія прамаўлялі падчас адной з самых запамінальных падзеяў у сваім жыцці. У сваёй казані ксёндз Міхаіл зазначыў, што Папа Францішак вельмі заклапочаны станам сям’і, адносінамі паміж мужам і жонкай, роляй сям’і ў сучасным грамадстве, а галоўнае – тым, якое месца займае Бог у сёняшняй сям’і. “Папа Францішак заклікае сужэнцаў не толькі да павагі, пашаны, вернасці, але і да пяшчоты паміж мужам і жонкай, да сапраўднага кахання. Такім чынам Папа звяртае асаблівую ўвагу на цёплыя адносіны паміж мужам і жонкай і задаецца пытаннем, чаму гэтыя вельмі важныя пачуцці знікаюць з сем’яў з цягам часу. Здаецца, Святы Айцец гаворыць пра банальныя рэчы, але ж ці ёсць яны у нашых сем’ях?”…







