Чароўная Італія...

Серада, 05 Чэрвень 2013 20:26 Аўтар  Паліна Белякова

Пад такой назвай у сярэдзіне мая 2013 года парафіянамі была арганізавана пілігрымка у Італію. Машрут пралягаў праз Польшчу, Чэхію, Аўстрыю. Непасрэдна - 

Жодзіна – Чанстахова – Вена – Падуя - Рыміні -- Ассіж – Ларэта – Рым\Ватыкан - Венецыя – Жодзіна.

Сваімі уражанямі і фотаздымкамі падзялілася удзельніца пілігрымкі -  Паліна Белякова.

 


"Наша падарожжа ў Італію распачалося наведваннем знакамітага мястэчка Польшчы - горада Чанстаховы. А знакамітае гэта месца тым, што тут знаходзіцца Санктуарый Найсвяцейшай Панны Марыі Яснагорскай. Абраз Маці Божай Чанстахоўскай шануецца як найвялікшая рэліквія не толькі каталікамі. Ясная Гара - галоўны аб'ект рэлігійнага паломніцтва ў Польшчы.

Пасля агляду санктуарыя, удзелу ў набажэнстве было некалькі гадзін вольнага часу для знаёмства непасрэдна з гарадком: утульнымі вулачкамі, невялікімі "склепікамі" і ветлівымі гараджанамі.

Пасля начлегу ўжо на тэрыторыі Чэхіі мы, адпачнуўшы, накіраваліся ў Вену -  сталіцу Аўстрыі. Першае, што мы ўбачылі - гэта Венская рэзідэнцыя.

Вельмі ўразіла Ратуша, узведзеная ў гатычным стылі.

Статуя Чумы - гэта знакаміты будынак у Вене. Яна ўяўляе сабой воблакі, а на воблаках анёлы і іншыя біблейскія героі.

Венскі музей прыродазнаўства таксама захапляе сваёй архітэктурай. Пасля набажэнства ў адным з касцёлаў мы прадоўжылі вандраваць па Вене.

Мне вельмі спадабаўся сімвал Вены - Сабор св. Стэфана.

Гэты стыль і атмасфера захапляе! Унутры сабора вельмі прыгожа: шмат алтароў, Біблейскіх сцэн, усё пераліваецца сінім, чырвоным, малінавым колерам.

Знахадзіцца там адно задавальненне!

Скончылася наша перабыванне ў Вене наведваннем оперы. Але не ў тэатры, а гледзячы на вялізарны экран на плошчы каля тэатра, дзе ўсе жадаючыя і глядзяць оперу. І нічога, што яна была на нямецкай мове - усім нам яна спадабалася!

Падуя - горад у Італіі. Знакамітая Базіліка св. Антонія - галоўны цэнтр шанавання св. Антонія Падуанскага, найбуйнейшая па памерах царква Падуі.

Тут, у Базіліцы, як рэліквіі захоўваюцца мошчы Святога.

З гідам мы наведалі Палацо дэла Раджоне - залу пасяджэнняў гарадскога суда Падуі.

Прыгожыя дамкі з зелянінай, з цікавым архітэктурным рашэннем вельмі адрозніваюцца ад тых, якія бачым у Жодзіне. Таксама наведалі Падуанскі ўніверсітэт, як усе ведаем там вучыўся наш зямляк - Францыск Скарына. На гэтай ноце скончылася экскурсія па Падуі.

І вось самае прыемнае...
Католіка - вядомы курорт на Адрыятычным узбярэжжы. Тут знаходзіцца тэматычны парк «Ле Наві» («Le Navi») - сістэма акварыўмаў, дзе прадстаўлена мноства відаў марской фауны, а таксама экспанаты, якія распавядаюць аб гісторыі мараплаўства.

Нягледзячы на дрэннае надвор’е некаторыя ўсё ж такі "паплавалі" ў моры.

На курорце знаходзіліся два дні. І за гэты час мы паспелі добра адпачыць, купіць недарагой адзежы (бо было ўсё ж вельмі холадна для лета ў Італіі) і наведаць шоу фантанаў - гэта калі фантан "танцуе" пад музыку. Было вельмі цікава паглядзець. Нашы пілігрымы нават некалькі часоў чакалі гэтага.

І тут таксама ў нас была малітва ў мясцовым касцёле, які ўразіў сваёй прыгожай і цікавай архітэктурай.

Наша знаходжанне на курорце скончылася і вось наступны прыпынак...

Ларэта - горад у італьянскай правінцыі Анкона. Найбольшую вядомасць гораду прынесла Базіліка Санта-Каза, месца паломніцтва хрысціян з усяго свету.

Вялікую вядомасць атрымала складзеная для базілікі Ларэтанская літанія. Тут, у Ларэта, знаходзіцца частка дому, у якім жыла Марыя -  сама Маці Божая! Нажаль там нельга было рабіць здымкі... Людзі з усяго свету прыходзяць у гэты дом, каб прасіць Бога аб аздараўленні. Шмат людзей з цяжкімі хваробамі ў храме і нават на плошчы перад Базілікай. Штодзённа чуваць шматлікія крыкі болю і малітвы... У Ларэта мы прабылі толькі некалькі гадзін.

