* * *
Любовью жить не значит строить кущи, Любовью жить – дарить себя без меры.
Поднявшись даже на гору Фавор. Любовь такая не перестает,
Это – спешить на голос Твой зовущий, И я дарю себя с простою верой,
Смотреть на Крест, не отрывая взор. Что если любишь – ни к чему расчет.
На небе радость будет неземная, Все, что имела, много или мало,
Никто не в силах нас ее лишить, К Твоим ногам смогла я положить.
Но на земле желаю я, страдая, Одно богатство у меня осталось:
Любовью жить, любовью жить! Любовью жить! Любовью жить!
Любовью жить и, страхи изгоняя, «Любовью жить – безумно и опасно, -
Забыть ошибки всех минувших дней. Мне мир твердит. – Не стоит больше петь!
Любовь сильней греха. Она святая: Не трать свой нард и жизнь свою напрасно,
В короткий миг грехи сгорели в ней! Когда желаешь в жизни преуспеть!»
О дивный Пламень, посреди горнила, Тебя любить – нет плодоносней траты,
Где самый жар, мне место приготовь, Я оставляю мир сей для Тебя,
И я спою о том, как полюбила Возьми мой мед, вино и ароматы,
Тебя, Любовь, тебя, Любовь! Умру любя, умру любя!
С любовью жить и умереть я рада,
Чтоб разрешились узы навсегда.
о мой Господь, ты станешь мне наградой,
Я не ждала иного никогда!
Тебя увижу и сольюсь с тобою,
Огня любви уже не потушить.
Мне было так начертано судьбою:
Любовью жить, любовью жить!




















«Цяжкая праца Гасподняя»
Досвед веры святой Тэрэзы з Ліз’е, якая ў кастрычніку 1997 г. Янам Паўлам ІІ была абвешчаная Настаўнікам Касцёла, патрабуе сур’ёзнага асэнсавання. Што яднае Айцоў першых стагоддзяў, Яна Златавуснага або Амвросія Медыяланскага, Грыгорыя Вялікага або Аўгустына з дзяўчынкаю з Нармандыі, якая наўрад ці што чытала, не мела ніякага жыццёвага вопыту, не зазнала сістэматычнае адукацыі і, пайшоўшы ў Кармель у пятнаццаць год, здавалася б, цалкам адрэзала сябе ад рэчаіснасці.
Можа здавацца, што гісторыя Тэрэзы Мартэн – не больш за сюжэт для сумнага і прыгожага кінафільму, аўтары якога імкнуцца прымусіць свайго гледача задумацца над тым, што акрамя праблем штодзённасці існуюць яшчэ Бог і вечнасць.
Менавіта да такога ўспрыняцця жыцця Тэрэзы падштурхоўвае чытача і апошняе выданне яе “Аўтабіяграфічных рукапісаў” па-французску ў папулярнай серыі “Livre de vie”, фільм паводле якога не так даўно быў зняты Аленам Кавалье.
Усяго толькі гераіню сумнага кінафільма бачаць у ёй не толькі скептыкі і насмешнікі, але і сур'ёзныя багасловы. Менавіта таму пытанне пра тое, у чым палягае «маё малое вучэнне», пра якое як пра багаслоўскі подзвіг першы загаварыў пятнаццаць гадоў таму кардынал Люстыж'е, і сёння застаецца актуальнае. Дык чым жа ёсць яе багаслоўе?
Святая Тэрэза, у адрозненне ад вялікіх святых прошласці, абірае малы шлях.
Гэта першая асаблівасць яе асабістага credo. Тэма здзяціненасці стаецца для яе ледзь не галоўнай – здзяціненасці, якая стаецца вызначальнай характарыстыкай нашага “я”. Словы “калі не пераменіцеся і не станецеся як дзеці” бясконца цытавалася падчас казаняў, аднак евангельскі заклік да здзяціненасці ў гісторыі хрысціянства так і не быў асэнсаваны, аж пакуль не выйшла ў свет “Гісторыя адной душы” Тэрэзы з Ліз’е.
