Міжнароднае спатканне марыянскай моладзі

Чацвер, 29 Май 2014 14:32 Аўтар  Тамара Сарачынская

Айцец  Канстанцін, у нядаўнім мінулым проста брат Кастусь, у пілігрымках інтрыгаваў усіх рознакаляровымі кашулькамі, якія ён змяняў кожны дзень, з таямнічым надпісам “Марыянкі”. Што гэта за Марыянкі такія, брат тлумачыў нам прыкладна такім чынам: спатканне марыянскай моладзі ў Польшчы, дзе ёсць месца малітве і забаве. “Крута, -- думалі мы. – Вось бы нам штосьці падобнае. Бо і ў нас марыянскай моладзі, дзякуй Богу, хапае.”

А цяпер мы, моладзь Жодзіна і Барысава, таксама маем па цудоўнай чырвонай кашульцы з надпісам “Марыянкі”. Але справа, вядома, не ў іх, а ў досведзе саміх Марыянак, які мы атрымалі дзякуючы нашым маладым святарам – а. Канстанціну Анашка і а. Вадзіму Мізеру.  Упершыню такая вялікая група беларусаў з’явілася на Марыянках у польскім гарадку Гура Кальварыя. Нешта нас здзівіла, нешта шакавала, але ўражанні ва ўсіх цераз край. Распавяду пра нашае падарожжа па парадку.

Першае месца, якое мы наведалі ў Польшчы, старажытны Люблін – горад, дзе нашыя айцы-марыяне вучацца. Спыніліся мы ў семінарыі тых самых марыянаў. Што найперш запала ў душу, дык гэта цёплы, сямейны дух законнай супольнасці. Братоў на дадзены момант там няшмат, усяго 12 (а не так даўно было каля сотні), і палову з іх мы добра ведаем – прыемна адзначыць стабільна высокі працэнт беларусаў сярод марыян! Усё ў семінарыі вельмі проста, нават сціпла, але знаходзіцца там нам было неверагодна прыемна. Як кажуць, шкада, што мала. Дзякуй люблінскім марыянам за сапраўды цёплы і сардэчны прыём!

Наступнай мэтай нашага падарожжа быў чароўны Ліхень. Для тых, хто трапіў туды ўпершыню, гэта было адкрыццём. Велічная базіліка, абраз, натхняльныя гісторыі аб’яўленняў Божай Маці, прыгажэзны сад. Лепшага месца для духоўнага адпачынку не прыдумаеш. Дух, які пануе ў велічным Ліхені, нагадаў нам дух нашай Росіцы. Парада ўсім, хто яшчэ туды не даехаў: тэрмінова ў Ліхень!

Падчас прабывання ў Ліхені мы здзейснілі падарожжа ў Гнезна, першую сталіцу біскупаў Польшчы, калыску польскага Касцёла. Невялікі цяпер гарадок дазволіў нам удосталь падыхаць жывой гісторыяй.

З Ліхеня вясёлая група беларускай марыянскай моладзі cкіравалася ў сучасную сталіцу Польшчы – Варшаву. Правялі некалькі незабыўных гадзін у старым горадзе і паехалі на месца, дзе мусіла адбыцца галоўнае – Марыянкі. Як я ўжо казала, гэта гарадок Гура Кальварыя. Пасяліліся мы там у мясцовай школе, спалі, елі і мыліся ў даволі жорсткіх умовах, але нас гэтым не напалохаеш! Пачалося ўсё з прэзентацыі груп і канцэрту гурта Maleo Reggae Rockers, дзе мы мелі магчымасць ад душы наскакацца. На наступны дзень прыпала асноўная праграма Марыянак. Вядзе іх група польскай марыянскай моладзі з розных парафій. Тэма сёлетняга спаткання – hot or not: пра тое, што чалавек мусіць быць альбо халодным, альбо гарачым у адносінах да Бога, але ніяк не цёплым.  У праграме былі спевы, канферэнцыі, сцэнкі, малітва заступніцтва і магчымасць споведзі. Скончыўся дзень Святой Імшой і малітвай праслаўлення. Цяжка апісваць гэты дзень, бо ягоны плён – унутраны духоўны досвед і перажыванні, якія ў кожнага з нас свае. Але абыякавых, не закранутых Божым Подыхам у гэты дзень на Марыянках, бадай, не засталося. Халодныя і цёплыя на вачах станавіліся гарачымі.

Наступны, апошні дзень на Марыянак, нядзеля, быў самым урачыстым. У гэты дзень быў успамін бл. Станіслава Папчынскага, заснавальніка Ордэну Марыянаў. Мы мелі магчымасць памаліцца ля яго труны, а таксама ўдзельнічаць ва ўрачыстай святой Імшы. Пасля было развітанне і ад’езд дадому.

Плён нашай вандроўкі, эмоцыі, успаміны, не даюць спакою дагэтуль.  Многія з нас упершыню перажылі нешта падобнае. І, несумненна, з задавальненнем перажывуць яшчэ раз. У дадатак да духоўнага вопыту, уражанняў,  неверагоднай колькасці здымкаў і чырвоных кашулек, мы прывезлі з Марыянак новыя спевы, якія неяк самі сабой пераклаліся на беларускую мову.

Напрыканцы хацелася б падзякаваць усім, хто падараваў нам гэтае цудоўнае свята працягласцю ў тыдзень: айцам Вадзіму і Канстанціну, кіроўцам аўтобусу, арганізатарам Марыянак. А найперш Богу. За гэты цудоўны свет, за сяброўства, за марыянаў і Марыянкі.

 Фота Паліны Беляковай і Анастсіі Капцевай.

Прачытана 2197 раз Апошняе змяненне Чацвер, 29 Май 2014 22:10
Іншыя матэрыялы ў гэтай катэгорыі: « Свята Першай Святой Камуніі. Летнік у касцёле »