Да Маці Божай Будслаўскай!!!

Аўторак, 03 Ліпень 2012 09:55 Аўтар 

Будслаў... Маці Божая Будслаўская...У некаторых, хто чытае зараз гэтую старонку, гэтыя словы не выклікаюць асаблівых асацыяцый. Але для соцен тысяч вернікаў-католікаў Будслаў - гэта не толькі вясковая мясціна на Беларусі, гэта часціна сэрца, гэта незабыўныя моманты неапісальнай радасці сустрэчы са святасцю, гэта незабыўныя пачуцці, для кожнага чалавека напэўна свае...

Будслаў... Маці Божая Будслаўская...Невялічкая вёска у мядзельскім раёне мінскай вобласці. І неяк вельмі велічна на фоне гэтага вясковага пейзажу выглядае Нацыянальны Санктуарый Маці Божай Будслаўскай. У яго галоўным алтары - цудоўны вобраз Маці Божай Будслаўскай, Апякункі нашага краю. І гэта не проста словы....

Гісторыя сведчыць, што цудоўнае аб'яўленне Маці Божай айцам-бернардынам адбылося на гэтым месцы яшчэ ў 1588 г. Хіба з таго часу і распачаліся першыя пілігрымкі. Мясцовыя старажылы апавядаюць, што «і за царом, і за Польшчаю, і за саветамі» 1 і 2 ліпеня ішлі да Маці Божай пілігрымы з усіх куткоў Беларусі і з-за яе межаў (з Варшавы і з Вільні)…

Сёння а палове шостай гадзіны раніцы у нашым касцёле распачалася святая імша з нагоды пачатку пешай пілігрымкі у Будслаў. Аддаўшы пашану св. Тамашу, апосталу, парафіяне маліліся за тых, хто падрыхтаваўся у далёкую дарогу. Амаль 150 кіламетраў прыйдзецца прайсці на працягу чатырох дзён. Спякоту да +33 градусаў і кароткачасовыя дажджы прадказвае "тэлебарометр". Гэта будзе не шпацыр па прахалодным лесе, а нялёгкая дарога. Як жа вырашыліся вы, якім амаль па 10-15 гадоў? І разумееш, калі бачыш разам з імі іх бацькоў, старэйшых братоў і сясцёр, а разам з некаторымі іх бабуль і дзядуль, якім болей за 60... Людзі розных узростаў, розных прафесій, хто як можа знаходзяць час і спосабы, каб усё ж схадзіць пешшу і пакланіцца цудадзейнаму вобразу Маці Божай, аддаць тым самым пашану Богу. Асабліва уражвае, калі бачыш калоны па 100 ці 300 чалавек, якія прайшлі пад 400 кіламетраў. Гэта фантастыка? Не! Але столькі радасці, усмешак, песень і, не паверыце, танцаў пасля соцень кіламетраў!!! А можа і праўда гэта нешта з вобласці фантастыкі. Дык чаму ж так мала аб гэтым мы чуем праз тэлебачанне і радыё? Не, там сёння другія каштоўнасці...

Першая пешая пілігрымка з Жодзіна адбылася у 1997 годзе. Тады яе арганізаваў пробашч парафіі а. Марк, якога да цяперашняга часу добрымі словамі успамінаюць мясцовыя вернікі: за збудаваны цудоўны касцёл, за навуку працы над сваім сумленнем, і за самаадданасць сваёй справе служыць Богу і людзям.

Сёння да Будслаўскай Святыні з Жодзіна вырушылі ў шаснадцаты раз. Пажадаем удзельнікам лёгкай дарогі. А Пан Бог іх ужо благаславіў.

 

 

 

Прачытана 3159 раз Апошняе змяненне Серада, 02 Ліпень 2014 18:58