"Настаўнік, каб я зноў бачыў..."

Нядзеля, 28 Кастрычнік 2012 17:52 Аўтар 

Кожную нядзелю у 11 гадзін праходзіць Cвятая імша для дзяцей. Гэта не значыць, што дарослым забараняецца прысутнічаць. Наадварот: дарослыя прыходзяць са сваімі дзецьмі і ўнукамі, малодшымі братамі і сёстрамі... І вось таму ў касцёле часта гучыць непасрэдны дзіцячы смех, часамі можна пачуць плач зусім яшчэ малога, якога няма з кім пакінуць дома, а прыйсці ў касцёл вельмі хочацца. І вельмі спакойна ўсе адносяцца да таго, што дзеці могуць у час літургіі хадзіць, альбо поўзаць па падлозе са сваім міні-аўто. Але час ідзе хутка. І вось гэтыя дзеці ўжо ходзяць на заняткі па катэхізацыі, вучацца спяваць у касцельным хоры, гатуюцца і прыходзяць да першай споведзі... А потым прыходзяць ужо са сваімі дзецьмі. І для іх, будучых дарослых, ужо норма: шэсць дзен працаваць, а сёмы аддаць Богу. А галоўныя жыццёвыя правілы ўжо даўно: паважай бацьку і маці, сваіх бліжніх, не падманвай і не крадзі, старанна вучыся. І гэтак далей... Ці не адсюль пачынаюць вырашацца важнейшыя грамадскія праблемы? Ці не ў гэтым узросце закладваецца падмурак духоўнасці і культуры, шліфуюцца такія рысы характару, якія ў будучым заўсёды дапамогуць адпаведна і разумна паводзіць сябе ў штодзённым жыцці, мужна супрацьстаяць цяжкасцям і заўсёды найперш спадзявацца на Бога.

Мк 10, 46–52

"У той час, калі Езус выходзіў з Ерыхона са сваімі вучнямі і з вялікім натоўпам, Бартымэй, сын Тымэя, сляпы жабрак, сядзеў каля дарогі.

Пачуўшы, што гэта Езус Назаранін, ён пачаў крычаць: "Езусе, Сыне Давіда, змілуйся нада мною. Многія загадвалі яму замоўкнуць, але ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давіда, змілуйся нада мною."

Езус спыніўся і сказаў: "Паклічце яго". І паклікалі сляпога, кажучы яму: "Смялей, уставай, Ён кліча цябе". Скінуўшы плашч, той падскочыў і падышоў да Езуса.

І адказваючы яму, Езус сказаў: "Што хочаш, каб Я зрабіў табе?" Сляпы сказаў Яму: "Настаўнік, каб я зноў бачыў". Езус сказаў яму: "Ідзі, вера твая вылечыла цябе". І той адразу пачаў бачыць, і пайшоў за Езусам па дарозе."

Менавіта на гэтую тэму і праходзіў дыялог а. Паўла з дзецьмі, якія заўсёды вельмі актыўна і з радасцю удзельнічаюць у гэтых размовах. І хоць часам бывае нялёгка растлумачыць дзецям сур'ёзныя рэчы, але у а. Паўла гэта атрымліваецца заўсёды. Вось і сёння, на прыкладзе чытання святога Евангелля паводле Марка, ён вельмі яскрава растлумачыў дзецям (дарэчы і прысутным дарослым таксама :)), што ніколі не трэба слухаць галасы, якія спрабуюць адвярнуць нас ад Бога, а наадварот - як мага больш настойліва, як Бартымэй, усё мацней і мацней звяртацца да Яго. Асабліва ў той час, калі ўсе зямныя сродкі ўжо не дапамагаюць. І гэта будзе дарога да новага духоўнага жыцця. І з'явіцца мужнасць ісці далей з усведамленнем таго, што мы страцілі надзею не ў канчатковай перамозе, а ў сродках, якія ўжывалі ў яе дасягненні

 

 

 

 

 

 

Прачытана 1444 раз Апошняе змяненне Панядзелак, 05 Лістапад 2012 13:17