Можа, камусьці сапраўды было нязвыкла шумна і крыху дзіўна, бо мы звычайна чуем у касцёле арган і гітару. Гэтым жа разам гучала такая сапраўдная сучасная музыка з гітарнымі рыфамі, выразным барабанным рытмам і вельмі прыгожымі галасамі салістак евангелізацыйнага праекта “Рыбы”, чыя першая кружэлка з назвай “Захапляюся” была прэзентавана менавіта ў Касцёле Фацімскай Божай Маці ў Жодзіне. (Шкада, дарэчы, што саксафаніст гурта не змог прыехаць у Жодзіна, бо саксафонныя партыі запісаных на СD песень гучалі б у касцёле асабліва пранікнёна і ўзнёсла).
Ідэя стварэння такога кшталту праекту ўзнікла ў удзельніцы гурта “Рыбы” Ядзвігі Багдановіч, якая на працягу некалькіх год спрабавала пад гітару пець песні, праслаўляючыя Езуса Хрыста. Яна падзялілася думкамі з Аленай Кот, якая актыўна падтрымала гэтую ідэю і стала мастацкім кіраўніком гурта. Вось што кажа Алена: “Бог прыходзіць да кожнага з нас па-рознаму, і праз музыку таксама. Ён лечыць, дапамагае, падтрымлівае. І прыводзіць да нас іншых, каб рабіць справы на Яго праслаўленне. Нас сабрала Ядзя Багдановіч з мэтай зрабіць для моладзі і не толькі такі музычны праект. Мы сталі збіраць людзей, каб у гэтым нам дапамаглі. І калі паступова ўсё стала складвацца, атрымалася, што кожнага нам паслаў Бог і кожнага Ён паставіў на сваё месца. Можна сказаць, што ўсе ўдзельнікі нашага праекту натхнёныя на гэтую справу. Мы не даём спецыяльных канцэртаў, а проста служым на школе хрысціянскага жыцця і евангелізацыі, на вінаградніках, па парафіях. Праслаўляем Бога”.
Барабаншчык “Рыбаў” Віталій Грышкевіч выказвае свой погляд на ідэю існавання такога праекту: “Я вельмі люблю музыку, хаджу ў касцёл і заўсёды хацеў граць на славу Бога, таму што гэта “круче” за ўсё, і мне гэта вельмі падабаецца. Упэўнены, што можна граць на славу Бога альбо на славу д’ябла - трэцяга, на мой погляд, не дадзена. Я абраў для сябе першае. Хочацца, каб гурт быў на ўзроўні, каб даць у тым ліку канкурэнцыю тым, хто грае не на славу Бога. Да таго ж тое, што мы робім, робім на дабро, а яно заўсёды вяртаецца”.
А. Міхаіл Цвячкоўскі, пробашч касцёла Фацімскай Божай Маці, які з’яўляецца духоўным кіраўніком евангелізацыйнага праекта “Рыбы”, кажа: “Калі да мяне звярнуліся за падтрымкай, я, шчыра кажучы, не верыў у тое, што нешта слушнае атрымаецца. Але праз некалькі месяцаў убачыў, што праца ідзе і праект гэты цалкам жыццяздольны. Бога трэба славіць. І такім чынам таксама. Мы зрабілі праект “Захапляюся” дзякуючы таму, што Езус ёсць у нашых сэрцах. Гэтым мы хочам дзяліцца… А назваліся мы “Рыбы”, таму што праз вусны “сучасных апосталаў”, святароў, кожны з нас сустрэў Езуса Хрыста і трапіў у “сеці” Яго любові, так, як рыба трапляла ў сеці апосталаў. Сам Езус казаў апосталам – “ад гэтуль будзеце рыбакамі людзей”. Ён першы нас палюбіў, і ў адказ на Яго любоў мы вырашылі засведчыць аб Ім праз музыку і спеў”.
У складзе гурта 10 чалавек. Паўліна Жых – клавішы, Віталій Грышкевіч – сола-гітара, ударныя, Юрый Гардзіенка – сола-гітара, Уладзіслаў Фасевіч – бас-гітара, Юлія Казіміровіч – скрыпка, Павел Казак – саксафон, Ядзвіга Багдановіч, Яна Бажычка і Наталля Каспяровіч – вакал, сола, Вольга Монцік – бэк-вакал. Амаль усе яны студэнты і жывуць у розных гарадах нашай краіны і нават па-за межамі яе. Але з Божай дапамогай яны збіраюцца разам на рэпетыцыі, на выступленні, каб праслаўляць Творцу. “Святы”, “Ты – Госпад мой!”, “Езу, Ты ўлюбёны Сын Айца” – вось назвы толькі некаторых з тых дзевяці песняў, што ўвайшлі ў першую кружэлку “Захапляюся” евангелізацыйнага праекту “Рыбы”. Набыць яе можна ў касцёле Маці Божай Фацімскай ў Жодзіне.
Сімвалічна, што першае “хрышчэнне” “Рыбаў” – выхад кружэлкі – супала са святам Хросту Пана. Пахрышчаныя на добрую і годную справу – праслаўленне Езуса Хрыста – “Рыбы” будуць плысці ў вялікім моры людскіх сэрцаў, напаўняючы гэтыя сэрцы Боскай любоўю, верай, надзеяй.