У чым менавіта трэба стаць падобнымі да дзяцей, і ўвогуле – як гэта магчыма? У тлумачэннях гэтых словаў у Евангеллі зазвычай падкрэсліваецца толькі тое, што да дзяцей трэба прыпадабніцца ў сэнсе іх прастадушнасці і даверлівасці, непісьменнасці і цнатлівасці ў жыццёвых праблемах, мажліва, у сэнсе іх чысціні, але не больш за тое. Тэрэза першая здолела паказаць, што духоўная здзяціненасць – гэта штосьці непамерна большае, чым перайманне паасобных уласцівасцяў дзіцяці.
Стацца дзіцем наноў, ужо пасталеўшы, - немагчыма (ці не пра тое казаў Мікадым у гутарцы з Езусам у Евангеллі паводле Яна?), а прыкідвацца – папросту немаральна. Тэрэза, якая цудоўна гэта разумела, прапануе свайму чытачу – магчыма, не без уплыву «Духоўных практыкаванняў» святога Ігнацыя Лаёлы, якія былі ёй вядомыя, калі не тэкст, дык, у кожным разе, з аскетычнай практыкі яе сучаснікаў, - прынцыпова іншы шлях: у думках вярнуцца ва ўласнае дзяцінства і абудзіць у сабе тое дзіця, якім калісьці быў кожны, каб такім чынам убачыць, што менавіта ён згубіў, калі пасталеў, вярнуцца да тае неразбітасці і непашкоджанасці асобы, свайго «я», якія магчымыя толькі ў маленстве.
Тэрэза, як сапраўдны гісторык, карпатліва аднаўляючы ў памяці драбнюткія дэталі сваёй біяграфіі, распавядае нам праўдзівую гісторыю свайго дзяцінства... І тут, і ў іншых месцах кнігі Тэрэза не баіцца расказаць пра свае слабасці ці пра тое, як менавіта яна разумела веру, нават тады, калі гэта не супадала з вучэннем – дакладней, тагачасным вучэннем – Каталіцкага Касцёла. Вольны ад цэнзурных скажэнняў тэкст рукапісаў святой з Ліз'е стаў даступны зусім нядаўна.
Асаблівага кшталту праўдзівасць робіць «Веснавую гісторыю...» (так называла свой рукапіс сама Тэрэза) сапраўды ўнікальнаю кнігай. Бога можна сустрэць толькі там, дзе няма ілжы. Менавіта гэткім месцам сустрэчы з Богам стаецца кніга святой Тэрэзы.
Гераіню гэтай кнігі немагчыма пера ймаць, бо дарослы чытач не павінен пераймаць дзіця, затое магчымае іншае – паспрабаваць прайсці тым жа шляхам, якім прайшла Тэрэза, і вярнуцца да першых успамінаў дзяцінства. Сапраўды ў гэтым і палягае адзін з заклікаў, з якімі звяртаецца да нас маленькая кармелітка з Ліз'е.
Ёсць у «Веснавой гісторыі...» і іншыя заклікі, у прыватнасці, заклік да святасці. Заклік, які адрасаваны ўсім.
Бог, як заўсёды падкрэслівае Тэрэза, кліча да святасці не абраных праведнікаў ці герояў, а кожнага – без аніякіх выключэнняў. Нагадваючы пра гэта, Тэрэза становіцца ў адзін шэраг з хрысціянскімі пісьменнікамі першых стагоддзяў, пра якіх яна, натуральна, нічога не ведала. Не ведалі пра гэты заклік і яе сучаснікі, бо ў канцы ХІХ стагоддзя Айцоў чыталі вельмі мала.
