Навогодні "Аазіс" у Воршы

Нядзеля, 12 Студзень 2014 15:47 Аўтар  Паліна Грыб

Свята Божага Нараджэння і сустрэча новага года - сямейнае свята, таму калі на адной імшы а.Міхаіл Цвячкоўскі загаварыў пра тое, што моладзь нашай парафіі можа сустрэць яго ў хрысціянскім лагеры "Аазіс", што праводзіцца ўжо каторы раз у Воршы, шмат хто расчаравана ўздыхнуў і падумаў: "Шкада, але не ў гэты раз". І сапраўды шкада тых, хто застаўся дома, таму што зімняя Ааза спраўдзіла ўсе надзеі!

"Аазіс" - гэта сезонны лагер для падлеткаў ад 14 да 18 год, што праводзіцца ў Воршы пры дапамозе і падтрымцы старэйшай хрысціянскай моладзі, так званых аніматараў. Увесь тыдзень, а гэтым разам усё адбывалася з 27 снежня па 2 студзеня, быў насычаны малітвамі, рознымі цікавымі мерапрыемствамі і проста прыемным баўленнем часу адзін з адным. Апекавалі моладзь айцы Віталь Даніловіч MIC і Андрэй Сідаровіч MIC.  

У гэты раз кампанія сабралася невялікая, але сур'ёзная: колькасць  удзельнікаў на працягу тыдня вагалася ад 40 да 45 чалавек, таму што старэйшым прыходзілася на некаторы час ад’язджаць па сваіх студэнцкіх справах. Геаграфічна зімовы “Аазіс” ахапіў даволі вялікую тэрыторыю: ад Віцебска да Шчучына, а некалькі ўдзельнікаў прыехалі ў Воршу нават з Варшавы. З Жодзінскай парафіі прыехалі гэтым разам чатыры дзяўчынкі.

Асноўная тэма зімовага “Аазісу” гучала так: “Адносіны і камунікацыя”. Штодзённыя канферэнцыі, якія чыталі аніматары, тычыліся ролі слова ў жыцці чалавека, ўмення жыць у грамадстве, наладжваць стасункі з людзьмі і проста разумець адзін аднаго. Сустрэчы ў малых групках пасля канферэнцый, абмеркаванне пачутага і сумесна праведзены час – чым не камунікацыя, чым не стасункі? Вось такім чынам тэорыя чаргавалася з практыкай. Заняткі  былі карысныя для нас, бо ў сучасным грамадстве шмат хто з падлеткаў, маладых людзей не ведаюць, як наладзіць дыялог з аднагодкамі і нават з бацькамі, і часам гэта вядзе да вельмі непрыемных і сур’ёзных наступстваў.   

Асобна можна выдзяліць моманты сумесных малітваў. Гэта і шматлікія “праславы”, і штодзённая святая імша менавіта для “Аазіса” з песнямі і нават малітва ў стылі Тэзэ (назва пайшла ад французскага горада Тэзэ, дзе ўпершыню прайшла такога кшталту малітва). Усё гэта ўзбагаціла духоўныя перажыванні тых, хто на іх прысутнічаў.

Вельмі цікавай была і забаўляльная частка нашага лагера. Кожны з нас нецярпліва чакаў вечара, каб даведацца, што ж прыдумалі аніматары на гэты раз. І сапраўды, было чаго чакаць! Адкрыццё, ці першы вечар, абярнуўся вясёлымі танцамі і гульнямі. Потым, у іншыя дні, былі, напрыклад, “Аратарскі вечар”, пабудаваны на прынцыпе Оксфардскіх дэбатаў, і нават свой “кінафестываль” з назвай “Ханаанскія Ільвы”!

Ну і, канешне, надыход Новага года. Недасведчаныя людзі могуць падумаць, што святкаваць яго ў хрысціянскім лагеры сумна і нецікава, але ж на самой справе ўсё зусім не так. Сустрэча Новага года пачалася ў двары рэкалекцыйнага дома, дзе мы запускалі нябесны ліхтарык, віншавалі адзін аднаго, лічылі разам удары курантаў і нават ладзілі салют! Святкаванне прадоўжылася ў зале, дзе стаяла ўпрыгожаная яліна, вакол якой вадзілі святочны карагод. Але які ж Новы год без традыцыйнага "Блакітнага агеньчыка"?! Хоць тэлевізар і не ўключалі ў гэтую ноч, але ж "агеньчык" быў. Свой. Вельмі забаўляльны і цікавы. Выступалі не толькі аніматары, але і самі удзельники адпачынку, а потым кожны яшчэ і прэзэнтаваў свой маскарадны строй: былі тут героі папулярнага серыялу "Гульня прастолаў", “штучная елка” , “снег”, быў нават строй "самой сябе". Добры настрой “перарос” у добрую дыскатэку, дзе ўжо ніхто не шкадаваў шыкоўных строяў і святочны грым, а ўсе таньчылі ад душы.

"Гэта быў лепшы Новы год у маім жыцці" - чулася шмат ад каго раніцай 1-га студзеня, якая для ўдзельнікаў “Аазісу”, між іншым, наступіла толькі а 12 гадзіне.

Другога студзеня, калі ўсе раз'язджаліся дадому, смеху было значна больш, чым слёз, таму што ўсё ведалі – у сакавіку сустрэнемся зноў.

Прачытана 1718 раз Апошняе змяненне Серада, 15 Студзень 2014 21:50
Іншыя матэрыялы ў гэтай катэгорыі: « Калядная дабрачынная акцыя "Рыбы" »