Летнік у касцёле

Аўторак, 10 Чэрвень 2014 22:53 Аўтар  Паліна Грыб

Вядома, што з 2 па 6 чэрвеня для дзяцей нашай парафіі праходзіў традыцыйны летнік, пра што не раз аб'яўлялася на кожнай нядзельнай імшы. І  як жа прайшоў летнік? Што ў ім было цікавага і прывабнага? І чаму не менш за трыццаць дзетак будуць нецярпліва чакаць наступнага чэрвеня?

Адзін пісьменнік калісьці сказаў, што шчасце там, дзе чуецца дзіцячы смех. Можна з упэўненасцю казаць, што касцёл на гэты тыдзень стаў не проста цэнтрам дзяцінства, але і месцам, дзе панавала  сапраўднае шчасце. І рэцэпт шчасця гэтага вельмі просты, бо складаецца яно, на самой справе, усяго з аднаго інгрыдыента - любові.

 

Па-першае, з любові да дзяцей. Ці атрымалася б што-небудзь, калі б людзі, якія былі адказныя за гэты тыдзень, сапраўды не любілі дзяцей? Ці было б гэтае баўленне часу сапраўды прыемным і карысным, калі б не дарослыя? Хтосьці самааддана гатаваў ежу, праводзячы на кухні ўвесь свой час, хтосьці бавіўся з дзяцьмі на вуліцы цэлымі днямі, хтосьці праводзіў заняткі і майстар-класы, а хтосьці проста дапамагаў звадзіць малечу ў прыбіральню... Я не буду называць імёнаў, бо кожная дапамога і кожная хвіліна, якую дарослы чалавек змог прысвяціць агульнай справе, - вялікая каштоўнасць. Вялікі дзякуй усім арганізатарам і дапаможным за дапамогу і ЛЮБОЎ.

Па-другое, з любові да забаў. Чаго тут толькі не было! І чэмпіянат па рускім лато ў класе, і разнастайныя гульні на двары, і нават гульня "прабярыся на кухні і здолей узяць цукерку, каб ніхто не заўважыў". Самае цікавае, што кожны ўзрост знаходзіў для сябе свае цікавасці ва ўсім тым, што адбывалася, таму кажнага дня а сямнаццатай гадзіне можна было пачуць словы: "Ну чаму ўжо дадому? Хутчэй бы заўтра!".

Па-трэцяе, любоў да вандровак. За гэты тыдзень дзеці паспелі не толькі цалкам стаць сваімі  ў касцёле, але ж і выехаць у іншыя месцы. Напрыклад, у сераду мела месца паездка ў Мінск, дзе дзеці праехаліся на дзіцячай чыгунцы і наведалі планетарый, дзе вучыліся зорнай азбуцы. Чацвер прынёс наведванне жодзінскага кінатэатру, а таксама экскурсію ў касцёл горада Барысава, дзе дзеці сустрэліся са знаёмым ксяндзом Паўлам Падмышаніным, паглядзелі на стары арган, а хтосьці нават атрымаў магчымасць пайграць на цікавым інструменце. Але ж, здаецца, самай захапляльнай аказалася паездка да “Барысаў-арэны”. Нягледзячы на тое што на стадыён ніхто не патрапіў, дзеці былі радыя проста прабегчыся вакол і зазірнуць на поле праз шчыліны пабудовы.

Па-чацвёртае, любоў да чагосьці новага. Гэтым новым для дзяцей сталі пажарная машына і “хуткая дапамога”. “Не дай вам Бог пазнаёміцца з гэтымі машынамі ў іншых абставінах”, - казалі дарослыя і самі з вялікім задавальненнем беглі глядзець на цікавых гасцей. Таксама завітаў ў госці і сапраўдны конь, які правёз кожнага па тэрыторыі касцёла. Радасці было!..

Але ж самае галоўнае, самае важнае:  была любоў да Бога. Катэхэзы, імша кожным ранкам, хрысціянскія спевы… Гэта было выхаванне той самай любові да Бога, на якой будаваўся гэты летнік, на якой павінна будавацца і ўсё жыццё. Менавіта такому жыццю – з Езусам у горы і ў радасці - і павінны мы вучыць сваіх дзяцей.

Прачытана 1121 раз Апошняе змяненне Серада, 11 Чэрвень 2014 00:21