Тэрэза шмат у чым апярэдзіла як вышэйназваных багасловаў, так і іншых рэлігійных мысляроў. Можна сказаць нават больш: у тэкстах святой Тэрэзы ёсць месцы, якія многіх здзівяць. Так, напрыклад, яна адчувае ў сабе пакліканне быць святаром і, па сутнасці, выконвае амаль што дыяканскае служэнне, рыхтуе імшу: ставіць на прастол эўхарыстычныя ёмістасці і г.д. Аднак ад думкі пра святарства яна адмаўляецца, толькі не праз сваю прыналежнасць да жаночага полу, а абраўшы шлях пакоры, якім крочыў некалі святы Францыск.
З вяртаннем да аднаго з асноўных пастулатаў старажытнай Царквы звязана і тое, што гаворыць Тэрэза (прытым не толькі ў тэкстах, але і ўсім сваім жыццём) пра юнацтва. Старажытныя пакутніцы, Кацярына, Барбара і многія іншыя, спаткалі смерць, калі ім, хутчэй за ўсё, не было і дваццаці гадоў. Юны быў і пакутнік Трыфан. Аднак гэтая акалічнасць, хоць і была зафіксаваная, не асэнсоўвалася як асаблівы феномен. У асобе святой Тэрэзы хрысціянскае юнацтва ўпершыню ў гісторыі Касцёла загаварыла.
Тэрэза мяркуе, што чалавек можа цалкам рэалізаваць сябе і да канца выканаць «заданне», дадзенае яму Богам, застаючыся юным. Яна заўсёды гаворыць пра тое, што не ведае, колькі яна пражыве, але ў гэтым няведанні няма нічога страшнага, таму што яна ўжо выконвае сваё «заданне».
У глыбінях штодзённасці чалавек павінен адчуць «водар вечнасці», якая адкрытая нам ужо сёння.
«Кожнае імгненне – гэта ўжо вечнасць, вечнасць з яе радасцю», - піша Тэрэза ў адным з лістоў. Убачыць у вопытах імклівага жыцця «вечнасць з яе радасцю» - вось яшчэ адзін заклік да нас святой з Ліз'е.
Радавацца яна, сапраўды, умее, нягледзячы на хваробу і ўсе тыя пакуты, якімі ў ХІХ стагоддзі абавязкова суправаджаліся сухоты. Але як яна будзе радавацца там, на Небе? Тэрэза гэтага не ведае, але ўсяляк падкрэслівае, што і па смерці яна хацела б працаваць. «Я мяркую, - піша яна ў адным з лістоў, - што на Небе не застануся без справы, маё жаданне палягае ў тым, каб яшчэ папрацаваць. Хіба не занятыя анёлы ўвесь час тым, што дапамагаюць нам, і пры гэтым яны заўсёды сузіраюць Аблічча Божае... Вы бачыце, што, калі я і пакідаю ўжо поле бою, дык не дзеля эгаістычнага жадання адпачыць. Думка пра вечную асалоду агаломшвае маё сэрца, бо даўно ўжо пакута сталася маім Небам тут, на зямлі, таму я, сапраўды, не магу зразумець, як мне ўдасца акліматызавацца ў Краіне, дзе радасць уладарыць, не мяшаючыся са смуткам».
Само слова «suffrance» (“пакута”) у французскай мове Тэрэзы набывае значэнне лацінскага “labor”, прынцыпова новае для мовы рэлігійных тэкстаў.
Карыстаючыся ім даволі часта, яна гаворыць не пра пасіўны стан чалавека, які цешыцца з таго, што яму кепска, а пра актыўную, цяжкую працу, пра духоўную работу спагады да іншага. Пакутваць у дадзеным выпадку – не проста трываць. Тэрэза гаворыць якраз пра тое, аб чым гаварыў старац Сілуан у словах «маліцца за іншых – кроў праліваць». За некалькі месяцаў перад смерцю Тэрэза параўноўвае сябе з лакаматывам на чыгунцы, які цягне цэлы састаў. «Я таксама набліжаюся да вакзала, - кажа яна, - да вакзала Неба».