Наступны прыпынак у Асізі - городзе ў Італіі, у рэгіёне Умбрыя. Асізі - месца нараджэння і пахавання Францыска Асізскага, заснавальніка ордэна францысканцаў.

Тут знаходзяцца яго нятленныя мошчы. Амаль усе набылі мясцовы сімвал - францысканскі крыж.

Позна вечарам, амаль ноччу, вяртаемся ў наш кемпінг.

І тут мы першы раз пакаштавалі пасту (італьянскія макароны) і італьянскія дэсерты. Смачнейшых дэсертаў, чым у Італіі, я не каштавала ніколі! Яны вельмі-вельмі смачныя! Падсілкаваўшыся, мы размясціліся ў нашых дамках.

І вось доўгачаканы Рым - сталіца Італіі. Першае, што мы наведалі - Касцёл Яна Хрысціцеля.

Потым велічны Калізей - амфітэатр, помнік архітэктуры Старажытнага Рыма, найбольш вядомае і адно з самых грандыёзных збудаванняў старажытнага свету, якія захаваліся да нашага часу.

 Арка Канстанціна.

А вось і тое, што прымусіла некаторых пілігрымаў заплакаць - Лесвіца св. Алены, лесвіца, па якой Езус ішоў на суд да Пілата. Амаль усе мы прайшлі па ёй.

Усе 28 прыступак лесвіцы закрыты дошкамі - з-за асаблівай святасці гэтай рэліквіі - часткі Пакут Хрыстовых. Вернікі ўзыходзяць па ёй толькі на каленях, чытаючы асаблівыя малітвы на кожнай прыступцы. У тых месцах, дзе на лесвіцы засталіся сляды крыві Хрыста, зробленыя адмысловыя шкляныя акенцы.

Ну а потым Пантэон - храм або месца, прысвечанае ўсім багам.

Я заўседы марыла сфатаграфавацца каля гэтых велічных калон, тыпічных для Рыма.

Далей ідзе фантан Трэві - самы вялікі фантан Рыма.

Велічны фасад палаца і фантана ўспрымаюцца як адзінае цэлае, і таму фантан здаецца яшчэ больш грандыёзным.


Пасля лесвіцы, Ватыкан - карлікавая дзяржава-анклаў (самая маленькая дзяржава ў свеце) у сярэдзіне тэрыторыі Рыма, асацыяванае з Італіяй. Каб нам трапіць у музей, трэба было пастаяць каля двух гадзін у чарзе. Але яно таго варта!

Нажаль, мы не убачылі Рымскага Папу, але прайшлі па ўсяму музею.

Нас апошніх запусцілі ў Сікстынскую капэлу - музей, выдатны помнік Адраджэння, які выкарыстоўваецца таксама для правядзення канклаваў, на якіх кардыналы абіраюць новага Папу.

Сабор св. Пятра, на мой погляд, галоўнае ў нашай пілігрымцы!

І апошні наш пункт наведвання – Венецыя. Горад у паўночнай Італіі на ўзбярэжжы Адрыятычнага мора. Вядомы перш за ўсё тым, што гістарычная частка размешчана на астравах і каналах. Транспарт у Венецыі - толькі водны, а дакладней - на гандолах.

Гандолы - гэта традыцыйная венецыянская вяслярная лодка. З'яўляецца адным з сімвалаў Венецыі.

Адны з самых знакамітых месцаў - Плошча і Сабор св. апостала Марка.

У Венецыі дзейнічае патрыярх. Патрыярх Венецыі - адзін з нямногіх патрыярхаў лацінскага абраду ў Каталіцкай царкве. Ў адрозненні ад патрыярхаў праваслаўнай Царквы і патрыярхаў усходняга абраду, ў каталіцкай Царкве патрыярх не валодае адмысловымі адміністрацыйнымі паўнамоцтвамі і яго тытул у цяперашні час з'яўляецца ганаровым, адзнакай венецыянскага арцыбіскупа, якія маюць у асноўным цырыманіяльнае значэнне.

Нам вельмі не пашанцавала з надвор’ем у Венецыі. Мы убачылі, як затапляецца горад і самі сутыкнуліся з гэтай праблемай... Мокрыя і халодныя мы вярнуліся ў наш цёпленькі аўтобус і направіліся ў Беларусь.

У Польшчы мы літаральна акупавалі мясцовы супермаркет і задаволеныя паездкай, з пакупкамі, вярнуліся дахаты.

Італія - гэта краіна, у якую хочацца вярнуцца, і я абавязкова наведаю яе яшчэ шмат разоў! 

Прачытана 1405 раз Апошняе змяненне Серада, 12 Чэрвень 2013 00:29
Іншыя матэрыялы ў гэтай катэгорыі: « Урачыстая працэсія Божага Цела. "Любоўю жыць!" »