Прыміцыянта вітаў пробашч касцёла а.Міхаіл Цвячкоўскі: “Удзельнічаць у тваім шляху да святарства для мяне вялікая радасць. І сёння ўся парафія выказвае радасць, бо да гэтай радасці рыхтавалі свае сэрцы мы ўсе. Праца ксяндза – цяжкая, гэта паслуга ціхая, шэрая, але ты будзеш даваць людзям жывую ваду веры. Жадаю, каб у сваёй паўсядзённай працы ты ніколі не заняў месца Хрыста і каб хвалілі не цябе, а Хрыста, каторы ў табе, і каб праз цябе людзі сведчылі Яго”. Звярнуўшыся да парафіянаў, ксёндз Міхаіл заклікаў маліцца за маладога святара і зазначыў, што ў сэрцах вернікаў заўсёды павінна быць удзячнасць Богу за тых асобаў, што, адчуўшы пакліканне, адказалі Богу “так”.
Пасля сваёй прыміцыйнай імшы і шматлікіх віншаванняў ад дзяцей і моладзі парафіі, усіх парафіянаў ксёндз Канстанцін сказаў: “Самы вялікі падарунак для мяне – гэта вы, дарагія парафіяне, тое, што вас так многа сёння ў касцёле. Я ўжо шмат разоў казаў, што, скончыўшы семінарыю, стаў дыяканам, але святаром мяне зрабіла менавіта Жодзіна, ваша парафія. Вялікі дзякуй Богу за тое, што ён даў мне магчымасць быць для вас Ягоным інструментам. Цешуся, што мая мама таксама сёння тут з намі, яна можа паглядзець на маю новую сям’ю. Дзякую пробашчу Міхаілу, каторы быў першым марыянінам, што я сустрэў на сваім шляху і каторы прывёў мяне да братоў-марыянаў, сёстрам-эўхарысткам, усім, хто рыхтаваў гэтае свята, і ўсім, хто сёння тут. Паверце, кожнага з вас я нашу ў сваім сэрцы і абяцаю маліцца за кожнага з вас, за вашыя сем’і. Я адкрыты для вас і заўсёды вас чакаю, каб мы разам ішлі да Бога”.
Скончылася ўрачыстасць прыміцыйным бласлаўленнем, калі ксёндз-прыміцыянт ускладаў на галовы вернікаў намашчаныя рукі. Па традыцыі Касцёла лічыцца, што прыміцыйнае бласлаўленне – ад самога Папы.
І яшчэ адна традыцыя існуе падчас прыміцыі: малады святар раздае кожнаму невялічкія абразкі. На абразках, якія атрымалі жодзінскія парафіяне, – выявы бласлаўлёных мучанікаў айцоў Антонія і Юрыя з Росіцы, таксама марыянаў, як і ксёндз Канстанцін. Няхай жа прыклад гэтых бласлаўлёных заўсёды дапамагае святару ахвярна служыць Богу, сваёй краіне, весці людзей па шляху да Хрыста.



























У падарунак а. Канстанціну - невялічкі дзіцячы канцэрт.

















