Сакрамэнт святарства - вялікая падзея.

Панядзелак, 04 Люты 2013 11:11 Аўтар  Вікторыя Колесава. Фота Д.Астасевіча

Апостальскі нунцый (дыпламатычны прадстаўнік Папы Рымскага ў Беларусі) арцыбіскуп Клаўдыё ГУДЖЭРОЦЦІ наведаў Жодзіна ў мінулую суботу. На ўездзе ў наш горад яго з пашанай сустракалі старшыня Савета дэпутатаў Аляксандр ІЗАФАТАЎ, пробашч касцёла Маці Божай Фацімскай ксёндз Міхаіл Цвячкоўскі MIC, старшыня парафіяльнай рады Канстанцін Бараноўскі.

А затым адбылася сустрэча ў старшыні выканаўчага камітэта Жодзіна Міхаіла Амеллянчука, на якой прысутнічалі і старшыня савета дэпутатаў Аляксандр ІЗАФАТАЎ, і першы намеснік галоўнага інжынера, галоўны тэхнолаг БелАЗа Віктар Руды, і прадстаўнікі прэсы.

Сустрэча пасла Ватыкана і старшыні выканкама Жодзіна была вельмі прыгожай, напоўненай добрымі эмоцыямі і, да таго ж, вельмі змястоўнай. Міхаіл Амеллянчук распавядаў аб нашым горадзе, аб яго гісторыі і пра тое, чым цяпер жывуць жодзінцы. Арцыбіскуп не проста з цікавасцю слухаў Міхаіла Міхайлавіча, але дзякаваў за добрае стаўленне гарадскіх уладаў да Касцёла ў Жодзіне, за разуменне і цікавасць да жыцця парафіі. Акрамя таго, арцыбіскуп Клаўдыё ГУДЖЭРОЦЦІ зазначыў, што Ордэн айцоў Марыянаў, прадстаўнікі якога і служаць у Жодзіне, перажывае вялікую ўрачыстасць: Свята Ахвяравання Пана. І ў гэты святочны дзень Ордэн папоўніцца новым святаром. Распавёў Апостальскі нунцый і пра тое, хто такія айцы Марыяне, якую яны маюць старадаўнюю гісторыю і традыцыі, і як яны ўяўляюць сабой прыклад сапраўднага служэння Богу, Багародзіцы і людзям.
У касцёле Маці Божай Фацімскай арцыбіскуп Клаўдыё ГУДЖЭРОЦЦІ правёў святочную літургію. На ўрачыстасці прысутнічалі Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, марыяне з усіх парафій Беларусі, а таксама з Польшчы, правінцыял айцоў марыянаў правінцыі Божага Провіду кс. Павел Навумовіч МІС, сёстры эўхарысткі. Пробашч парафіі айцец Міхаіл Цвячкоўскі МІС, вітаючы Апостальскага нунцыя, усіх гасцей, адзначыў, што ў гісторыі жодзінскага касцёла такая падзея адбываецца ўпершыню і з'яўляецца па-сапраўднаму грандыёзным святам для вернікаў.
«Мы разам стараемся ісці да Бога, разам праслаўляем Яго і імкнемся да святасці» - сказаў у сваім звароце да ўсіх прысутных а. Павел Навумовіч МІС, а да прадстаўніка Папы звярнуўся з просьбай аб святарскім пасвячэнні дыякана Віталя Даніловіча МІС. Нягледзячы на тое, што малады святар родам з Наваполацку, а служыць будзе ў Воршы, яго пасвячэнне адбываецца ў Жодзіне – таму гэтая такая падзея не проста важнейшая ў жыцці аднаго чалавека, які стаў навечна слугой Бога, але і для Касцёла, і для нашага горада гэта падзея унікальная, гэта сведчанне Божай Ласкі.
У сваёй гаміліі арцыбіскуп Клаўдыё ГУДЖЭРОЦЦІ, згадваючы пра гісторыю свята, адзначыў, што Марыя і Іосіф прынеслі Езуса ў храм, каб ахвяраваць Яго Богу. Айцы Марыяне, па словах арцыбіскупа, ахвяруюць сёння Богу ў гэтай святыні маладога чалавека. І яны шчаслівыя таму, што «не прыносяць у ахвяру, паводле старажытнага звычая, двух галубкоў, але ахвяруюць значна больш - усё жыццё чалавека». Звяртаючыся да будучага святара, Апостальскі нунцый падкрэсліў, што той будзе «сведкай і ахвярай» і крыж хутка будзе ляжаць на абодвух яго плячах. Дадаючы яму надзеі, Апостальскі нунцый запэўніў, што яму дапамогуць несці гэты крыж Бог і людзі. “Ў жыцці будучага пастыра, паводле слоў ерарха, будуць і прыгожыя, і цяжкія часы, так, як жыццё складаецца з белых і чорных карункаў». Арцыбіскуп падзякаваў таксама Айцам Марыянам за служэнне, якое яны нясуць у Каталіцкім Касцёле ў Беларусі, заўважыўшы, што яны - вялікі дар для нашай краіны. Прадстаўнік Папы зноў і зноў высока ацаніў ролю, якую выконваюць Марыяне ў Беларусі.
“Ужо цяпер, - дадаў Апостальскі нунцый, - у наяўнасці плён гэтага служэння - многія Пакліканні”. Дарэчы, з Жодзіна ў духоўнай семінарыі вучацца два будучыя святары Ордэна Айцоў Марыянаў, вучыцца і адна будучая сястра Ордэна сясцёр Эўхарыстак. Шлях, які выбралі гэтыя маладыя людзі, вельмі цяжкі, часта незразумелы людзям свецкім. Ён напоўнены неймавернымі цяжкасцямі, складанай вучобай (у Ордане Айцоў Марыянаў падрыхтоўка да святарства, вучоба і выхаванне адбываецца ў некалькі этапаў, на працягу 8 гадоў). Але ўсё гэта даступна толькі для тых, хто адчувае самае сапраўднае Божае Пакліканне.
Арцыбіскуп Клаўдыё ГУДЖЭРОЦЦІ пажадаў новаму святару быць верным Божаму слову. У заключэнне ўрачыстасці Айцец Віталь Даніловіч MIC звярнуўся да сваіх братоў, аднакурснікаў, сяброў, вернікаў Жодзіна і гасцей свята, да сваіх бацькоў з удзячнасцю за ўсё, што перажыта разам, але, перш за ўсё, ён дзякаваў Богу за Святое Слова, якое заўсёды ўмацоўвала яго, цяпер ужо маладога святара, ў вучобе і ў жыцці.

 

 

 

Прачытана 2405 раз Апошняе змяненне Субота, 23 Люты 2013 20:32
Іншыя матэрыялы ў гэтай катэгорыі: « Ваўчаняты-ваўчаняты!!! :) Вялікі пост. »