Тэрэза хоча працягнуць працу і за рысай смерці; акрамя таго, яна не разумее, як зможа яна радавацца, не пакутуючы, калі іншым (тым, хто застаецца тут) будзе па-ранейшаму кепска. Гэта яшчэ адна прынцыпова новая рыса ў «маім малым вучэнні». Французскі пісьменнік Жан Гітон гаворыць у сувязі з гэтым, што Тэрэза чакае ад Бога не вечнага спакою (requiem aeternam), а вечнай дзейнасці (actionem aeternam).
Несумненна, арыгінальнай рысай багаслоўя святой Тэрэзы варта назваць і досвед перажывання хваробы. Хвароба – гэта не пакаранне за грахі, бо Бог не помсціць, а любіць, Ён ёсць сама Любоў. Бог пакутуе (зноў жа ў тым сэнсе, які надае гэтаму слову Тэрэза!) праз тое, што нам балюча. Што ж тады такое хвароба? Гэта не йкі асаблівы досвед, які перажываецца намі незалежна ад таго, хочам мы гэтага ці не. Найверагодней – дзеля іншых, для таго, каб камусьці (цяпер або ў будучыні) штосьці адкрылася. Пры гэтым сам Бог, калі мы перажываем гэта досвед, суперажывае нам – вось пра што перш за ўсё гаворыць Тэрэза, разважаючы аб болю. «У здаровым целе здаровы дух», - так, даволі груба скажаючы Ювенала, нярэдка гаварылі ў савецкія часы, а таксама ў Італіі за Мусаліні ці ў гітлераўскай Нямеччыне, маючы на ўвазе, што хворыя і фізічна слабыя людзі духоўна непаўнавартасныя.
«Orandum est, ut sit mens sana in corpore sano», або “трэба маліцца аб тым, каб у здаровым целе і дух быў здаровы” – вось што сказаў Ювенал, чыя думка была пазней бессаромна трансфармаваная апалагетамі здаровага цела. Тэрэза ідзе значна далей за рымскага паэта. Высвятляецца, што не ў здароўі, як часта думаем мы, і не ў хваробе, аб чым нярэдка гаварылі аскеты мінулага, палягае шчасце, а ў непарушнасці чалавечага “я” і яго глыбіняў, незалежна ад нашага фізічнага стану.
Калі ўдумацца, такое стаўленне да немачы прысутнічала ў жыцці Царквы ад старажытнасці, але пра гэта ніколі не было прамоўлена так ясна, як зрабіла гэта святая з Ліз'е. Заклік Тэрэзы скіраваны і да тых, хто хворы, і да родных і сяброў хворага, у гэтым закліку няма ні каліва няпраўды, бо Тэрэза хварэла так цяжка, як толькі магчыма.
Сёння чалавек, які думае пра сябе, як пра верніка, прытрымліваецца пастоў, наведвае богаслужэнні і г.д., нярэдка за веру прымае ўласныя ўсталяванні – светаглядныя ці ідэйныя. Адбываецца гэта з той прычыны, што ягоная вера не спраўджаная досведам жыцця. Прыходзіць бяда, і аказваецца, што вера, якою ён так ганарыўся, была вельмі слабая ці проста адсутнічала. Па-сапраўднаму кожны з нас можа зразумець, ці верыць ён, толькі ў хвіліну смяротнай небяспекі. У жыцці святой Тэрэзы нам адкрываецца менавіта гэты досвед – несумненнай і найчысцейшай веры перад абліччам болю і смерці.
Да ліку духоўных адкрыццяў маленькай Тэрэзы адносяцца яе стасункі з блізкімі. Быць можа, упершыню ў гісторыі хрысціянства яна загаварыла пра месца сям’і ў духоўным развіцці чалавека, які абраў дарогу манаства. У адрозненне ад мніхаў папярэдніх эпох, Тэрэза не кідае сям’і і, нават пайшоўшы ў замкненне, не парывае сувязяў з сваімі роднымі – з бацькам і сёстрамі.
