Другое: музыка. Музыка падчас эўхарыстыі заўсёды гучыць узнёсла, а калі гэта яшчэ і хор моладзі, дык наогул. Сядзіш, а сэрца ірвецца з грудзей ад адчування Божай прысутнасці, якая прыходзіць не толькі праз камунію, але і праз цудоўныя спевы. Асаблівым стаў момант, калі, здаецца, незнаёмы, але вельмі прыемны і моцны мужчынскі голас зацягнуў новую мелодыю. Пачула, як перагаворваліся дзве кабеты:
- Ой, а хто ж гэта так запеў цудоўна? Тут жа, здаецца, толькі дзевачкі сёння пелі.
- А ці не ойчанька наш гэта?
Прыслухоўваемся і пазнаём – сапраўды айцец Міхаіл спявае! Людзі, якія гэта зразумелі, адразу пачалі ўсміхацца і проста захапіліся гэтым спевам. Успомніліся словы з верша паэта Аляксея Бурака: “Навошта патрэбныя цуды, калі існуе музыка?..”
Трэцяе: дзеці. Жодзінскія парафіяне звыкла ўжо ставяцца да таго, што кожную нядзелю а адзінаццатай гадзіне касцёл поўніцца дзіцячымі галасамі. Для малечы тут, здаецца, сапраўднае раздолле! І пабегаць можна, і паўсміхацца ўсім, і паспрабаваць сябе ў якасці міністранта,і пачуць пропаведзь, цалкам складзеную так, каб дзецям усё ў ёй было зразумела. Ну, карацей кажучы, чаго толькі не робяць дзеткі падчас эўхарыстыі! Хіба што не развязваюць ксяндзу чаравікі, але ж ці далёка да гэтага? У гэтую нядзелю чамусьці галасы дзіцячыя гучалі нават больш весела і задорна, чым заўсёды. Міжволі на твары ўзнікала ўсмешка. Асабліва пасля пачутага пытання недзе справа ад мяне: “А калі я вырасту, то таксама буду ксяндзом?”. Задавала маці гэтае пытанне пяцігадовае дзяўчо.
Чацвёртае: ксёндз Вадзім Мізер. Гэта насамрэч галоўная прычына, па якой захацелася напісаць пра нядзельную імшу. Усе мы памятаем, як тыдзень таму прыміцыйную імшу ў нашым касцёле адпраўляў ксёндз Канстанцін Анашка. Гэтым жа разам а. Канстанцін і а.Вадзім змянілі адзін аднаго і 30 сакавіка адпраўлялі прыміцыі ў Барысаве і Жодзіне адпаведна. Здаецца, прыём для а.Вадзіма павінен быў быць меньш цёплым, бо ўсё ж не зусім знаёмы ён большасці парафіян, не зусім “свой”, а барысаўскі, але ж атрымалася ўсё якраз наадварот! Ну і што, што барысаўскі? Ну і што, што “быццам” не свой? Які ж не свой, калі як родны ўжо! Не толькі кранальныя, па-бацькоўску цёплыя словы пробашча а.Міхаіла пра прыміцыянта і сціплыя ўсмешкі на твары а.Вадзіма прымушалі адчуць гэтую сямейнасць, але і водгукі парафіян, якія мне ўдалося “назбіраць” у чарзе па прыміцыйнае блаславенне.
– Ой, ну які ж сёння дзень цудоўны! Ішла сюды злая такая, думала, прыду і буду тут воўкам на ўсіх глядзець, а ўсё такое ўзнёслае, прыгожае, прыемнае, што зараз падыду і абдыму гэтага ойчаньку, вось так!
- Ніколі б не падумала, што малады ксёндз. Робіць усё так упэўнена, нават рукі не дрыжаць. Малайчына, выглядае вельмі разважлівым!
- Ой, дзевачкі, прапусціце меня наперад, калі ласка, мне бегчы дадому трэба, а так хочацца блаславенне атрымаць!
- А я на его посвящении в Орше была, да. Хороший человек, видно. Вот увидите, их с отцом Константином ещё и в епископы будут вместе посвящать!
Асабліва спадабаўся момант, калі малады святар з усмешкай на твары сказаў перадаць бліжняму знак супакою. Здавалася б, звычайная рэч – заўсёды ўсміхаешся, але не, тут усмешкі былі, як мне падалося, больш шчырыя. Ці не таму, што сам святар вельмі радасна ўсміхаўся?
Доўгая-доўгая чарада людзей прайшла праз накладанне рук, кожны атрымаў абразок з мучанікамі з Росіцы. Пасля таго, як за святаром зачыніліся дзверы закрыстыі, людзі спакойна пачалі збірацца дадому і паціху разышліся. Сказаць гэта ўсім разам, усім касцёлам, тады не атрымалася, але ж, думаю, што гэтым артыкулам яшчэ можна крыкнуць услед: дзякуем Вам, паважаны айцец Вадзім, за такую светлую імшу! Калі ласка, прыязджайце да нас яшчэ!





