У тую суботнюю раніцу жодзінскія парафіяне радасна ішлі да аўтобуса, які чакаў іх ля касцёла, каб паехаць у Воршу, дзе ў касцёле Святога Юзафа павінна было прайсці набажэнства. У аўтобусе панаваў радасны настрой, было прадчуванне нечага вельмі добрага.
У Воршы вернікаў з Барысава, Мінска, Друі ўжо сустракалі і віталі дыяканы Канстанцін і Вадзім, нягледзячы на тое, што ў рэкалекцыйным доме панавала нейкая мітусня ды да імшы заставалася з дзясятак хвілін. Вельмі ўзрадаваліся жодзінцы, калі на самым ганку ўбачылі знаёмы сілуэт дыякана Канстанціна, ну і пачалося тут : "А ці ж ты не хвалюешся?". Адказ яго быў кароткім і жартаўлівым: "Як перад вяселлем!". Хваляванне гэта перадавалася ўсім парафіянам Жодзіна, бо за той час, што дыякан Канстанцін Анашка служыць у касцёле Фацімскай Божай Маці, ён стаў для іх чалавекам родным: настаўнікам, сябрам, нават сынам… Жанчыны і дзяўчаты неслі кветкі, мужчыны, і гэта добра адчувалася, таксама хваляваліся. Усё гэта было цалкам зразумелым, бо за роднага чалавека заўсёды перажываеш, асабліва ў важныя, адказныя моманты.
Хваляваліся і перад пасвячэннем, і падчас урачыстай імшы яшчэ і таму, што кожны прапускаў тое, што адбывалася, праз сябе, праз сваё сэрца. Наогул, ніводнага раўнадушнага ў касцёле ў той момант не было. Хтосьці казаў: "Хвалююся, быццам мой сын там стаіць!", былі тыя, у каго з твару не сыходзіла радасная ўсмешка, у некаторых у вачах былі слёзы.
Здаецца, Святы Дух сапраўды сышоў на касцёл, тым больш што ў самы кранальны момант набажэнства на вуліцы ярка заззяла сонца. Алтар, упрыгожаны жоўтымі і чырвонымі ружамі, быццам свяціўся, а голас біскупа Алега Буткевіча гучаў неяк па-бацькоўску. "Хлопцы", – не раз паўтараў ён, кажучы пра Вадзіма і Канстанціна. Дарэчы, біскуп, здаецца, хваляваўся не менш за астатніх, бо гэта быў першы раз, калі ён удзяляў святарскія пасвячэнні.
Вельмі цёплай атмасфера была яшчэ і таму, што свята было двайным, бо манаская супольнасць, Касцёл, вернікі, Беларусь папоўніліся двума маладымі, але ўпэўненымі ў сваім выбары святарамі, і радасць была адна на ўсіх, бо прысутныя не падзялялі Вадзіма Мізера і Канстанціна Анашку на “наш” і “не наш”. "Вы для нас узор сяброўства", – сказалі пра гэтых маладых ксяндзоў-сяброў дзяўчаты барысаўскай парафіі. І сапраўды, Вадзім і Канстанцін разам вучыліся ў Люблінскім каталіцкім універсітэце, разам складалі шлюбы, разам прымалі пасвячэнні ў дыяканы, а цяпер вось абодва стаялі тут, ля алтара, удзячныя Богу, што здолелі дайсці да канца на сваім шляху да святарства таксама разам. Шмат менавіта братэрскага і сямейнага было ў гэтай імшы. У тым ліку і кранальныя словы біскупа да бацькоў, і жарт пра тое, што ў гэты дзень яны не толькі аддалі сваіх сыноў для службы людзям і Богу, але ж і атрымалі сабе ў сыны ўсіх айцоў-марыянаў.
Шмат было ў гэты дзень і падзяк. Ад свайго імя і ад імя айца Вадзіма ксёндз Канстанцін дзякаваў тым, хто меў дачыненне да падрыхтоўкі і правядзення цырымоніі, братам-марыянам, усім тым, хто быў разам з імі на гэтым нялёгкім шляху да служэння Богу і Касцёлу. Асабліва трапяткім падаўся момант падзякі бацькам.
Пасля ўрачыстай імшы падзякі працягваліся, але ж цяпер дзякавалі айцам Канстанціну і Вадзіму, якія падарылі так шмат радасці ў гэты сонечны вясновы дзень і якія яшчэ будуць дарыць гэтую радасць кожны дзень, складаючы ахвяру Богу ў парафіях Жодзіна і Барысава.























