- Спачатку мы звязаліся з Лідзіяй Канстанцінаўнай, каб атрымаць спісы тых, каму неабходная наша дапамога, - кажа а. Міхаіл Цвячкоўскі, пробашч касцёла. – Мы таксама дамовіліся, што дапамога гэтая павінна быць адраснай. На сайце касцёла была размешчаная інфармацыя аб тым, у якіх рэчах дзеці маюць патрэбу, з указаннем памераў. Канешне, мы звярнулі асаблівую ўвагу на тое, каб ахвяраваныя рэчы былі ці новымі, што было б зусім выдатна, ці ў добрым стане. Дзякуй Богу, удалося сабраць усё тое, што было неабходна. Вялікі дзякуй таксама тым, хто не застаўся раўнадушным і дапамог нам.
Восьмага студзеня ў актавай зале маладзёжнага цэнтра сабраліся разам з бацькамі дзеці, для якіх праводзілася гэтая дабрачынная акцыя, і тыя, хто яе задумаў. На пачатку сустрэчы а.Міхаіл паабяцаў дзеткам сюрпрыз. Сюрпрызаў жа было некалькі, і першы з іх – невялічкая тэатралізаваная пастаноўка па Біблейскім сюжэце, як тры каралі ішлі вітаць нованароджанага Збаўцу Свету – Езуса Хрыста. Інсцэніроўку прэзэнтавалі дзеці, якія ходзяць у касцёл. Другім сюрпрызам быў прыход “Святога Мікалая”, які заўсёды ў час Адвэнту дорыць дзецям розныя неабходныя рэчы і, канешне, так любімыя малечай цукеркі і розныя салодкія прысмакі. “Святы Мікалай” і ягоныя сябры зладзілі для дзяцей вясёлы карагод, забавы, а потым раздалі салодкія падарункі і неабходныя кожнаму асобнаму дзіцяці рэчы.
Вынікам дабрачыннай акцыі засталіся задаволеныя ўсе яе ўдзельнікі. “Вельмі цешымся, што цалкам зрабілі тое, што планавалі. Дапамогу атрымалі 48 дзяцей, а мы, арганізатары і тыя, хто яе падтрымаў, - вялікую асалоду ад таго, што падаравалі дзецям і бацькам радасць і, спадзяюся, адчуванне Каляднага цуда ”, - сказаў а.Міхаіл.





