Больш за тое – яна бліскуча паказвае, што менавіта ў сям'і сфармавалася яе асоба і выпрацаваліся тыя якасці, які дазволілі ёй пазней з гонарам прайсці цяснінаю манаскае дарогі. Тэрэза многа гаворыць пра быт, пра штадзёншчыну, пра сямейны лад і г.д. Сям’я апынаецца малой Царквой не толькі для цывільных, але і для манахаў.
Бясспрэчным адкрыццём Тэрэзы з Ліз'е было і асэнсаванне ўсмешкі, радасці і, магчыма, нават гульні ў святле Евангелля і веры ва Ўваскрэслага. Магчыма, упершыню пасля святога Францыска Тэрэза паказвае, што манах не абавязкова павінен быць суворы. Радасная аскеза, аскеза з усмешкай цалкам магчымая і зусім не супярэчыць духу Евангелля. Тэрэза піша вершы, п’есы, бярэ ўдзел у аматарскіх спектаклях (захаваліся яе фатаграфіі ў ролі Жаны д’Арк).
У наш час біблійнае багаслоўе – заснаванае на інтэрпрэтацыі Святога Пісьма – даўно ўжо стала звыклым. Яле і ў гэтым Тэрэза, якая жыла значна раней за Рамана Гвардзіні і Ксав'е Леён-Дзюфура, апярэдзіла найбуйнейшых багасловаў ХХ стагоддзя. Яна літаральна дыхала біблійнымі тэкстамі і, як кажа Ян Павел ІІ у апублікаваным 19 кастрычніка 1997 году апостальскім пасланні «Divini Amoris Scientia» («Веда Боскае Любові»), «паказала, наколькі важныя біблійныя крыніцы ў духоўным жыцці, і рэльефна падкрэсліла непаўторнасць і свежасць Евангелля». Што асабліва важна, Тэрэза ўмела паказаць, што менавіта з чытання Божага Слова вырастае наша малітва.
Калі Тэрэза гаворыць аб любові, яна ўсяго толькі перакладае на мову свайго часу тое, что пра гэта сказана ў Евангеллі. Аднак яе тэксты, а найперш – само яе жыццё вызначаюцца асабліваю «інтэнсіўнасцю любові». Гэты выраз, упершыню выкарыстаны кардыналам Люстыжэ, як найлепш адлюстроўвае існасць усяго жыцця маленькае кармеліткі.
Тэрэза, якая жыла раней за расійскую рэвалюцыю, у тыя часы, калі эмігрантаў з Расіі ў Францыі яшчэ не было, а праваслаўная літаратура на французскую мовы не перакладалася, наўрад ці ведала, што такое Ісусава малітва. Аднак, калі чытаеш тэкст «Веснавой гісторыі...», не можаш не заўважыць, што сталае выкарыстоўванне імені Езуса і малітоўны настрой Тэрэзы ў цэлым надзіва блізкія малітоўнаму дзеянню, якое апісана ў «Откровенных рассказах странника» і ў іншых аскетычным тэкстах, якія з'явіліся на Русі.
Сучасніца Фрыдрыха Ніцшэ, а таксама ўсталявання атэізму як светагляду, Тэрэза першая з святых (а, магчыма, і першая з хрысціян) назвала атэістаў братамі. «Бог памёр у Сваім Сыне Езусе»,- гэтыя словы запісала Тэрэза ў адным з сваіх сшыткаў. Гэта было менавіта ў тыя гады, калі ніцшэанскае «Бог памёр» зрабілася нейкім новым «сімвалам веры». У эпоху, калі чалавецтва, здавалася б, змірылася з тым, што смерць як fatum прынцыпова непераможная, святая, малітоўна гледзячы на Святое Аблічча, здолела зразумець, што перажыванне ўласнай смерці – гэта праца, без якой вечнае жыццё немагчымае.
У звязку з гэтым нельга не згадаць, што Ўладзімір Салаўёў, які памёр усяго на тры гады пазней за Тэрэзу, у апошнія гадзіны жыцця, як вядома, сказаў “Цяжкая праца Гасподняя”.
Прадмова да кнігі “История одной души” а. Грыгорыя Чысцякова, г. Масква.
