Яшчэ раз узгадваючы аб тым, што Бог ёсць адзіны, але ў трох асобах: Бог Айцец, Сын і Дух Святы, мы зноў звяртаемся да аднаго з асноўных дагматаў хрысціянства аб Найсвяцейшай Тройцы. Урачыстасць з гэтай нагоды традыцыйна звязваецца з вясной, кветкамі і яшчэ з адной вельмі знакавай падзеяй у жыцці кожнага хрысціяніна - Першай споведдзю і Першай Камуніяй. Вельмі часта да гэтага моманту людзі прыходзяць ужо ў сталым узросце, самастойна прыняўшы рашэнне аб неабходнасці споведзі як сродка духоўнага адраджэння. Але найлепш, калі дарослыя, бацькі, клапоцяцца аб дасканалым выхаванні сваіх дзяцей, іх рэлігійнай адукацыі. Наведваючы заняткі па падрыхтоўцы да першай споведзі, дзеці пачынаюць разумець што такое грэх у сваім штодзённым жыцці, хто ёсць бліжні і што яго трэба любіць як сябе самога. У будучым гэта вельмі дапаможа ім ладзіць здаровыя і трывалыя адносіны са сваімі роднымі і блізкімі, сябрамі па школе, калегамі і супрацоўнікамі на будучым працоўным месцы. Менавіта тут яны атрымліваюць першыя урокі працы над сваім сумленнем.
25 мая да Першай споведзі прыступілі 14 дзяцей. Каб падрыхтавацца да гэтага важнага момэнту, бацькі прыводзілі іх кожную нядзелю на працягу года на заняткі ў касцёл. 26 мая, у дзень урачыстасці Найсвяцейшай Тройцы, дзеці прынялі першую Святую Камунію (першае прычасце).















